Затым, калі замацавалі саюз звонам фужэраў, трошкі падсілкаваліся, прамовы пасыпаліся адна за адною: скажа слова гаспадар, тут жа ўстане хто-небудзь i з гасцей, шчодра дадасць красамоўства да таго, што ўжо гаварылі. Найбольш немцы таўклі ў ступе пра сваю міласць i паважлівасць, а таксама хвалілі беларускую кухню, ca смакам уплятаючы салату, парэзаныя скрылі кіслай капусты, аблітыя смятанаю салёныя грыбы, сухую кілбасу, паляндвіцу, бліны з мачанкаю, дзе былі яшчэ катлеты i рабрынкі. I самагонку цягнулі прагавіта, крэкчучы ад задавальнення ды ад таго, як яна агнём пячэ ў горле ды ў жываце.
Недзе а палове дзесятай асалавелы, набрынялы чырванню генерал Фінкельштэйн падняўся з поўнай, як кажуць, аглаблёвай чаркай. Злёгку патыцкаў па вуснах белаю хустачкай i падрыхтаваўся гаварыць. Значыць, хоча падзякаваць i збірацца ўжо на сваю кватэру.
— Бэстэн Данк, майнэ Гэррэн, фюр дэн гэрцліхэн Эмпфанг! — прамовіў ён.— Данке, данке шон! [ 11 11 Дзякуем, панове, за цёплы прыём! Дзякуй, вялікі дзякуй!
]
— Біттэ! Кайнэ Урзахэ! [ 12 12 Калі ласка! Няма за што!
] — падхапіўся таксама пачырванелы Скураны. Услед за ім усталі i ўсе астатнія.
Генерал яшчэ раз падзякаваў ім усім кіўком галавы, а пасля крактануў i дадаў:
— Мы не супраць i яшчэ доўжыць наш цудоўны баль, але мусім пакінуць гэты гасцінны будынак сапраўды з сімвалічнаю назвай...— Зірнуў на гадзіннік.— Праз трыццаць хвілін, панове, наступіць каменданцкі час i ўсіх, хто запозніцца, затрымаюць i прывядуць у арыштанцкую...
Скураны i іншыя гаспадары, як кажуць, ледзь не праглынулі языкі: што — ахоўваць лад у горадзе будзе не беларуская камендатура? Немцы не раяцца, а самачынна робяць усё, што ім хочацца?
— Выбачайце, панове,— убачыўшы іхнюю разгубленасць, сказаў Фінкельштэйн.— Ваеннае становішча змушае нас падбаць пра бяспеку нашага войска...— Усміхнуўся, але i ў той жа час пiльна ўсіх агледзеў, нядобра прыплюшчыў блакітныя, цяпер, пры святле, бясколерныя вочы.
Пасля, калі выйшлі на марозны двор, да асветлепага вайсковымі нямецкімі ліхтарамі легкавіка, генерал — ужо ў шынялі, фуражцы, у пальчатках — улучыў хвіліну, узяў за гузік паліто сцішэлага Лашковіча, адвёў убок.
— Мне сказалі, што вы блізкія да вашага Народнага сакратарыята,— прамовіў.— Вы, паважаныя, сёння зрабілі ажно тры памылкі. Першае: не прыйшлі сустракаць нас. Другое: паспяшаліся абнародаваць Маніфест пра свой урад без нашай згоды i без згоды Берліна. I трэцяе: вы не вывесілі ў горадзе ніводнага нашага сцяга...
Строга паківаў перад носам пальцам, нібы гаспадар парабку, падыхаў гарэлкаю, а потым, быццам не бачачы, што ўражаны Лашковіч хоча тое-сёе патлумачыць, а то i запытаць, вярнуўся з усмешкаю да аўтамабіля.
Неўзабаве, калі немцы раз'ехаліся на машынах, што рэквізаваў для сваіх патрэб Еўзікаў, да прыгнечанага Лашковіча падышоў Скураны i цікаўна запытаў паўшэптам:
— Э-э, што ён табе сказаў?
— Каб мы цяпер меней плялі інтрыгі, меней клапаціліся толькі пра сябе, а болей дбалі пра наша святое...— рэзка адказаў той. Пстрыкнуў па носе старому хітруну, які вельмі ж увіваўся каля нямецкага генерала, разы са тры мімаходзь, а то i адкрыта гундзеў таму, што бальшавікі адабралі ў яго жыллё i маёмасць, давялі да галечы, а пра тое, пра што трэба было гаварыць найбольш, нібы забыўся.
4.
Назаўтра да Васілевіча зноў завітаў узбуджаны Скураны.
Цяпер, як i раней, у лепшыя свае часы, той выглядаў адмыслова, па-панску. У шыкоўным паліто з рыжым бабровым каўняром, такога ж колеру папасе, з белым шалікам i з чорным кіёчкам. Вяльможны, ганарысты. Ужо ні кроплі не падобны на таго, якім быў яшчэ ўчора-пазаўчора,— разгублепы, нават паніклы, апушчаны.
Скураны спакойна i санавіта зайшоў у былы свой кабінет з бібліятэкай, звысоку i з выклікам зірнуў на яго (а ён сядзеў за пісьмовым сталом i пісаў артыкул), буркнуў:
— Ну, здароў, таварышок...
Не столькі павітаўоя, колькі пакпіў. I далей:
— Глядзі ты, які выслужлівы савецкі чыноўнік! Гаспадары збеглі, кінулі-рынулі ўсё, а ён пільнуе імі нарабаванае...
Васілевіч адказаў на такое непачцівае прывітанне, але ў гамонку не кінуўся — Скураны, бачачы гэта, неяк адразу астудзіўся, паволі сцягнуў папаху, паклаў верхам на стол, укінуў у яе чорныя скураныя пальчаткі, расшпіліў паліто i патупаў кароценькімі ножкамі ўздоўж кніжных шаф, учэпіста ўзіраючыся ў роўненька пастаўленыя кнігі розных памераў i колераў.
— Усё, э-э, на месцы? — нібы пажартаваў, а на самай справе кальнуў, нібы шылам.— Не папасвіўся?
Читать дальше