Убачыўшы яго, многія замахалі рукамі: хадзі да нас! Раней, пры Часовым урадзе, многія з іх займалі высокія пасады і не хацелі бачыць ды чуць яго і ягоную Вялікую Беларускую раду, а цяпер, калі ён і яго калегі на паверхні, бач, запаважалі, нават некаторыя з іх пачынаюць вучыцца гаварыць па-беларуску. І трэба сказаць, даволі ўдала.
Запыніўся, сеў. Каля саноўнага Вашнтэйна, які акрыяў пасля таго, як нямецкія ўлады прызналі паўнамоцтва Гарадской думы і асабліва не заміналі ёй засядаць, вяшчаць і весці гаспадарку.
— Дзе гэта вашы калегі? — усміхнуўся, але не зусім зычліва той.— Ці не сабраліся на новую нараду?
— Не ведаю,— паціснуў ён плячыма.— Мяне ніхто нікуды не запрашаў.
— А гэта праўда, што фракцыя Грамады рашыла дабівацца незалежнасці і парываць з Расіяй? — запытаў сусед Ванштэйна, Белкінд.
— Я не магу раскрываць тайны сваёй партыі, як і не дамагаюся такога ад вас,— ухілліва адказаў Лашкевіч.
Чуючы такую гаману, пачалі падымацца ў залі і падыходзіць да іх і іншыя.
— Якая ж гэта тайна, калі мы ўсе неўзабаве ўведаем? — заагрэсіўнічаў Белкінд.— А па-другое, чаму я, член Народнага сакратарыята, не ведаю, з чым ён будзе выходіць на пленум?
— Я не член Народнага сакратарыята, дык не магу адказваць за яго.
— Гэта ўсё падобна на гульню з намі! — пакрыўдзіўся Ванштэйн.— Вы, як мы адчуваем, найперш ведзіцё сваю лінію і хочаце ці паставіць нас перад дэ-факта, ці зрабіць з нас паслухмяных памагатых. Гэта не па-таварысцку, не па-саюзніцку, пан Лашкевіч. Калі будзе парушацца наша дамова па платформе ўтварэння БНР, мы будзем пратэставаць альбо...— Развёў рукамі.— Альбо будзе канец усяму. Вы цяпер удала перахапілі першынства, але вы без нас не станеце на ногі!
— Давайце пачакаем пленума, не будзем спяшацца спрачацца да яго...— Усміхнуўся Лашкевіч, не могучы прызнацца пра ўсё і не жадаючы без пары і часу палемізаваць з тымі, хто стаў прыяцелямі па разліку.
5.
Сесія Рады БНР пачалася, як і задумвалі, у восем гадзін вечара.
І сцэна, дзе стаяла некалькі накрытых зялёным аксамітам сталоў, і Заля былі ўрачыстыя. Сцэне надавалі шыкоўнасць вазачкі на стале з хваёвымі галінкамі, рознакаляровымі кветкамі і невядома адкуль узятымі жывымі чырвонымі гваздзікамі, а таксама вялікі герб «Пагоні» на бел-чырвона-белым палотнішчы, а залю ўпрыгожвала вялікае яркае электрычнае люстра, зіхоткія чырвоныя крэслы, а таксама абсвечаныя на сценах жоўтыя падсвечнікі з вялікімі парафінавымі свечкамі — на той выпадак, калі раптам патухне святло.
Вось з-за шырмы на сцэну выйшаў у сваім звыклым зялёным мундзіры, у хромавых ботах Аўторак — пачынаць сесію ад імя прэзідыума Рады БНР.
Ён стаў пасярод сталоў, пацёр суцэльна лысую, бліскучую ад святла галаву і вытрымаў належную паўзу. Усе запляскалі. І вітаючы аднаго з цяперашніх лідэраў Рады БНР, і вітаючы пачатак сесіі, на якую ўрэшце здолелі сабрацца разам усе розныя тутэйшыя палітычныя сілы.
— Дазвольце сесію Рады БНР лічыць адкрытай,— прамовіў і пільна зірнуў у залю, дзе была пераважная большасць членаў Рады.
Воплескі.
— Хоць вашы апладысменты можна лічыць за ўхваленне пачатку нашай работы, але давайце ўсё ж замацуем паша паўнамоцтва галасаваннем,— сказаў непарушна Аўторак.— Хто за тое, каб адкрыць сесію Рады БНР, прашу галасаваць.
Ён першы падняў руку, за ім ускінулі рукі і ў залі.
— Аднагалосна,— усцешыўся.— Дзякую. Цяпер дазвольце ад імя ветэранаў рэвалюцыйнага руху шчыра павіншаваць вас з абраннем у склад Рады БНР, паспадзявацца на ваш належны ўдзел у яе дзейнасці і пажадаць нашай сесіі плённай работы! — А калі яго перапынілі воплескі, памаўчаў, а пасля павёў сваё далей: — Для работы пашай сесіі трэба выбраць рабочы прэзідыум. Ёсць думка нашых старэйшын у прэзідыум абраць прэзідыум Рады БНР, спадара Злобіна — народнага сакратара велікарускіх спраў Народнага сакратарыята Беларусі, таварыша старшыні земскай управы Мінскага губеранскага земства, сацыяліста-рэвалюцыянера, спадара Макрэева — народнага сакратара ўнутраных спраў, сацыяліста-рэвалюцыянера, украінца, спадара Ванштэйна — старшыню Мінскай гарадской думы, члена ЦК Бунда, спадароў Пайкеса і Шуйскага — лідэраў тутэйшых расійскіх партый, спадароў Ланкійскіх — ветэранаў грамадоўскага руху, спадара Гутмана — народнага сакратара без партфеля, паалейцыяніста, а таксама спадароў Костаса і Абадзінскага — літоўскага і польскага дэмакратаў...
Усе зноў запляскалі. Усім пакуль што было даспадобы, што пакуль што ўсё ідзе ва ўсіхных інтарэсах. А затым і прагаласавалі за ўсіх адзінадушна.
Читать дальше