Затахкала сэрца. Утуліў галаву, пакрочыў па пачышчаным i пасыпаным пяском ходніку далей; калі неўзабаве павярнуў на іншую вуліцу, дзе ўжо стаяла нямала двухпавярховых камяніц, зноў азірнуўся: цывільны сапраўды ішоў за ім. Васілевіч яшчэ трохі пратэпаў, а пасля, калі наблізіўся да невысокай тоўстай тумбы з аб'явамі на нямецкай i рускай мовах, запыніўся — прыкінуўся, што мае вялікі інтарэс да гэтых папер.
Як пачуў па кроках, мужчына неўзабаве падышоў, таксама запыніўся каля тумбы. Леваруч, збоку. Здаецца, дыхаў няроўна, з хваляваннем.
— Выбачайце,— прамовіў. Па-беларуску.— Вы — Сымон Васілевіч?
— Я,— насцярожана адказаў ён, перавёў позірк на нечаканага спадарожнага. Малады, гадоў дваццаці трох, з кірпатым носам, з шэра-зеленаватымі вачыма. Нібы знаёмы. Недзе зусім нядаўна сустракаліся.
— Я — ад Чарвякова i Жылуновіча — Цішкі Гартнага...— сказаў той.— Мне трэба з вамі пагаварыць.
Ага, цяпер ясна. Значыць, ён — адзін з тых беларусаў, каго лёс закінуў у Петраград i хто не знік у людскім моры, гуртуецца з землякамі i бярэ ўдзел у беларускім руху. Калі сябруе з Чарвяковым i Жылуновічам, дык альбо бальшавік, альбо левы грамадовец. Значыць, летась, у снежні, быў на Усебеларускім з'ездзе, дык вось i бачыліся там, кінуліся адзін аднаму ў вочы. Пачакай-пачакай. Ці то Усціловіч, ці то Лагун. I адзін, i другі — пасланцы ад рабочых, левыя, разам з Чарвяковым i Жылуновічам нападалі на ix, мінскіх грамадоўцаў.
— Я прыехаў сюды легальна, але вось цяпер, калі тут немцы, мушу падпольнічаць.
— Вы...
— Для вас я — Язэп...
Васілевіч. Ясна. Пагаворым тут ці зойдзем куды ў зацішнейшае месца?
Я з э п. Давайце перакінемся словам-другім тут з вамі, а пасля вы заведзіцё мяне да Лашковіча.
В а с i л е в i ч. А вы ведаеце, што я пасля разгону нашага кангрэса супрацоўнічаў з Савецкай уладай, a Лашковіч быў у падполлі, кажуць, перамаўляўся з Доўбар-Мусніцкім, каб разам змагацца супраць Мяснікова, Калмановіча, Ландара — карацей, супраць бальшавікоў?
Я з э п. Чулі. Нават i пра тое, што Лашковіч разам з іншымі сваімі калегамі быў зняволены.
В а с і л е в і ч. Што ж, я — тут, як кажуць, да вашых паслуг. Праўда, я цяпер адзінокі. Як дзік-бадзяга.
Я з э п. Чарвякоў i Жылуновіч прадбачвалі, што вы можаце апынуцца ў такой сітуацыі...
В а с i л е в i ч. То слухаю вас.
Я з э п. Яны шчыра, сардэчна просяць: калі ласка, не хаўрусуйце з немцамі, не дайце запляміць ні сябе, ні беларускі pyx.
В а с і л е в і ч. Аоабіста я не маю ніякай ахвоты нюхацца з чужынцам-акупаптам.
Я з э п. A Лашковіч? Баравік? Аўторак альбо Еўзікаў? Адным словам, падпольны Савет Усебеларускага з'езда? Народны сакратарыят?
В а с і л е в і ч (уздыхнуў). Не ведаю. Апошнія два месяцы мы не толькі не перамаўляліся, але нават i не бачыліся. Але па маніфесце, што яны цяпер абнародавалі, не відаць, каб імкнуліся да хаўрусніцтва.
Я з э п. Але i не відаць, каб заклікалі змагацца супраць акупанта. Ваўсю дакараюць, абвінавачваюць не толькі Саўнарком Заходняй вобласці, але i Савецкую ўладу ўвогуле. А што гэта значыць? Яшчэ крок-другі — i ў абдымках з кайзерам!
В а с і л е в і ч (памаўчаўшы). Не ведаю. Але пакуль што немцы лаяльныя да Народнага сакратарыята.
Я з э п. Пакуль што...
В а с i л е в i ч. Дык давайце пашукаем Лашковіча, пагаварыце з ім. Можа, ён вам болей чаго яснага скажа.
Я з э п. Добра. Вы, калі ласка, ідзіце першы, я пайду за вамі. Крокаў за пяцьдзесят.
Васілевіч паазіраўся: ззаду кльшае дзядок з кійком, спераду крочыць сюды маладая пара — i больш нідзе нікога на гэтай далекаватай ад цэнтра вуліцы.
Рушыў.
Толькі цяпер адчуў: холадна. Пастаяў не шмат, нібы грэўся пад вясёлым сонцам, ажно не, цяпло яшчэ скупое, а мароз моцны, дык прабрала за плечы. Ды паліто старое, выцертае i зверху, i спадыспаду, то мала грэе. Каб іншым разам, дык зараз хуценька пашнураваў бы, але цяпер ішоў стрымана, каб не адстаў, не страціў яго з вачэй неспадзяваны госць.
Увачавідкі спадала, апускалася, а заадно слабела сонца, згортвалася, знікала яснасць, цёплая ласка, паволі запаўняла гарадское наваколле перадвечаровая шэрань, а з ёю дужэў, зласнеў холад, каля высокіх неасвечаных сцен прытойваўся, укладваўся нанач стылы прыцемак.
Калі наблізіўся да шумнаватай Захараўскай вуліцы, дык напружыўся: насустрач ішоў нямецкі патруль. Высокі афіцэр i два салдаты з вінтоўкамі i цьмянымі цесакамі. Яго пільна абгледзелі, але не зачапілі. Як неўзабаве i Язэпа. Здаецца, немцы непрыкметна, без лішняга галасу, але пастойліва i чэпка бяруць усё ў Мінску ў свае рукі, устаноўліваюць свой знешне спакойны, а на справе жалезны лад.
Читать дальше