Дзень надзіва стаяў пагодны, сонечны. Неба было высокае, блакітнае, ні ветрыку; вакол, на аселіцы, паплавах, узбоч дарогі, што вяла на Пруды, на дрэвах цнатліва лашчыла вочы маладая зелянота.
Казлова везлі на іхнім, Нямкевічавым кані. Алесь, калі сказаў бацьку, каб ён завёз нябожчыка, не адмаўляўся, згадзіўся з аднаго слова.
Казлоў — у сваім навейшым чорным касцюме i ў чорных туфлях, са скрыжаванымі на грудзіне рукамi — ляжаў у дамавіне спакойны. Алесь, як i астатнія, здзіўляўся: з нябожчыкавага твару зніклі пакуты, цень, стомленасць. Твар нават папаўнеў, пакруглеў, на ім заявіліся спакой, лёгкасць, i ён, твар, з вусікамі ды сівой бародкай, стаў вельмі прыгожы, малады. Раней Казлоў здаваўся нашмат старэйшым, пажылым ужо дзядзькам, а гэта ляжаў яшчэ малады чалавек.
Алесь ішоў з Чарновым услед за івяйецкімі калегамі Казлова. I тыя, i Чарноў, што ішоў побач з Алесем, здаецца, раптоўна пастарэлі, былі як старыя дзядзькі. Чарноў i ўчора, i сёння не піў, нібы шкадуючы земляка, нібы раптоўна сам збаяўшыся смерці, але цяпер i ад гэтага, мусіць, быў яшчэ болей спакутаваны. Здаецца, i яго скроні за сённяшнюю ноч пакрыліся серабром.
Алесь пазіраў на спакойны, малады твар Казлова i думаў, што той пажыў вельмі мала, не паспеў зрабіць i дзесятай долі таго, што ведаў, што хацеў ды мог. Яго ідэя была яшчэ высока ў аблоках, і, можа, яна ніколі i не спусціцца на зямлю. Дык як лічыць: жыццё Казлова было ўдалае ці няўдалае? Трэба было яму ісці якраз па гэтай дарозе ці не? Ці ацэняць яго як трэба? Будуць памятаць альбо забудуць? У спісе герояў, што не пашкадавалі свайго жыцця за светлую будучыню, будзе яго імя? Гэты ж Казлоў, не вагаючыся, аддаў усе сілы, пачуцці не для сябе i свайго дабрабыту, а для ўсёй Pacii i яе шматлікіх народаў, для чалавецтва. Ён страціў сваё самае дарагoe для нечага шчасця. Праўду, канечне, некалі казаў Чарноў: Казлоў — сапраўдны рускі інтэлігент, рэвалюцыянер. Знацца з ім, сябраваць было сапраўднае шчасце. I хто ведае, можа, каб ён жыў, дык яго i Алесевы дарогі неўзабаве i сышліся б. На ўсё жыццё. Бо няможна было не верыць у шчырасць, сумленнасць, высакародныя намеры Казлова, у новую Расію, сапраўдным сынам якой ён быў. Праўда, гэтая, мікалаеўская Расія была i для яго, рускага, неміласэрная.
Няўжо будзе несправядлівасць i Казлоў трапіць у лік «і іншыя»? Ці забылася пра яго няверная жонка, забудуцца сябры, Янкавіны, i праз дзесятак гадоў, калі прыйдзе новае пакаленне, стане яго магілка безымяннаю? Хіба мала на свеце гэткіх безымянных магілак?
Падумаў i пра сябе. Ці так ён жыве? Ці тое робіць? Ці не заблытваецца ён часамі ў жыццёвым клубку? Ці не бачыць ніякага выйсця? Колькі яму яшчэ засталося жыць? Як яго будуць хаваць? Будуць шкадаваць людзі ці збудуць з рук як гаротніка, няўдачніка? Ці застанецца ён у памяці людской? Ці трэба будзе калі ўся яго цяперашняя работа? Ці засвеціць каму агеньчык яго душы? Той агеньчык, што гарыць ад пакут!
На магілках — а яны яшчэ былі невялікія, толькi праваслаўныя — Чорныя, Алесь, Чарноў ды івянецкія высыльныя знялі труну з калёс, паставілі яе каля глыбокай панылай ямы. Людзі абступілі яе з усіх бакоў, пазіраючы на малады нябожчыкаў твар. Кабеты заплакалі.
— Божа мой, божа! — выціраючы куточкам чорнай хусткі на шчацэ слёзы, пабедавала Нямкевічыха, Алесева маці.— Адзінокі чалавек! Як палец! Хоць бы адна родная душа была цяпер тут!
— A які наглядны! — сказала Мішучыха.— Жывы быў, дык худы, белы, стары, а гэта такі малады, файлы! Жыць ды жыць яшчэ трэба было чалавеку!
— Відаць, доля яго такая ўжо...
— Мусіць, легка цяпер на душы ў яго...
— Невядома, дзе ўжо тая душа...
— Хай бы прыйшоў хоць Дземідовіч. Як гэта так, каб без усяго царкоўнага хаваць чалавека? З хрысціянаў жа ўсё ж...
— Грамадзяне янкавінцы! — пачуўся ў гэтай гамане голас івянецкага высыльнага, Кіеўскага, невысокага, поўнага чорнавалосага чалавека.— Мы аддадзім зараз на вечны супакой у вашай зямлі цудоўнага чалавека. Ён з новых, перадавых людзей, што прысвяцілі сваё жыццё светлай будучыні людзей усяго свету, Расіі, за вашы лепшыя новыя дні, грамадзяне янкавінцы! Гэта быў адукаваны, шчыры, сумленны чалавек, стойкі баец, што змагаўся з несправядлівасцю, умеў цярпець усе пакуты i нягоды, што, на жаль, наша вялікая Айчына шчодра адпускае сваім лепшым сынам, жорстка праследуе i карае...
— Спыніце антыдзяржаўныя прамовы! — недзе ззаду пачуўся голас Ледзяша, які, выходзіць, таксама прыйшоў сюды.— Аддаў чорту душу адшчапенец — дык i зарывайце!
Читать дальше