— Зможам! — выгукнуў з прэзідыума Лашкевіч,— Не такія мы беднякі, як нас агаворваюць!
— А цяпер вы без капейкі ў кішэні станеце на ногі?
— Станем, бо нам паможа Украіна.
— Далей,— сказаў Ванштэйн.— Вы ап'янелі, сябры: упарта гняце сваю лінію, не слухаеце, а спрачаецеся з намі, гатовы паставіць пытанне на галасаванне. Але я завастраю ўвагу: на сесіі няма многіх дэлегатаў ад правінцыйных гарадскіх і земскіх самакіраванняў, таму з 71 месца механічна большасць за вамі. Я як старшыня Мінскай гарадской думы і член ЦК Бунда раю: давайце, сябры, не будзем сёння прымаць ніякага рашэння, палічым нашу сесію за дыскусійную нараду.
Меншая палова заўзята запляскала, большая — стрымалася.
— Спадары, прамовіла ўжо дваццаць шэсць чалавек,— падняўся Аўторак, які ўзяў руль у свае рукі.— Ёсць яшчэ ахвотнікі?
— Хопіць!— пачулася адразу некалькі выкрыкаў.— Світае вунь ужо!
У гэты час Лашковіч, які перайшоў у залю, адцягнуў на акне штору — сюды хлынула ранішняе святло. Пяшчотнае па-сакавіцку, зыркае ад маладога сонца.
— Будзем галасаваць,— непарушна і пасля бяссоннай ночы сказаў Аўторак.— Ёсць дзве прапановы. Першая: аб'явіць незалежную БНР і лічыць разарванымі ўсе адносіны з Расіяй. Другая: разглядаць Беларусь як будучую аўтанамічную частку Расійскай Федэрацыі. Хто за першую прапанову?
Пераважная большасць.
— Хто ўстрымаўся?
Усяго некалькі чалавек.
— Ну, што ж, няма патрэбы галасаваць за другую прапанову,— дазволіў сабе ўсміхнуцца Аўторак.— Я віншую вас ўсіх, спадары, з актам, які толькі што адбыўся! Ёсць упершыню за гісторыю незалежная Беларусь! Дзяржава!
Прыхільнікі гэтага горача запляскалі.
У прэзідыуме падхапіўся Злобін:
— В знак протеста против этого «исторического» акта мы покидаем пленум!
— П мы! — падскочыў услед за ім яшчэ хтосьці.
І сапраўды, яны, земцы, спешна выйшлі з залі.
— Баба з воза — каню лягчэй,— усміхнуўся Аўторак, і яго словы пакрыліся воплескамі.
— Няма чаго радавацца, сябры. Гэта — наш раскол і правал усёй справы,— падаў голас Ванштэйн, сышоў з прэзідыума, але падаўся не на выхад, а ў залю. За ім услед падаліся Пайкес і Шумелі.
— Мы зараз, пан Ванштэйн, пачнём фарміраваць наш урад,— спакойна адказаў яму Аўторак.— Можа, вы згодны ўвайсці ў яго?
— Не-не,— замахаў той рукамі.— Пасля ўсяго таго, што адбылося, я не магу пайсці на такі крок.
— Ясна,— ухмыльнуўся Аўторак.— Саюзнікі нашы аказаліся ненадзейныя. Нам зноў прыйдзецца адным дабівацца беларускай дзяржаўнасці.— І да ўсіх: — Мы, спадары, прадбачвалі, што не сустрэнем помачы сярод тых, хто прымкнуў да нас не з-за салідарнасці, а толькі па разліку, хто па-ранейшаму альбо не разумее, альбо разумее ды не хоча падсобіць беларускай адраджэнскай ідэі. Адным словам, мы хочам прапанаваць вашай увазе структуру і спіс урада БНР, дзе няма ні аднаго прадстаўніка пануючага класа і дзе выключна адны сацыялісты. Але ці будзе вашая згода на такі акт?
— Ёсць! — выгукнуў з залі Лашковіч.
— Дзякую,— нахіліў галаву Аўторак.— Давайце прагаласуем. Хто за тое, каб з нашага складу ўтварыць урад БНР.
Амаль усе паднялі рукі. Апрача Ванштэйна ды яшчэ трох чалавек-праціўнікаў, якія затрымаліся.
— Дзякую,— нібы ўсміхнуўся, нібы павесялеў Аўторак.— Савет старэйшын раіць наступную структуру нашага ўрада: прэзідэнт Рады БНР, старшыня і народны сакратар замежных спраў, народны сакратар скарбу, народны сакратар асветы, народны сакратар кантролю, народны сакратар вайсковых спраў і маскоўскі консул. Згодны?
— Згодны,— зноў першы падаў голас Лашкевіч.
Прагаласавалі. Тое ж: усе — «за», акрамя Ванштэйна і яго аднадумцаў.
— Ва ўрад БНР персанальна прапануюцца: Васілевіч, Заходка, Пячэрскі, Жытнік, Еўзікаў, Шуляк, Бурбіс, ваш ягамосць Аўторак. Ёсць пярэчанні, іншыя прапановы?
— Не.
— Няма.
— Трэба абмеркаваць кожную кандыдатуру,— сказаў Аўторак.
Пачаў чытаць прозвішчы па аднаму — самаадводаў і адводаў не было. Пасля прагаласавалі. За кожнага паасобку. Усе названыя прайшлі ва ўрад БНР.
— Па праве старшынствуючага віншую ўсіх з першым у гісторыі народа сваім урадам! — зусім памякчэў Аўторак.— Па праве члена гэтага ўрада і ад імя калег шчыра дзякую ўсім за давер. Яго мы пастараемся апраўдаць спаўна, не пашкадаваць нават свайго жыцця для ажыццяўлення нашых спрадвечных мар і надзей. Думаю, вы дазволіце нам самім размеркаваць абавязкі ва ўрадзе з улікам здольнасцей і вопыту кожнага. Згодны?
— Згодны.
Читать дальше