Міхаіл Іванавіч, як убачыў, што ён нарабіў, выйшаў на калідор, зачыніў за сабою дзверы. Гэтаксама збянтэжыўся, часта заміргаў вачыма, усміхнуўся — нібы папрасіў дараваць яму.
— Прабачце, Антаніна Іосіфаўна, — пасля i прамовіў ён прыемным гучным голасам.— Выйшла вось так...
— Нічога! — махнула яна рукою.— Жывая буду...
Можа, i з нейкую хвіліну яны стаялі насупраць адно аднаго — i Антаніна заўважыла, што ён усміхаецца ўжо ні то з віною, ні то з гарэзнасцю i ў яго цёмных вачах з'явіўся нейкі нібы вільготны чорны бляск, смелы позірк. Ім ён акідваў яе, як любуючыся, з ног да галавы. I яшчэ гэты позірк быццам гаварыў: якая вы, Антаніна Іосіфаўна, прыгожая, каб вы ведалі, як мне падабаецеся!
— Давайце ж збіраць вашыя сшыткі, — усміхнуўся ён, прысеў.
I яна ў гэтую ж хвіліну прысела i яны: стукнуліся лбамі. Абое засмяяліся.
— Відаць, сваякамі будзем...— пажартаваў Міхаіл Іванавіч.— Вялікая во таму прыкмета.
— Не інакш...— жартам адказала i Антаніна, але старалася болей не пазіраць на яго прыгожы — можа, нават i занадта прыгожы для мужчыны — твар з такімі «пякучымі» вачыма, хутка збірала з падлогі разгорнутыя сшыткі.
Бачыла толькі яго выгнутыя калені, новыя, добра вычышчаныя туфлі. Здаецца, i ён кідаў позіркі на яе.
Міхаіл Іванавіч першы падняўся, падхапіў яе за локаць. Падаў ладную кіпку сшыткаў.
— Дзякую, — сказала яна, узяла ад яго сшыткі, паклала ix на свае — ён зноў усміхаўся, пазіраў на яе, відаць, цяпер вельмі паружавелыя шчокі, на яе даўгаватую шыю i на велікаваты выраз сукенкі, аблямаваны вышытымі зялёнымі кветкамі.
«I не брыдка ж яму вось так на мяне пазіраць!— падумала яна сама сабе, ніякавеючы ад гэтых позіркаў.— Аж страшна нечага: ён, гэты позірк, як гіпнатызуе, аслабляе волю. Няўжо таму, што Міхаіл Іванавіч гэтакі красун? Што недзе ў душы жыве, трапечацца радасць, што ён з любасцю на мяне пазірае? Усё ж, якую сілу мае маладосць, краса!..»
— Вы цяпер дадому пойдзеце, Антаніна Іосіфаўна?— спытаў ён, можа, i здагадваючыся, што ў яе на душы, што яна ўжо хоча адысціся. Уцячы. Як ад якой бяды. Каб спакайней было на душы: лезе во абы-што ў галаву...
— Дадому, — адказала яна.— У сваю Вішнёўку.
— Калі вы не супраць, тады мы пойдзем разам? — як папрасіў ён, пазіраючы на яе ўжо неяк іначай — па-сяброўску.— Хачу паспець на ваш аўтобус. Ён, здаецца, вось-вось прыйдзе з горада.
— Я зараз...— прамовіла яна i падалася ў настаўніцкую, па свае рэчы.
У невялікай настаўніцкай на канапе i ля сталоў сядзелі яе пажылыя i маладыя калегі; хоць ужо закончыліся сёння ўрокі i можна было ісці дадому, настаўнікі, мусіць, засталіся закончыць усякую школьную дробную работу — пазапісваць усё ў журналы, папарадкаваць вучнёўскія сшыткі — i, канечне, пагаварыць пра сённяшнюю праверку: яна, гэтая праверка, была першая ў гэтым паўгоддзі.
— Во якая вясёлая нашая шчасліўка! — усміхнуўся пажылы дырэктар.— Ды чаму не быць такой радаснай! Як прыехаў малады інспектар, зайшоў у школу, дык i не зводзіў вачэй. З намі, старымі, гаворыць, а на яе ўсё зірк ды зірк. Схадзіў усяго на адзін яе ўрок, але больш пахваліў, чым усіх астатніх разам за ўсе ўрокі... Вось што значыць быць прыгожай жанчынай!.. Які б ні строгі быў мужчына, а перад красуняй не ўстоіць...
— Хоць яна i зусім благі работнік...— пажартавала Антаніна, пазіраючы з усмешкай на сівога стомленага дырэктара.
— Ну...— дырэктар запнуўся, з хвіліну падумаў. Зноў пажартаваў: — Благі ці добры работнік — гэта на другім плане. На першым — краса... Я i сам некалі прыгожым настаўніцам ўсё дароўваў...
Вось цяпер на яго з падазронасцю зірнула жонка — пажылая: добрая, але не зусім прыгожая кабета, — i дырэктар сцішыўся, зразумеў, што сказаў лішняе.
— Але мне прыемна, — сказаў ён.— Усё ж наша вучаніца, наш калега. Будуць хваліць цябе — будуць хваліць i нашу школу...
Антаніна, усміхаючыся, паклала ў сумку сшыткі, кнігі, падышла да невялікага круглага люстэрка, што вісела пры вушаку. Паглядзелася. Убачыла напраўду сёння шчаслівы свой круглаваты твар з крышку кірпатым носам, поўныя вусны, высокі лоб, светлыя валасы. Яны сёння, як ніколі дагэтуль, прыдавалі яе твару маладосць i прыемную свежасць ды мноства няўлоўных адценняў, што маюць жанчыны-бландзінкі.
Пасля Антаніна дастала з сумкі памаду i крышку падфарбавала вусны, пазногцікам мезенца падраўняла фарбу, разгладзіла ля куточкаў вачэй дробненькія маршчынкі, узяла з вешалкі лёгкі белы плашч, згарнула яго, паклала на левую руку
— Ну, усяго добрага! — сказала ўсім i зноў не ўтрымалася, зірнула на сябе ў люстэрка.
Читать дальше