— Ну, як? — калі прачытаў, Баравік падняў шавялюрыстую галаву i зычліва акінуў усіх позіркам.
— Добра,— першы з усіх пахваліў гэтую Грамату Ванштэйн.
Астатнія таксама адобрылі. Моўчкі.
— Ну a калі будзем абнародваць гэтае слова? — запытаў Баравік.
— Ужо заўтра,— прамовіў Шуляк.
— Не, сябры,— асцярожна стрымаў Ванштэйн.— Не варта задзірацца з немцамі. Спачатку трэба было б перакінуцца словам-другім з імі, а пасля ўжо больш-менш ясна гаварыць пра будучыню краю.
— Ці разумная ўжо такая звышасцярога? — як заўсёды, пахмурна спытаў Шуляк.— Лічацца з дужым i смелым, а не з баязлівым!
— Ну i экстрэмізм, дружа, ды яшчэ ў ваенны час, вельмі не паспрыяе,— спакойна астуджаў гарачыя галовы Ванштэйн.— Каб мы мелі сілу, былі нараўне з немцамі, то мы не толькі не мелі б з імі гешэфту, але далі б у зубы i адагналі прэч! Няма сілы — гні спіну, прасі...
У гэты час Аўторак паклаў трубку, зняў фуражку i, выціраючы лысую галаву, адвабіў усіх ад спрэчкі навіною:
— Спадары, Еўзікаву з дружынамі ўдалося адцясніць атрад Абадзінскага за Даўгабродскую i Каломенскую вуліцы. Перагароджваюць шлях Доўбар-Мусніцкаму да цэнтра барыкадамі. Усе асноўныя мінскія ўстановы, а таксама электрастанцыя, дэпо, крамы, пошта i тэлеграф пад нашым кантролем. Цяпер уся ўвага — на вакзалы...
— Я не раіў бы, сябры, счэплівацца i з легіянерамі,— перасцярог Ванштэйн.— З фанабэрыстым i пыхлівым панствам трэба паводзіцца віртуозна. Цешыць яго самалюбства i гнуць сваё. Іначай яно сілаю захопіць Мінск i аб'явіць тут польскую ўладу.
— Hi Расія, ні Германія не згодзяцца, каб тут была Польшча,— падаў голас Аўторак,— Наадварот, яны ўвесь час заціскалі яе, не давалі ходу ні на Усход, ні на Захад.
— Каб прадухіліць канфлікт, можа, мне пайсці на перамовы з Доўбар-Мусніцкім? — запытаў у Аўторка Баравік, маючы на ўвазе, што ён добра ведае польскую мову, а таксама здольны i пастаяць за сябе, i саступіць у меру.
— Давай,— нешматслоўна згадзіўся той.
— Хадзем, Максім,— запрасіў Баравік. Канечне, з-за таго, што ён, Лашковіч, асабіста знаёмы з камандуючым польскага войска.
4.
Баравік, Шуляк, Жытнік, Заходка i Лашковіч, хто ўзброены вінтоўкаю, хто рэвальверам, моўчкі крочылі па цёмпым, нібы вымерлым i ў той жа час трывожным горадзе: спачатку рыпелі хрумсткім шэрым снегам па аслоненай высокімі дамамі былой Губернатарскай, пасля — па яснейшай Захараўскай i вось, мінуўшы ціхую, пакрытую лёдам Свіслач, шыбалі па Даўгабродскай.
Лашковіч тупаў, апусціўшы галаву. Меў дзіўнае адчуванне: ці то займаецца цяпер чымсьці сур'ёзным, ці то штосьці імітуе. Можа, гэтая няўпэўненасць была ад таго, што ніяк не мог змусіць сябе думаць: ты — не толькі былы настаўнік, вучоны без званняў, эсэр-катаржанін, ты — член Выканкома Рады Усебеларускага з'езда, значыць — дзяржаўны муж! Але ніколі не быў ва ўладзе, не ведаў яе сілы i смаку, дык i не мог пераламаць сябе на іншы лад. Храбрыўся, a ў душы нейкі прыкры шашаль усё еў нечань: куды i чаго ты, мужык, лезеш?! Ты ж не які-небудзь Ванштэйн; той сядзеў ужо ў кіруючым крэсле, дык i мае права зноў прагнуць руля! Можа, i дзеля яго гатовы хаўрусаваць i з табой. Абы быць на паверхні!
Калі мінулі з вечнай пячаткай цішыні i мудрасці могілкі, Лашковіч падняў галаву: воддаль, можа, ужо i ў канцы вуліцы, на выгане палыхаў агонь. Праўда, яго языкоў не было відаць: полымя шугала за дамамі, высвечвала ўвесь небакрай, i ўгору ды сюды, пранізваючы ноч, імкнуліся яго далёкія водсветы. Ад ix снег не то жаўцеўся, не то па-крываваму барвовеў. Калі пачалі набліжацца, то кінулася ў вочы: жоўта-чырвоныя водбліскі ад агню ярка, нібы ад люстэрка, адбіваюцца ў шыбінах цагляных i драўляных хат.
Неўзабаве ўжо з узгорка згледзелі як след: за гарадской ускраінай на выгане палае адразу аж некалькі вогнішчаў. Крокаў за сто да ix, на самым канцы вуліцы — барыкады. Каля ix — людзі. Доўгія цені ад ix падаюць аж сюды, ім над ногі. Ясна, сцяміў Лашковіч, кастры гараць дзеля таго, каб высвеціць як на далоні гасцей — часці Доўбар-Мусніцкага, якія, па чутках, павінны вось-вось заявіцца тут.
Далёка, можа, i на вакзале, раз-другі даў свісток паравоз, завыла вадакачка. Не, значыць, горад не вымер, ён жыў сваім жыццём.
Адарваўшыся ад умерзлага ў снег i лёд вясковага плота-частаколу, ім дарогу перагарадзіла трое ўзброеных вінтоўкамі мужчын: адзін — у шынялі, другі — у кажушку, трэці — у ватоўцы.
— Пароль? — запытаў паўвайсковец.
— «Над Бацькаўшчынай чыстае неба»,— адказаў Баравік.
Читать дальше