На хвіліну замоўк, а пасля дастаў з кішэні блакноцік, разгарнуў яго. Мусіць, каб зазіраць туды.
— Пра крызіс, заняпад БНР яшчэ скажа Таварыга Жылуновіч, які мае пра яе шмат звестак,— прадоўжыў.— Я хачу больш сказаць пра іншыя сілы, на якія мы павінны цяпер зірнуць пільна і шукаць з імі цяснейшых варункаў. Як усе ведаеце, з ад'ездам органаў Савецкай улады ў Смаленск, у краі, у Мінску прыйшлося, можна сказаць, нанова ладзіць сетку бальшавіцкіх суполак, прыстасоўвацца да новай сітуацыі. Як мы трохі ведаем, ужо ў лютым у Мінску ўзнік падпольны бальшавіцкі камітэт. З-за канспірацыі мы не знаем, хто кіруе ім, хто яго баявыя сілы, хто іменна з беларускіх дзеячаў памагае яму. Другі значны падпольны бальшавіцкі цэнтр, як па ўсім відаць, у Гомелі, ёсць, канечне, партыйныя камітэты ў такіх вядомых гарадах, як Магілёў, Бабруйск, Барысаў, партыйныя ячэйкі — у многіх і многіх вёсках. Як знак пратэсту супраць акупацыі, працоўнай салідарнасці, вернасці Савецкай уладзе — сёлетняя першамайская дэманстрацыя ў Мінску, дзе брала ўдзел болей тысячы чалавек і якую акупанты разагналі гвалтам. У жніўні, як цяпер мы ведаем, у Смаленску адбылася канферэнцыя 300 бальшавіцкіх суполак, на ёй быў абраны цэнтр — Краявы камітэт камуністычнай арганізацыі акупаваных зямель Беларусі і Літвы. Па ўсім адчуваецца, у падпольных арганізацыях Мінска і па-за ім цяпер даволі шматлюдна[ 15 15 Там было болей 4400 чалавек.
] У верасні, як нам нядаўна сказалі, каб лепш кіраваць рухам супраць акупантаў, ЦК РКП (б) параіў мець Цэнтральнае Бюро камуністычных арганізацыі! акупаваных зямель. Нядаўна, улад ў гэтым месяцы, як мы прачулі, ужо тут, у Маскве, адбылася Першая канферэнцыя камуністычных суполак акупаваных зямель, якой кіраваў сакратар ЦК, старшыня ВЦВК таварыш Свярдлоў. У акупаваную Беларусь пасланы сталыя людзі, літаратура, грошы.
Хрэнаў загарнуў блакноцік, падняў галаву.
— Як я і сам бачыў, партыйная работа ў акупаванай Беларусі мае некалькі нюансаў,— прамовіў далей.— Па-першае, там вялікая ўвага бальшавікоў да сялянства, дзеля чаго работа ў вёсках вядзецца і на беларускай мове, сялян просяць не даваць хлеб, мяса, фураж немцам, пакідаць для Савецкай улады. Я паказваў нашым таварышам адну з лістовак, дзе Паўночна-Заходні камітэт РКП (б) нават дакляруе за гэта даць сялянам плугі, бароны, малатарні, чаго нібы поўна на смаленскіх складах. Я не ведаю, як омеленцы будуць стрымліваць слова, але цяпер такія абяцанкі маюць на сялян уражанне. Па-другое, бальшавікам у гарадах прыходзіцца сутыкацца з Бундам, Паалей-цыёнам, меншавікамі. Па-трэцяе, рэзкі канфлікт з БНР і суполкамі, што каля яе труцца. Па-чацвёртае, многія тамтутэйшыя бальшавікі ўлічваюць зрухі, што адбыліся ў нацыянальнай свядомасці працоўных Беларусі з часу Кастрычніцкай рэвалюцыі. Пагэтаму не зусім выпадкова падпольны цэнтр называецца імем Беларусі і Літвы, хоць на нацыянальнае пытанне там няма аднаго погляду, той-сёй лічыць самавызначэнне народаў «мелкобуржуазным лозунгом». У цэлым бальшавікам прыходзіцца быць у падполлі, як у той час многія іншыя партыі працуюць легальна, выдаюць свае газеты. Таму, бывае, бальшавікі спрабуюць шукаць з тымі супрацоўніцтва.
Шырокі партызанскі рух. Я, на жаль, не маю лічбаў, але пра многія вядомыя народныя бунты, партызанскія акцыі пісала «Дзянніца», і вы, думаю, уяўляеце, што робіцца на радзіме. Акупанты проста шалеюць ад непакоры нашых людзей. Помніце, «Дзянніца» за 21 ліпеня пісала, як у Рэчыцкім павеце акупанты спалілі вёску Руднае толькі за тое, што сяляне збілі іхняга лесніка-халуя. Многія вёскі, як, скалкам, з Дрысенскага павета па агульным сходзе рашылі прасіць ваенныя ўлады РСФСР, каб тыя «вызвалілі іх ад дэспатычнага нямецкага іга». У Бабруйскім павеце ўвогуле быў ці яшчэ ёсць незвычайны выпадак: партызаны і насельнікі вызвалілі цэлую зону і аб'явілі сваю рэспубліку са сталіцай у Рудабелцы.
Савецкі ўрад, як усе мы бачым, не кінуў наш народ на гвалт і здзек, сочыць за ўсімі падзеямі, выплачвае вялікія грошы за тое, што немцы пакрыху вызваляюць нашы землі, пратэстуе супраць насілля нямецкай ваеншчыны, пра яго расказваюць «Правда», «Известия» і іншыя газеты. Паўнамоцны прадстаўнік РСФСР у Берліне толькі за кастрычнік тройчы, 5, 23 і 29, уручаў ноты ў Берліне пра рабаўніцтва нямецкімі войскамі на акупаваных землях, у тым ліку і беларускіх, перад тым як адысці згодна Дадатковаму пагадненню. Урад РСФСР мусіў затрымаць трэці ўзнос, які, па Дадатковым пагадненні, ён плаціў Германіі за тое, што тыя адводзяць свае войскі на захад. З усяго гэтага, таварышы, вынікае, што беларускі народ цяпер можа выратаваць ад няволі, пакут і гвалтоўнай галоднай смерці толькі Савецкая Расія, Чырвоная Армія. Нашы браты там, у акупацыі, а мы тут павінны ўсімі, сіламі спрыяць гэтай пачэснай місіі, як ніколі салідаравацца з вялікім рускім народам, з нашымі суседзямі ўкраінцамі і прыбалтамі, якія таксама чакаюць вызвалення.
Читать дальше