I пакінуўшая было мяне атамная горыч зноў вярнулася. Я адчуў яе зноў на вуснах у музеі мастацтваў у Філадэльфіі, дзе, здавалася б, усё павінна быць наадварот. Пікасо, Ван Гог, Шагал і многія-многія іншыя творцы цудоўнага павінны былі настройваць на добрае, мешаніна стыляў і эпох, вякоў і пакаленняў падказвалі думку не аб пераемнасці і вечнасці, не аб перамозе жыцця, а аб яго тленнасці і крохкасці. Пачуццё небяспекі, трывогі падспудна выспявала ўва мне, калі я глядзеў гэтак супакойваючых раней імпрэсіяністаў, якіх я таксама не разумею, проста люблю, быць можа, як апошніх рамантыкаў на гэтай шматгрэшнай зямлі, якія ўказваюць нам сваім неўтаймоўным пэндзлем, куды і да чаго мы павінны імкнуцца, папярэджваюць нас сваёй нязбытнай і нястомнай любоўю да жыцця ад замаху на саміх сябе. Гэты замах абрынуўся, угледзеўся ў мяне з усёй бязлітасцю, на якую толькі здатны рэалізм, бясстраснае вочка фотаапарата.
У зале, дзе размешчаны былі фатаграфіі, што расказвалі пераважна пра Нагасакі, я ўпрытык наблізіўся да аблічча зямной бяды і няшчасця. Яно, аблічча гэтае, паўстала перада мною ў вобліку пажылой жанчыны-японкі, на першы погляд, спакойнай і пазбаўленай эмоцый, таму што твару ў яе не было. Падабенства, яго маска, назаўсёды прывараная да твару атамным выбухам сорак гадоў назад. Я адхіснуўся ад яе. Але наступная фатаграфія, куды, шукаючы паратунку, кінуўся мой погляд, была яшчэ страшнейшая, хоць яна апавяшчала мне аб самым радасным на зямлі. Аб нараджэнні, аб з'яўленні на свет новай жывой істоты. Ды істота гэтая была сапраўды пачварная, нараджаўся не чалавек і не звер, а тое, чаму яшчэ, напэўна, няма назвы, няйначай, сам, што прайшоў праз атамнае гарніла, дваццаць першы век, трэцяе тысячагоддзе. Яно яшчэ было звязана з маці-чалавекам пупавінай, але само ўжо не было чалавекам. Гэта быў прышэлец, прадвеснік і суддзя. I скаваны жахам, я не мог адвесці ад яго вачэй. Дзеўчынёха-амерыканка, прабягаючы міма, прыпынілася ля мяне, прасачыла за маім паглядам і засмяялася, пырснула смехам у далоньку так знаёма, па-вясковаму, па-беларуску, што я здрыгануўся. Няшчасная, яна палічыла, напэўна, мяне якім-небудзь сексуальным маньякам. А я ж бачыў цяпер на фатаграфіі яе, гэтую дзеўчынёху з Філадэльфіі і з роднага майго Палесся, з тых жа Хойнікаў, дзеўчынёху, якой яшчэ наканавана раджаць.
I пакінуўшыя было мяне ў мітульзе аанаўскіх дзён пахі абрынуліся з новай сілай. Я не мог больш глядзець і ўціхамірвацца шэдэўрамі сусветнага мастацтва, сабранымі з усяго свету ў залах філадэльфійскага музея мастацтва. Цудоўнае больш не ўспрымалася мною. Хоць усё ж ля паасобных карцін, сам таго не ўсведамляючы, я зведваў часам пачуццё якогасьці адпачынку, фарбы супакойвалі, нават накіданыя ў неверагоднай мешаніне, быццам ужо ў агоніі, абстракцыяністамі. Пачуццё трывогі выклікалі рэчы, прадметы быту, таксама ў мностве выстаўленыя ў залах музея. Рэчы людзей, якія даўным-даўно пакінулі гэты свет. Пры ўсім іх часам лоску на іх, здавалася, ляжыць адзнака бездагляднасці, стоеная журба тых, каму яны ў свой час належалі. Можа, яны хацелі штосьці перадаць, сказаць недагаворанае на гэтым свеце іх гаспадарамі, папярэдзіць. Можа быць. Я не мог больш цярпець іх нямога крыку, а часам крыклівай пышнасці. Ці не гэтая пышнасць, пагоня за ёю і загналі нас у кут, прынялі і паставілі на край бездані.
Іардан Радзічкаў, балгарскі пісьменнік-публіцыст, выступаючы ў «Литературной газете», пісаў, што пісьменнікі і журналісты нагадваюць яму дзяцей, што сядзяць наперадзе паравоза, які імчыцца поўным ходам. Перад паравозам — бездань, дзеці бачаць гэтую бездань і крычаць. Гэты крык, якога не чуе свет, нарастаў і ўва мне. I вось толькі цяпер абарваўся, заціх перад уваходам у музей Радэна. Вавёрка і галка, звер і птушка, на захадзе сонца, у апошніх, што ўжо не грэюць зямлю, праменях яго ў дзіўным і ніколі не бачаным мною яднанні, схаваўшыся ў цені радэнаўскага «Мысліцеля», пілі ваду. Птушка — па-сялянску, як жнейкі ў спякоту сярод іржышча, задзіраючы галаву і смакуючы кожны глыток, быццам палошчучы горла і радуючыся кожнай кроплі ратавальнай вільгаці, нібы гэта не вада, а жыватворны нектар: вавёрачка — арыстакратычна, спешчана, хлебчучы хуткім і вёрткім ружовым пялёсткам языка. I негр, служыцель музея, з аднаго боку, і я — з другога стаялі, застыўшы ў нерухомасці, баючыся парушыць іх яднанне і баляванне. I ўсё бачанае мною, сфатаграфаванае вокам, але прайшоўшае міма свядомасці, ажыло, зноў раскрылася, набыло не толькі колер і форму, але і гук, мову.
Читать дальше