— Ты, браток, малюеш здорава, тэхніка ў цябе выключная, — прамовіў Здзіслаў, — але ты не ведаеш, што маляваць. Таму шукай нечага, старайся шмат-шмат маляваць. Бываюць жа дзве такія крайнасці: адзін ведае процьму чаго, што гэтага хапіла б на ўсё жыццё дзесяці мастакам, але не ўмее намаляваць, а другі ўмее маляваць, ды не мае гэткага багатага ведання. Вось i ў цябе ёсць такая закавыка... Банальшчыну гавару, але правільна...
— Гэтага я не падыму... — паківаў галавою Мішук, паказваючы на вогнішча. — Тут ужо ты — што рыба ў вадзе... Хоць ты мяне, відаць, недарэмна сюды прывёз...
Здзіслаў усміхнуўся i нічога не адказаў.
2
Назаўтра, калі Мішук прачнуўся i вылез з машыны (спачатку ён лёг спаць у мяшку на свежым паветры, але пасля, ноччу, змёрз i ўцёк у машыну), Здзіслава не было: паехаў да рэчкі.
Не азірнуўся, не бачыў, але чуў, як Валя выйшла з палаткі, з гультаяватай асалодай пацягнулася, а пасля, пазяхаючы i лэпаючы рукою па адкрытым роце, запытала:
— Куды панёсся наш рамантык?
— Па ваду, — не азіраючыся, адказаў Мішук, седзячы на галлі i пазіраючы на агонь. — Будзем зараз мыцца, людзьмі станавіцца.
Валя, як ён добра чуў, крадучыся падышла, нагнулася, прытулілася да яго спіны i абхапіла рукамі, сціснула ix у яго на грудзіне.
— Добрай раніцы табе... — ціха прамовіла, цмокнула яго ў шчаку.
— Добрай раніцы, — буркнуў ён. — Як спала? Сніла сцэну, гледачоў?
— Не, спала як забітая, — адказала яна, цмокнула яго ў вуха, ад чаго ў ім балюча зашчымела, а пасля i залажыла. — I вы, кавалеры, спалі як забітыя. Хоць бы хто з вас пабудзіў...
— Ты пра што гэта? — з жартоўнай строгасцю запытаў Мішук. — Ты, замужняя жанчына?
— Ладна, стары, кінь... — сказала яна, гэтаксама з жартам стукнула яму падагнутымі каленьмі ў спіну. — Хто-хто, а я ведаю цябе, помню... Думаеш, не бачу, што ты ўсё яшчэ любіш мяне? Бачу. Толькі дарэмна злуешся, помсціш: мы можам лёгка вярнуць тое... Ну, чаго маўчыш? Не верыш? — Яна павярнула да сябе яго галаву — i ён, саромеючыся, міргаючы, мусіў зірнуць ёй у прыгожы i пасля сну твар, зноў убачыў у знаёмых вачах знаёмую гарэзнасць, той настрой, што заўсёды бывае ў яе, калі яна хоча кахаць i быць каханай.
Мішук прыплюшчыў вочы, даўся, каб яна пацалавала яго, але сам вельмі з неахвотаю адказаў на яе пацалунак, пасля выцерабіўся з яе ўчэпістых рук.
— Ты чаго? — не пазіраючы на яго, толькі прысеўшы на калені i ўткнуўшыся тварам яму ў грудзіну, спытала яна, нібы разгубілася, нібы засаромелася.
— Не трэба... — адказаў ён. — Зразумей мяне.
— Ну чаму? — прашаптала яна. — Няўжо я памыляюся, няўжо табе ненавісная?
— Не, — сказаў ён. — Ты мне вельмі падабаешся. Ты такая прыгожая, што не можаш не падабацца...
— Дык што замінае нам кахаць адно аднаго?..
— Здзіслаў...— прызнаўся Мішук.— Я зайздрошчу яму, нават парою ненавіджу яго за тое, што ён такі таленавіты, што ён так шмат робіць, так далёка мінуў мяне, але я не магу яго абмануць. Яго нельга абманваць.
— Я паважаю яго як мастака, як чалавека, але не люблю... — прызналася яму i Валя. — Ды, відаць, цябе аднаго толькі i любіла... Але... Ды што гаварыць, як я не зберагла гэта каханне, на што яго... Вось цяпер i выходзіць: у цябе крызіс, я не кахаю Здзіслава, Здзіслаў пакутуе...
— Я сёлета ажанюся, — адказаў Мішук, — i ў мяне будзе сям'я. А з крызісам... Паглядзім... Не такі ўжо я няздара...
Мішук, чуючы, што Валя ці не плача, зірнуў долу i ўбачыў недалёка ля сябе на зямлі жоўты бярозавы ліст, што нейкім цудам заляцеў сюды, у хваёвы лес, пакрыўся за ноч сцюдзёнаю расою. Як прыгледзеўся, дык здзівіўся: спачатку здавалася, што гэтая золкая раса была сіваватая ад холаду, але на самай справе буйная кропля, што сабралася пасярэдзіне ліста, у ямачцы, была вельмі чыстая ды празрыстая.
1977
Тое, што для мяне было звычайным любоўным экспромтам, для яе стала цэлым пераваротам у жыцці.
Антон Чэхаў. «Агні»
1...
Антаніна прыціскала леваю рукою да грудзей вялікую кіпу сшыткаў, у правай несла класны журнал i ішла па вялікім гулкім калідоры да настаўніцкай. Толькі хацела зайсці туды, як дзверы раптоўна адчыніліся i выбілі з яе рук сшыткі.
Яна знейцейкі прыпынілася i чамусьці не толькі не лавіла, але i не пазірала на сшыткі, што адзін за адным падалі долу i на яе ногі, a, разгубіўшыся, глядзела на маладога, гадоў дваццаці васьмі, прыгожага, апранутага ў шэры касцюм i белую кашулю інспектара Міхаіла Іванавіча. Ён так хутка выходзіў з настаўніцкай, што гэтаксама ад нечаканага сутыкнення ўсё выпусціў з рук — сінюю з бліскучым поліэтыленавым верхам i з невялікім жоўценькім замочкам папачку ды згорнуты балоневы плашч.
Читать дальше