Маўчалі. Усе.
— Не ўмееце вы па-гаспадарску думаць, дык буду я, пакуль жывы, гаспадаром у хаце! — сказаў цвёрда.— Што скажу, тое i будзе. Памру — тады як хочаце жывіце. Хоць i чорту лысаму аддайце мае дабро, што я па кропельцы ўвесь свой век збіраў, а самі ідзіце ў парабкі...
Зноў усе маўчалі. Гнятліва. Ён, хоць i задушыў усіхнюю волю, аднак адчуваў: няма радасці. Не разумеюць жа яго. Як ён вораг ім — i жонцы, i дзецям. Не вытрываў, пацягнуўся на двор. Падумаў: трэба было б перасыпаць частакол у гародчыку. Але цяпер жа няможна: яшчэ не сеялі. Кажуць жа, зерне ўваб'ецца ў зямлю i не выб'ецца i дажджу ўсё лета не будзе. Праклянуць тады людзі. Як летась клялі Чорных. Казалі, што з-за ix недзе, можа, i з месяц стаяла летась сухмень.
Гарбацэвіч не гаварыў ні з кім з родных да самага вечара. I да яго не загаворвалі. Дзеці гаманілі толькі з маці, хадзілі каля яе, як кураняты каля квактухі.
Ён пыніў работу ў хляве i ў гумне моўчкі, думаў, разважаў сам з сабою. Увечар, калі павячэралі, сеў пры лучыне правіць конскую збрую. Бо ні хвіліны не мог быць без работы.
Вікця тапталася каля печы, дзеці шмыгнулі з хаты. На гулянку.
Але хвілін праз колькі дачка вярнулася. Нейкая натапыраная, напалоханая.
— Мама,— запынілася ў парозе, сашчапіла рукі.— У Віці абора... Ён пайшоў у гумно...
Ён раптоўна падняў галаву, зірнуў са здзіўленнем, нічога не разумеючы. Вікця аж адкінулася спіною назад, трымаючы ў руках міску, i раптоўна начала бялець-бялець. Хутка прыклала правую далонь пад грудзі.
— Чаго ты сядзіш? — выдыхнула, здаецца, з нянавісцю пазіраючы на яго.— Бяжы! У гумно!
Цяпер i ён зразумеў: сукін сын, задумаў нешта няладнае. Падхапіўся, кінуў на табурэтку вобраць i памчаўся з хаты на двор. Там ужо было цёмна.
Дзверы ў гумно былі зашчэпленыя. Але не знадворку — не на замок, а з сярэдзіпы.
— Віця! — крыкнуў,— Ты тут?
Следам прыбеглі i жонка з дачкою.
— Ну, што? — запытала Вікця.
— Во, замкнёныя...
— Віцечка! — ускрыкнула Вікця.— Ты тут, сынок?
Маўчанне.
— Скажы ж хоць слоўца, дзіцятка!
— Тут,— пачуўся слабы сынаў голас.
— А чаго ж ты там?
— Адчыняй i выходзь! — не чакаючы, што адкажа сын, закрычаў Гарбацэвіч.— Смаркач! Няўдаліца! Ёлупень!
— Не выйду! — адказаў сын.— Калі будзеце сватаць да прудской, павешуся! Не хачу ні жаніцца, ні жыць!
— А божачка! — ускрыкнула Вікця.— Што ж ты надумаў, сынок?
— Я яму зараз дам пятлю! — заскрыгатаў зубамi Гарбацэвіч.— Ён яшчэ палохаць бацькоў будзе! Вешацца! Ах ты, шыбенік! — турзаў за клямку, а пасля дрыготкімі рукамі дастаў з кішэні складанчык, адчыніў i прасунуў лязо між палавінкамі дзвярэй, каб скінуць крук. Але той, цяжкі, было нялёгка прыпадняць вузенькім лязом.
— Сынок! Міленькі! Родненькі! — галасіла Вікця.— Адчыні! Выйдзі! Што ж ты, дурненькі, надумаў?! Што ж ты набраў у галаву?
— Хай тата будзе толькі адзін багаты! — пачуўся адчайны сынаў голас.— А я не хачу быць багаты! Я вешаюся! Ma...— i раптоўна замычэў. Заціх.
Гарбацэвіч напружыўся, скінуў крук. Той ляснуў аб вушак. Разяхліў дзверы. I ў цемені ўбачыў: ківаюцца над праходам ногі. Павесіўся! Самагубец!
— О! — толькі віснула Вікця i аб'ехала долу. Залямантавала дачка.
Ён жа, гаспадар, абхапіў ногі, прытрымаў i зусім ужо дрыготкімі пальцамі павёў па адзенні, дабраўся да шыі: i праўда, на ёй абора. Трэба разрэзаць яе! Але як? Ён невысокага росту, не дастае вышэй сынавай галавы. Але няма чаго чакаць. Пачаў чыкаць нажом абору за Віцевым каркам. Можа, тыкаў лязом i ў шыю. Але не зважаў. Абы разрэзаць абору.
Чыкаў па аборы, здаецца, цэлую вечнасць. Урэшце разрэзаў, але не паспеў утрымаць сынава цела. Яно рухнула ўніз. На сячкарню. Не здагадаўся стары дурань, каб стаў на яе, дык i дастаў да аборы.
З сячкарні Віця скаціўся долу. Гарбацэвіч нагнуўся да яго, стукнуўся лобам аб кола. Абмацаў чамусьці сынаву шыю — на ёй пятлі не было. Але сын, здаецца, нежывы. Што рабіць? Трэба вынесці яго на двор. На свежае паветра. Ой, які дурны хлопец! Ой, што набраў у галаву! I хто б падумаў на яго такое!
Паспрабаваў падняць. Цяжкі. Не па яго ўжо сіле. Узяў пад пахі, павярнуў галавою да дзвярэй i пацягнуў. Там, за імі, ляжала Вікця, галасіла Анелька. Бог ведае да каго кідацца: ці да сына, ці да жонкі?
— Бяжы па ваду! — загадаў дачцэ, адчуваючы печакана дзіўную разважлівасць.
Пабегла. I калі ён выцягнуў сына з гумна, паклаў каля маці, Анелька вярнулася. З вядром. Ён зачэрпнуў з вядра прыгаршчы вады, лінуў на сына, а пасля — на жонку.
Першая апамяталася Вікця. Прыўзнялася, убачыла сына, што ляжаў нерухома побач, падпаўзла да яго, загаласіла:
Читать дальше