Зося разагнулася, зірнула на маці. Тая, ужо босая, як i яна, дачка, трэсла гной рукамі i не то ўсміхалася, не то моршчылася ад перажывання.
— Адкуль вы ведаеце, мама, тое? — здзівілася Зося. Яна шчыра верыла: маці разгадвае сны так, як клубок нітак разматвае.
— А што ж тут не ведаць! — разагнулася i маці, рукавом шэрай сукенкі выцерла лоб.— Галубэ — на сватэ...
— На якія сватэ?
— На самыя сапраўдныя,— адказала маці.— Не сёння, дык заўтра чакай свата, маладога!
Кроў шугнула да Зосінага твару: будуць сваты! Да яе! Канечне ж, прыйдзе Янка! Не раз ужо казаў: прыйду пасля вялікадня ў сваты з дзядзькам — хрышчоным бацькам!
— Радая нябось? — як пасароміла маці.— Як каліна зачырванелася, загарэлася!
— От кажаце вы, мама,— схамянулася, зноў узялася сахаром растрасаць загадзя наношаны сюды копчык гною i торфу.— Як я толькі пра гэта i думаю!
— Каб не думала, дык не сасніла б пра гэта...
— Можа, гэта i не на сватэ. Можа, госці якія будуць.
— Нa сватэ,— запэўніла маці.— I я некалі сніла галубоў. Першы раз сасніла — пасватаўся Гарбацэвіч. Як другі раз — дык хлопец з Налібак. А як трэці раз сасніла, дык пасватаўся твой бацька. А хто, па-твойму, прыйдзе да цябе?
— Ніхто не прыйдзе,— паспешна адказала яна.— Ды я i не хачу яшчэ замуж.
— Няма яшчэ дзяўчыны на свеце, каб не хацела замуж...— уздыхнула маці.— Гэта потым каюцца, што пайшлі... Я вот, дзеўка, не ведаю: казаць табе ці не?
Зося насцярожылася. Адчула: нешта маці сапраўды ведае i недагаворвае. Бо i залішне сёння ўважлівая, гаварлівая.
— Калі спадзяешся, дачка, што прыйдзе ў сваты Янка Нямкевіч, дык надта не спадзявайся...
Кроў адхлынула ад Зосінага твару: чаму не прыйдзе? Няўжо яны, бацькі, супраць гэтакага добрага хлопца? Моўчкі трэсла гной i пакутавала — ад падазрэнняў i нядобрай здагадкі.
— Думала не казаць, але скажу...— загаварыла зноў маці.— Гэта была я сёння ў Глінішчы, бачыла Галепу. Дык ёй сказала свякроў, a свекрыві сказала Ядзя, што яны свайго Янку будуць сватаць да Гарбацэвічавай Анелькі...
Пацямнела ў Зосіных вачах. Няўжо Янка пойдзе да той качкі ў сваты? Няўжо як сляпое кацяня будзе слухацца бацькі? Няўжо кіне яе, Зосю? Няўжо не кахае, падманвае?
— Анелька ж — багатая нявеста,— сказала маці.— Дзесяцін сем ці восем прынясе ў пасаг. У нашай вёсцы багацейшай за яе i няма.
Лютая злосць заварушылася ў Зосіным сэрцы на Анельку. Нe файная, не стройная, але вось багатая, дык пра яе больш думаюць, чым пра іншых. Дык i ёй іменна можа быць шчасце.
— Да Анелькі, чула я, i Дземідовіч хоча свайго Уладака пасватаць...— чуючы, што дачка маўчыць, відаць, пакутуе, сказала маці. Паразважыла са сваёй мудрасцю: — Анелька — неблагая дзяўчына. Працавітая, паслухмяная. Праўда, брыдкая. Hi стану, ні твару, нi хады. Але багатая. A калі багатая, дык... i першая нявеста на ўсю вёску! Так здавён, спакон вякоў, было.
«Што ж гэта? — хацелася запытаць не толькі ў маці, але i ва ўсяго свету Зосі. Але яна маўчала. Толькі крычала нема яе душа.— Няўжо зямля, грошы даражэй людзям за сэрца, за душу?»
Маці, відаць, цяпер гэтаксама было не зусім легка. З-за дачкі-красуні. Як-ніяк, а вось могуць абмінуць ix, даць ганьбу: хадзіў-хадзіў хлопец да іхняй дачкі, тлуміў ёй галаву, а як у сваты — дык да іншай. Што ж скажуць людзі? Будуць смяяцца з ix. Каб сватаўся Янка да Зосі, дык думалі б, аддаваць ці не аддаваць за яго дачку, a калі не сватаецца, абмінае, дык гэта — смех i плёткі, абгаворы для ўсёй вёскі.
Яна ж, Зося, думала іначай: яна, маладая, яшчэ не магла так думаць.
«Не! — супакойвала яна сама сябе.— Не пойдзе Янка да той качкі ў сваты. Ён жа сам казаў: хачу хадзіць толькі з табою. I ходзіць кожны дзень, i гэтак хораша лашчыць, добрыя словы гаворыць... Ён жа на вялікдзень...— успомніла тое, засаромелася.— А можа, няхай бы я не ўпарцілася? Тады б... Але не... Да шлюбу не...»
— Чуе, дачка, мае сэрца: паляціш хутка з дому! — не то супакойвала яе, не то шкадавала маці.— Гадавала-гадавала цябе, а дастанешся некаму. Мужу, свекрыві. А я з самымі меншымі застануся, зноў уся бабская работа будзе толькі на маіх руках...
Зося не адказала. Новыя думкі i трывогі апанавалі яе.
Сваты прыехалі праз колькі дзён. У суботу.
Пад самы вечар Зося падмяла двор, вуліцу каля свайго дома, насыпала жоўтым пясочкам i вярнулася ў хату, каб прыбрацца i пайсці на Сяло. Цяпер, пацяплелаю парою, веска ўжо доўга не спала. Моладзь збіралася на лаўцы паблізу хаты Сцяпана Чорнага, спявала, жартавала, не давала нікому рана заснуць. Ды i старыя людзі пачалі ўжо даўжэй затрымлівацца на дварэ — корпацца ў градах, познім часам сядзець на прызбах.
Читать дальше