— Анцечка,— павярнуўся Лямбовіч да сваей прыбіральшчыцы.— Можа, скумекала б, даражэнькая, дзе пляшачку?
— A дзеці? — здзівіўся Алесь.— Ты ж яшчэ, відаць, павінен адзін урок даць!
— Абы сала, коце,— махнуў той рукою,— a дзеці будуць. Хто хоча вучыцца, той i сам навучыцца, а хто не хоча, дык таго не навучыш!
— Ясна...— прамовіў Алесь.— Які ты быў, такі i застаўся! Сала, па-твойму, даражэй за ўсё! Дык не перабівай смаку, ласуйся дранікамі, а я давай пайду да дзяцей. Хоць адзін урок правяду! Хоць адвяду душу!
— А ты лічыш: чалавек асуджаны на работу? — паздзекаваўся Лямбовіч.— Кім? Дзеля чаго? Дзеля справядлівасці? Высакароднасці? Хто ж даручыў мне такое? Кажуць, бога няма, але чаму яго наказы застаюцца? Я лічу: справядлівасць, высакароднасць — не прызванне, праца — не абавязак...
— Што там у цябе зараз павінна быць па раскладзе? — звёў гутарку на іншае Алесь.
— Родное слово...— нехаця адказаў Лямбовіч.— Дык, па-першае, ці варта табе зноў псаваць настрой? А пa-другое, хіба табе гэтыя бараны яшчэ ў печані не сядзяць? Дурні, брат, дурні! Свавольнікі адпетыя... Анцечка, ідзі, коце, адпусці ix дадому. Скажы: у мяне зуб забалеў.
— Ну i працаўнік на ніве асветы! — паківаў галавою Алесь.
— А! — махнуў той рукою.— Каму трэба гэтая асвета? Які з яе толк? Мужык наш тупы да навукі, як калун. Яго занятак — плуг, каса, сякера...
— Ну, брат, i думкі! — зноў паківаў галавою Алесь.— З імі мы век не выведзем народ з цемры непісьменнасці, не паможам яму народам, людзьмі назвацца!
— А! — i той зноў махнуў рукою.— Праўда ёсць праўда. Ніколі не ўздымецца, не стане на ногі, не раскрасуецца духоўна гэты наш «народ»! Быць яму век у цемнаце, беднасці, пакоры i ў рабскай рабоце...
Анця, як толькі дакрышыла бульбу, накрыла гаршчок патэльняю, паставіла яго ў печ, сама ўзяла ў парозе кажушок, накінула на гладкія плечы i, зашумеўшы доўгаю спадніцаю, падалася на двор.
«Жыве як мядзведзь у бярлозе».
— Ну, як мая новая старожка? — запытау Лямбовіч. Невялікія, лічы, заплытыя яго рудыя вочы заззялі, вялікі нос раздзьмуўся. Глыбокія залысіны пачырванелі.
— Кабета як кабета. Файная.
— Спраўная, коце, i гарачая як агонь! — прыплюшчыў вока Лямбовіч, пагладзіў сябе па грудзіне.— Хоць не са сваей кішэні даю тры рублі на месяц, але ёсць за што даць... Муж у Амерыцы каторы час, сама маладая, я халасцяк цяпер...
— Распуснік!
— А што рабіць тут, у глушы? Хоць гэта хай будзе за радасць!
Зашумелі, загаманілі на дварэ дзеці: недзе, мусіць, з радасцю пабеглі дадому. Да вады.
— А ты са сваёю Кацярынай не паладзіў?
— Не,— апусціў галаву Алесь.— У яе сваё, у мяне сваё.
— Ну i дурань! — сказаў Лямбовіч.— Не дзьміся, а спажывай, пакуль можна спажываць. Яна цяпер сама пагорнецца да цябе. Адчувае, што вінаватая, дык захоча падлагодзіцца. Я ж ix, баб, ведаю...
Сеў на свайго канька. Пагаварыць пра кабет, гарэлку, паляванне — любімая тэма для Лямбовіча. Астатняе яго мала што цікавіла.
— Ды баба — зямля...— сказаў яшчэ Лямбовіч.— А чапаная зямля, коце, плуга патрабуе i патрабуе...
— Ну, што тут у вас, у Налібаках, змянілася? — перавёў на іншае размову Алесь.— Ёсць якое абнаўленне?
— Якое тут табе абнаўленне! — зморшчыўся той.— Што было, тое i ёсць. I што змяніцца можа? Ды што трэба? Усё,— махнуў рукою,— дрэнь. абман, лухта, бруд! I як падумаць добра, дык жыццё — недарэчная рэч! Ды я не думаю надта пра гэта. Ды i ні пра што не думаю. Ад думак можна зайсці ў тупік, звар'яцець... Абы было сала, а астатняе ўсё... Нашто пакутаваць? Добраахвотна? Жыві як жывецца! Хто сам шмат, без дай прычыны думае, хто дакарае сябе, той атручвае сабе жыццё. I хто мітусіцца шмат, гарыць без пары. На свеце, канечне, шмат дарог, але ўсе яны вядуць да магілы...
«Вось i пагавары з гэткім барсуком! — падумаў Алесь, здзіўляючыся, як мог раней шмат гаварыць з Лямбовічам, спрачацца, клікаць таго да спачування. I не толькі да спачування, але i да нейкай работы,— А ён жа яшчэ малады! Што з ім будзе пад старасць?»
— Слухай, як тут жыве Невядомскі? — зноў перавёў гамонку на іншае Алесь, адчуваючы, што не бачыліся з гаспадаром больш трох месяцаў, а пагаварыць няма пра што. З Васілём Мухам было пра што. Во той, калі не думаў пра тое, пра што думаў Алесь, дык хоць меў далёкія помыслы пра самога сябе, ясна i дакладна ацэньваў тое, што робіцца ў Расіі i ў тутэйшым краі, з улікам новых умоў выбіраў сабе новую дарогу. Яго ж, Лямбовіча, нічым не зварушыш.
— Як жыве?! — здзівіўся той.— A i чорт яго не бярэ! Палюе, балюе, за ўсімі спрытнымі тутэйшымі кабетамі бегае. У яго райскае жыццё! Не трэба, як нам, зарабляць на кавалак хлеба... Ён...
Читать дальше