— Усё роўна, як i кажа таварыш Міхайлаў, вы шушукаецеся з панамі альбо тыя спажываюць вас...
— Дзякую за такія словы, таварыш шавініст альбо касмапаліт! — злосна падураслівіў Лашковіч.
— Хлопцы, астыньце! — загадаў Фрунзе, бачачы, як абодва палемісты наліваюцца чырванню.— Мы ж разам валілі царызм. А цяпер што — перагрызціся? — Затрымаў позірк на Лашковічу.— Дарэчы, Максім, цяпер, па прыездзе Леніна, нашы адносіны да Часовага ўрада i Петраградскага Савета зменяцца...
— А да нас?
— Цяпер рыхтуецца канферэнцыя РСДРП (б), дык, наколькі я ведаю, на ёй закранецца i нацыянальнае пытанне...
— Адчуйце, таварышы: няможна чэрства адносіцца да нечыіх пачуццяў...— паспакайнеў, міралюбна сказаў Лашковіч.— Мы ж таксама чакалі рэвалюцыі i вялікай увагі, палёгкі ад яе... I нам вельмі балюча бачыць зноў глухату да нашага болю... Ды ладна, давайце шукаць паразумення. Вось да цябе, Арсень, адразу просьба. Па-першае, як да старшыні губеранскага сялянскага камітэта. Мы таксама не хочам быць у баку ад сялянскіх клопатаў, хочам выступіць на іхнім з'ездзе. Па-другое, час ужо, Арсень, не на словах, а на справе адкарасквацца ад царскай спадчыны. Да вайны мы мелі газету, часопісы, тэатр, прыватныя школы на роднай мове. Трэба ўсё гэта, заглушанае царскім урадам, аднавіць. Самойленка, дарэчы, не супраць, каб мы ўжо з мая пачалі выпускаць сваю газету. «Вольную Беларусь». Адным з рэдактараў мае сябры даручаюць быць мне. Дык вось, як тутэйшы міністр унутраных спраў, не замінай, калі ласка...
— Згодзен.
— Дзякую, Арсень,— Лашковіч падняўся, падаў руку Фрунзе.— І ў іншым, калі ласка, будзь болей цярпімы.
— А вы, Максім, будзьце болей абачлівыя,— таксама падняўся, паціснуў руку ў адказ той.— Ідзіце ў народ, а не да паноў.
Калі Лашковіч з сябрукамі выйшаў, вайсковец падхапіўся i нервова захадзіў па кабінеце. То зашпільваў, то расшпільваў шынель.
— Міша, я не разумею цябе...— прамовіў. I досыць непрыязна.— Як часамі не разумеюць цябе i Ландар, Кнорын, Любімаў...
— Патлумач, калі ласка,— спакойна прамовіў Фрунзе, пазіраючы ў акно, за якім убіралася ў сілу вясна.
— Ты завельмі лаяльны, ты шмат дазваляеш мясцовай браціі...
— Па-першае, ты, Алёша, літаратар, то павінен разумець: нацыянальныя пачуцці — вельмі далікатная рэч,— не азіраючыся, прамовіў Фрунзе.— Да ix трэба адносіцца вельмі паважліва. Па-другое, Лашковіч — не толькі экстрэміст, за рэвалюцыйную барацьбу болей дзесяці гадоў пакутаваў на катарзе. А па-трэцяе, ён там, у Сібіры, лячыў мяне ўсякімі зёлкамі i, можна сказаць, паставіў на ногі. Дык ці магу я лупіць яму між вачэй?!
— Ты любіш паэзію, адпаведна, чалавек духоўны, высакародны. Але зразумей: там цябе Лашковіч лячыў, а тут — губіць. Усіх нас. Яны ўжо не забаўляюцца, яны...
— Нацыянальны рух — заўсёды няпростая загвоздка, Алёша...
— Павер, i я ведаю ўсе гэтыя страсці-мардасці...— Той падышоў i запыніўся збоку, зірнуў на мірныя дахі дамоў, наваколле, хораша асвечаныя не зусім цёплым, але ўжо яркім сонцам.— Таму хвалююся: рана-позна яны сур'ёзна стануць нам пасярод шляху...
— Можа, i стануць. Але трэба паводзіцца гібка, Алёша,— прамовіў Фрунзе.— Ды паглядзім, што скажуць на гэты конт ЦК, Ленін на хуткай канферэнцыі. А там, думаю, будзе гібкая палітыка...
— Але ўсё роўна трэба падпілаваць сепаратыстам рогі. Ужо на сялянскім з'ездзе, куды яны гэтак ірвуцца. Было б здорава, каб з'езд даў ім па носе...
— Трэба падумаць i пра гэта, Алёша,— сказаў Фрунзе.— Але не будзем замінаць ім адраджаць свой тэатр, друк, прыватныя школы. Іначай шмат страцім. I ў вачах інтэлігентаў, i ў вачах простата люду,— Павярнуўся, паклаў руку на плячук.— Ладна, хопіць пра тое, што не варта i перабольшваць. Давай пагаворым пра сваё. Адчуваеш, чаго я цябе сёння паклікаў?
— Даць заўвагу...
— Ну Мяснікоў! Ну характар! — матлянуў галавою Фрунзе.— Заўвагі ёсць заўвагі. Ix трэба i ўмець даваць, i ўмець выслухоўваць... Карацей, пакідай правінцыю i перабірайся ў Мінск.
— Што — заўважылі, ацанілі нарэшце? — памякчэў Мяснікоў.
— Па-першае, тут больш дзяўчат,— пажартаваў Фрунзе,— дык, можа, якая мінская красуня i спыніць тваё халасцяцкае казацтва. Па-другое, час ужо даць табе сур'ёзную работу. Я цяпер ваўсю рыхтую сялянскі з'езд, іншыя пачынаюць ваўсю дбаць пра франтавы. Ты будзеш разам з Алібегавым, Фаміным, Кнорыным, Пярно i Любімавым клапаціцца пра наш Мінскі камітэт РСДРП (б)...
— Значыць, ужо разыходзімся з меншавікамі i бундаўцамі, выходзім з «аб'яднанкі»?
— Ужо. Так хоча Ленін.
Читать дальше