— Рабаўнік гэты банк...— прамовіў бацька.— Я спачатку быў загарэўся звязацца з ім, а цяпер баюся... Усунешся ў багну — не выскачыш... Усе абманшчыкі! I Сталыпін-нябожчык, i... На словах усе за мужыка, а на самай справе гатовы садраць з яго астатнія порткі. Языкачосы! Брахуны!
— Ясь! — здзівілася, паўшчувала маці, якая была тады ў хаце.— Дзеці ж малыя ў хаце...
— Дык цярпення ж не хапае...— як апраўдаўся бацька. Сядзеў за сталом i не ведаў, дзе дзець вочы.— I ў тым, i ў гэтым веку ўсё гавораць i гавораць, спачуваюць вясковаму чалавеку, дакляруюць кавалак зямлі, а як дойдзе да якога дзела, дык хвігу пад нос гэтаму дурному мужыку! А як ім, дык усё дай! I ў войска ідзі, біся за ix, каб вас халера ўдушыла!
— Вось i вы, тата, загневаліся...— усміхнуўся Алесь, седзячы пры стале насупраць бацькі.— Праўда, яшчэ глуха, ціха, але ўжо свядома. Во бачыце несправядлівасць. Сацыяльную. А каб вы яшчэ, як i я, адчулі несправядлівасць i іншую, дык... Ды каб усе вясковыя гэта адчулі... Былі б, былі б мы вольныя людзі, роўныя сярод роўных!
Бацька нічога не адказаў; напусціў на вочы калматыя бровы, зморшчыў высокі лоб.
— Які ўжо з мяне бунтаўшчык! — неўзабаве адказаў, паціраючы далонню стомлены твар.— Хваціць, што ты бунтуеш! Я кажу пра тое, пра што душа баліць... Рэформа, рэформа ўсе крычаць! Новае, лепшае ўсё будзе! А дзе ж яно, тое лепшае? На словах? Словы мне не трэба, я ix усякіх — горкіх, салодкіх, як мёд — гэтулькі наслухаўся за свой век, што злосць ужо ад ix бярэ! Меней ужо трэба гэтых слоў, абяцанак, а больш дзела. Трэба ж ужо хоць крыху даць люду палёгку! Мы ўсё ж людзі, а не цяглавое быдла! Хоць добры гаспадар быдла лепш гдядзіць, чым сябе... Паны гэтыя!.. Каб на панскую хітрасць ды не мужыцкая мудрасць, то даўно прапалі б!
— Вы гаворыце, тата, горкую праўду...— сказаў Алесь.
— Каб яшчэ мне ад гэтай праўды лягчэй было, дык i добра было б...— прамовіў бацька i выйшаў на двор. Вось i задумлівы ўсе гэтыя дні, ціхі ды панылы. Страціў, відаць, усякую падзею на тое, каб прыдбаць яшчэ зямлю, зрабіць Гіполя, Янку i Кастусю гаспадарамі. Нешта так i пацягнула Алеся высунуцца з гумна на дворышча: у ім — а гумно было з хлявом пад адною страхою — было мокра, гразка. Адтала леташняя перамяшаная свіннямі хлёпанка. Сухое дзірваністае дворышча было з таго боку гумна — кудою над'язджалі да шырокіх дзвярэй з калясьмі, дзе ўлетку сушылі сена. Выйшаў i замёр: над іхнімі старымі раскідзістымі яблынямі ляцелі дзве птушкі. Вялікія, чорна-белыя, з нібы палінялымі чырвонымі дзюбамі і, здаецца, ратуючыся ад холаду, падкручвалі пад сябе, да пер'я i пуху, лапы.
— Буслы! — як дзіця ўзрадаваўся Алесь.
Выйшлі з гумна i бацька, Япка. Гэтаксама задралі галовы, пазіралі ў засмужанае, з няяркім, схаваным за шэрымі хмарамі сонцам неба. Буслы мільгнулі над гумном — пераляцелі іхні двор. Відаць, паляцелі за Шлёму, да высокай ліпы, дзе было старое гняздо. На тую ліпу, што была воддаль ад вёскі, яны, хлопцы, некалі гуртам завалаклі старую барану. Хацелі, каб буслы, што з ахвотаю жылі ў Янкавінах, гнездаваліся далей ад вёскі, каб не насілі блізка ад хат усякага гадаўя ці галавешак з агнём. Праўда, Шлёма, як заявіўся тут, хацеў раскідаць буслянку, бо тое, чаго баялася веска, было над яго прыбудовамі. Але разбураць гняздо яму не дазволілі: усе лічылі, гэта будзе вялікі грэх, i бог можа злосна пакараць вёску за такую крыўду святых птушак. Усе ў Янкавінах спрадвеку казалі: буслы — божыя, прарочыя птушкі. Як толькі некалі Янкавіны меліся гарэць, дык заўсёды перад гэтым буслы пакідалі свае гнёзды, вёску, пераляталі ў Крычаты. A калі буслы ў вёсцы — значыць, спі спакойна.
— Усё, вясна зіму пераламала...— задуменна прамовіў бацька.— Хоць кажуць: калі вясна раней звяставаня, дык яшчэ многа марозу будзе. A другія кажуць: на звяставаня мароз — гуркі добрыя будуць. Мокрае звяставаня — на грыбное лета. Звяставаня без ластавак — халодная вясна.
— Дык што? — запытаў Алесь.— Па сёлетніх прыкметах будзе халодная вясна, позна сеяць людзі пачнуць?
— Хто ж яго ведае,— адказаў бацька.— Прыкметы гэтыя, як ты кажаш, не заўсюды i праўдзяць. I неба, бывае, дакляруе адно, a дзеіць зусім не тое... Але ж звяставаня, кажуць,— добрыя весткі. Навін, чутак сёлета то процьма, а вот ці добрыя яны ці не, дык яшчэ сказаць цяжка...
Вярнуліся ў гумно, зноў пачалі рэзаць сечку. Янка маўчаў. Увесь час, здаецца, пра нешта думаў. Можа, i пра сваю Зосю. Як толькі вечарэе, дык i ідзе да яе. Жаніх, сталы ўжо хлопец. Бацьку трэба чухаць галаву, як зрабіць цяпер, увесну, ці ўвосень вяселле, як трымаць у злагадзе яшчэ адну сям'ю ў хаце. Ёсць, канечне, пра што думаць старому. На добры толк яму, Алесю, трэба было ўжо добра памагаць бацькам. А ён... сам сядзіць усё яшчэ на іхнім карку... Сорамна. Трэба шукаць пейкай працы. Калі не ў школе, дык дзе ў воласці, лясніцтве ці на пошце. Абы не есці дарма бацькоўскі хлеб, даць у хату якую капейку. А па вечарах, як падумаўся, адкрые сваю, прыватную школку. Будзе тутэйшых дзяцей вучыць беларускай грамаце. Колькі ні прыйдзе — столькіх будзе i вучыць. А вось тое семя хоць некалі ды ўзыдзе, дасць плод.
Читать дальше