— Мала, што відаць...— капрызіла.— Ты яшчэ i кажы. Ты можаш маўчаць са сваімі паперамі, з кнігамі, а са мною не маўчы. Скажы, як ты мяне кахаеш...
— Я не мастак на высакапарныя словы.
— Будзь ім!— загадвала.— Каб ты раней быў мастак i на словы, i на смеласць, дык я была б толькi твая...— узнялася i ў цемені знайшла яго вусны, пацалавала. Не саромелася, што ў яе неакрытыя шыя, грудзі.— Чуеш, дарагі?
— Чую.
— «Чую! Чую!» — перакрывіла.— Ці кахаеш?
— Канечне ж.
— Кажы як трэба! — зноў загадала.— Кахаеш?
— Крыху,— пажартаваў.
— А як крыху? — блазнавала.— Крыху «крыху» ці шмат «крыху»?
— Шмат.
— Ну, кажы! Кажы мне харошыя словы! Пра сваё каханне...
— A хіба трэба пра гэта шмат гаварыць? Пра тое, што на душы? Ці не абясцэняцца тады гэтыя словы?
— Не, не абясцэняцца! Яны заўсёды жаданыя для кабеты...— уздыхнула. Здаецца, гарэзна.— Эх вы, бульбянікі! Усё вы робіце моўчкі! I арацё, сееце, косіце, i кабету берацё, кахаеце... Самае вялікае, што можаце, дык гэта памармытаць сабе пад нос вясёлы матыў ды па галаве пагладзіць.
— Не важна, што ўсё робім моўчкі ці мармычучы сабе пад нос,— усміхнуўся Алесь,— важна, каб добра рабілі ўсё!
— Робіце, праўда, усё няблага...
Яна казала так, а ён думаў: усё ж яны розныя людзі. Ён спакойны, ураўнаважаны, а яна страсная, бойкая. Ёй, можа, трэба не такі, як ён, цяльпук. Ёй трэба чалавек такі, як i яна. Але яму добра ад яе пачуцця i жадання, што яна абрушыла ў апошні час на яго з вялікаю сілаю.
За гэты час, зрэшты, яны абое змяніліся. Кацярына пахудзела, займела сіняватыя кругі пад вачыма, a самі вочы паглыбелі, яшчэ пабольшалі, свяціліся цяплом i ласкаю. I ён выветраў, аж пацямнеў, i з яго вачэй, як бачыў часамі з люстэрка, пазірала лагоднасць, дабрыня. I ён надзіва спакайнеў, мудрэў i ў той жа час быў часамі бяздумны, як дзіця, усё больш трапляючы ў Кацярынін палон.
У вёсцы ўжо, канечне, ведалі пра іхняе каханне. Недарэмна ж у апошнія дні вымазвалі Сяргеенкавы вароты глінаю. Нейкі невядомы строгі суддзя не пашкадаваў нават i яго, Алеся. Ды ён не крыўдзіўся. Справядлівасць ёсць справядлівасць.
Яе словы, пацалункі зноў узбудзілі Алеся. Зноў яны запалымнелі, гарэлі ў агні.
— Сыночка хачу, сыночка...— рыбінаю білася ў яго абдымках Кацярына.— Такога ж, як ты! Яшчэ аднаго Алеську! Чуеш? Чуеш, Алеська?
Ён лагоднае, задаволенае мармытаў у адказ.
— Я спалю, вып'ю цябе! — шаптала.— Да канца. Ты будзеш толькі мой. Ты не зірнеш ні на адну жанчыну. Ты забудзешся пра кнігі i свае паперы. Пра сваю школу. Барацьбу. Бо я табе пакажу тое, што ніхто табе такога не пакажа. Бо я ўся твая. Усе аддаю табе. Чуеш?
— Чую...— шаптаў, адчуваючы, што сапраўды забірае яго ўсяго.
Пасля, калі, знясіленыя, ляжалі побач, Кацярына зноў загаварыла. Але ўжо іначай — не парывіста, натхнёна, а неяк сцішана i трывожна.
— Ты не баішся мяне такой, Алеська?
— Не.
— I ты будзеш кахаць мяне такую?
— Буду.
— Не надакучу я табе?
— Не.
— Можа, i надакучу, Алеська,— прашаптала.— Мы ўсё ж розныя людзі. Я летуценніца, але баба. Эгаістка. I страшэнная. Я хачу мець мужа, сям'ю. Мае ідэалы не такія высокія i вялікія, як твае. Ты не толькі зямны чалавек. Ты... Табе бог даў адчуць місію: ты між небам i роднаю вёскаю. Я разумею гэта, спачуваю, але... Які я тут табе памочнік?! Амаль ніякі. Адно, што я магу рабіць, дык гэта не замінаць табе... Але ж не магу i не замінаць. Бо люблю цябе. Бо хачу, каб ты быў толькі мой! Я ведаю: табе са мною будзе цяжка... А пра яго не думай,— прамовіла, маючы на ўвазе свайго мужа,— я яго не кахаю. Што б ні здарылася, жыць з ім я не буду. Мы зусім чужыя.
4.
Зося i маці растрасалі гной у гародчыку. На грады.
За апошнія дні рэзка пацяплела. Пала парнасць, зямля задыхала жыватворна — адскочыла маладая зялёненькая крапіва каля платоў, пырснулі пупышкі на дрэвах, на яблынях сям-там пупышкі ўжо далікатна заружавеліся, збіраючыся неўзабаве распусціцца ў белыя кветкі.
— Сёння дзіўны мне сон прысніўся,— трасучы сахаром гной, сказала Зося.
— Які? — запытала маці. Яны размаўлялі па-жаночаму даверліва. Як маці i сталая ўжо дачка.
— Сню: сяджу каля нашага кухоннага акна. Пазіраю ў двор. А там светла-светла. I вот прыляцелі два галубы. Селі на наш плот i вуркочуць. Вур-вур-вур... Аж, калі прыслухалася, дык яны гавораць па-чалавечаму. Як людзі. Адзін пазірае на мяне i кажа: «А гэта во Зося...» Другі кажа: «Гавары цішэй, а то яна пачуе». I далей, пра што яны гаварылі, я ўжо не чула...
— Дык я табе пэўне магу сказаць, дзеўка, пра што яны гаварылі...— усміхнулася маці.
Читать дальше