Зося пераапранулася, як пачула вясёлы грук колаў па бруку.
Шыбнула да акна: хто едзе? Здзівілася: цемнаваты, а на самай справе, відаць, рыжы конь спыніўся каля іхняга плота, за ўжо зацемненым бэзавым кустом. На калёсах — два мужчыны.
— Мама, да нас людзі,— азірнуўшыся, перасцерагла маці. Тая яшчэ тапталася каля печы.
«Няўжо сваякі з Дзераўной? — падумала.— Але чаму так позна?»
Маці, выціраючы фартухом рукі, прытупала да акна. Стала за ёю.
— Сватэ, дачка,— прыклала маці рукі да грудзей.— Дуга вунь увабраная.
Зося анямела: сваты! I з нечаканага— з-пад Засценка — боку. I праўда, у колцы на дузе — зялёная хваёвая галінка i белаватая папяровая кветка. Хто ж гэта?
— Дзежка! — здзівілася маці.— З Дземідовічам!
Дзяжко — у чорным галіфэ, у хромавых ботах i ў капелюшы — прывязваў лейцы да шула, а яго сват, Дземідовіч, гэтаксама ў галіфэ i ў ботах, у брылёўцы, нешта гаварыў яму i смяяўся. Вось Дземідовіч узяў з-пад дзяружкі на калёсах клуначак i пайшоў сюды, у двор.
— А я во...— замітусілася маці.— Як стаяла ля печы, дык гэтак i стаю. Брудная... I бацька ж недзе дзеўся...
«I чаго гэты Дзежка прыпёрся? — здзівілася Зося.— Ён жа не хадзіў да мяне, ніколі нічога не гаварыў такога. Толькі зыркаў неяк спадылба, калі прыходзіла чаго ў воласць».
— Мама, я ўцякаю,— сказала.— Схаваюся!
— Куды ты? — як спалохалася маці, папраўляючы на галаве хустку.— А што ж я адна?..
Але Зося, ужо не слухаючы яе, шыбнула ў сенцы. У сенцах хутчэй ката ўскочыла па драбіне наверх, на гарышча. I, не задумваючыся, нават усцягнула за сабою наверх драбіну.
Прыклала руку да грудзіны: гэтак білася-трапяталася сэрца. Не на жарт спалохалася. Бач, Дзежка на яе замахнуўся! Лысы, фанабэрысты, п'яніца! Што ён важны чалавек, валасны пісар, дык гэта ёй не ішло i не ехала.
У хаце госці сядзелі досыць доўга. Але колькі Зося ні прыціскала вуха долу, да зляжалай кастрыцы, як ні прыслухоўвалася, нічога не пачула. Толькi ўчула, калі рыпнулі дзверы i нехта выйшаў з хаты.
— Зося! — пачуўся матчын голас.— Дзе ты там? Ідзі! Сама скажы што!
Маўчала. Як мыш пад веткам.
Потым з аблёгкаю пачула: пасунуліся з хаты i нечаканыя госці. Моўчкі.
— Капызяцца яшчэ!— ужо на двары сказаў Дземідовіч.— Красуня! Каралевіча чакаюць!
— Мужычка! Ніхто яе, апроч мужыкоў, не возьме! — адказаў Дзяжко.
Калі пачула, як ад'ехаліся, апусціла драбіну, злезла. Вярнулася ў хату.
Маці сядзела пры стале. Узбуджаная, паружавелая.
— Туляешся!— прамовіла з незадавальненнем,— Ты, маці, адказвай!
— А што вы сказалі? — падсела да яе Зося.
— Што ты аж прагнеш замуж...
— Ну, мама, скажэце...— папрасіла.
— Ну што я магла сказаць? Што ты маладая яшчэ, што рана яшчэ табе замуж. Малады, Дзежка, маўчаў, a Дземідовіч хваліў яго, казаў: лепшага жаніха i не знойдзеце. Вучаны, пры службе добрай. Паняю за ім будзеш.
— Дзякую, мамачка,— цмокнула яе ў шчаку Зося.— Добра, што выправадзілі! Калі ён пан, дык няхай i едзе да якой пані!
— I ў Налібокі, i ў Пруды, i ў Дзераўную гойсаў па багатых дзяўчатах, але нідзе во гэткага пана не прынялі,— сказала маці.— Але будзе ўжо заўтра языкоў. Усе ж будуць гаварыць пра гэтыя сватэ. Ды такой бяды... Дурны ж дык дурны гэты індык! Сядзіць, надзьмуўся, як не лопне, а тут скок яму на калені з печы наш кот. Дык Дзежка як скрывіцца, як марсяне з калень ката: «Прэч, псіна, з майго суконнага галіфэ, бо як дам носцыкам хромавага бота, дык i мужыцкія лапы задзярэш!»
«Янка сказаў: ніколі не пайду ў сваты да Анелькі,— падумала Зося, не зважаючы на Дзежкавы дурноты.— I я яму сёння скажу: i я толькі твая...»
5.
Красавік з кожным днём цяплеў. Пастаялі дзве-тры парныя ночы — i наваколлі — зямля, дрэвы — пырснулі далікатнаю зелянотаю. Сярод гэтай зеляноты сям-там пышнеліся белыя вэлюмы: цвілі яблыні.
Янкавінцы i радаваліся, што пасля вялікадня гэтак дружна ды смела пайшлася вясна, i непакоіліся: калі, крый божа, мароз, дык не будзе сёлета садавіны.
Гарбацэвічы, усе ўзрушаныя, былі на двары. Сёння яны разам з суседзямі, Нямкевічамі, меліся, як казалі ў Янкавінах, запасваць статак. Змовіліся i нанялі разам пастушка — унука Сцяпана Чорнага, Кастуся.
Першы ў хлеў пайшоў ён сам, гаспадар. Ca свянцонаю вярбою. Адчыняў брамкі ў загарадках i выганяў быдла — каровы, авечкі. Лёгка махаў вярбою, мармытаў малітву. На двары, калі быдла стоўпілася, кінуў цераз яго загадзя прыгатаваныя тры каменьчыкі, каб статак за ўсю пашу ваўкі не зачапілі, а пасля выцягнуў ca страхі колькі саломін i абнёс быдла — каб тое не адбівалася ад свайго хлява i двара.
Читать дальше