I Мішук, i Валя прамаўчалі. Толькі ён зірнуў на яе i ўбачыў, як яна сціснула вусны, усміхнулася, пацешылася з мужавага «браткі мае» ды яшчэ ад напаміну, што ён, яе гэты муж, некалі, у сваім вясковым маленстве, доўгі час быў падпасавічам — у кожныя летнія канікулы зарабляў так сабе на школьны касцюм ды на кнігі.
Здзіслаў не заўважыў гэтай жончынай усмешкі, распіхаў галінаю пад агнянымі паленамі чырвоныя вуглі, накідаў на ix месца бульбы, падгарнуў наверх прыску, пасля пастукаў галінаю па вываратнях — набіў гарачага вуголля.
— Пакрулюем, браткі мае!..
Здзіслаў жартаваў, хоць ніколі не быў надта вясёлым, кампанейскім, бо любіў пабыць сам-насам, падумаць ды памарыць, але цяпер, мусіць, стараўся развесяліць i яго, Мішука, i жонку: яны не вельмі хацелі ехаць з Мінска сюды, у восеньскую халаднаватую Налібацкую пушчу, ды начаваць у лесе. Валя збіралася сёння, у суботу, схадзіць на канцэрт прыезджага, не вельмі таленавітага, але ўсё ж прыезджага i моднага спевака, шкадавала збываць білет, што купілі ёй знаёмыя, а ён, Мішук, i ленаваўся ехаць, не маючы вялікай ахвоты збіраць грыбы, а пасля памагаць старэнькай матцы ix парадкаваць, i не надта хацеў быць у кампаніі чужой — трошкі дзіўнаватай — сям'і. Здзіслаў амаль сілаю вывалак яго з горада, каб i ён з'ездзіў у лес, — каб памог улагодзіць самалюбную, капрызную Валю: усе лічылі, што ён, Мішук, жартаўнік, умее развесяліць самых хмурных людзей, што ён да ўсяго гэтага яшчэ i вельмі хітры, ведае, што сказаць, а пра што лепш i памаўчаць.
Так, канечне, думаў i Здзіслаў: яны зналіся яшчэ са школы. Ведаў i хацеў, каб ён, Мішук, памог яму. Спадзяваўся i, відаць, нават падумаць не мог, што раптам ён не захоча памагаць i не захоча наўмысна: бо яны былі ўжо не толькі даўнія сябры, але i мастакі-супернікі. Наравістая Валя не вельмі супакойвалася ды развясельвалася. За дзень i грыбоў добра назбірала, i расчырванелася на раней белаватым твары ад ветру i ад агню, але не магла дараваць мужу. Таму i цяпер сядзела ля кастра маўклівая. Са Здзіславам нават не гаварыла, як i не заўважала, што ён усяк хацеў падлагодзіцца.
Здзіслаў, крышку разгублены, што гаворыць, жартуе, а яны маўчаць, не слухаюць яго, дастаў з рэчмяшка загорнуты ў газету вялікі скрутак. Зняў верхнюю газету, разаслаў i, разгарнуўшы іншыя скрутачкі, паклаў на яе булку хлеба, ладны кавалак любовістага сала, салёныя гуркі, пляшку «Белавежскай».
— Зараз слаўна падзедуем, бо на прыродзе i апетыт лепшы! — ужо ў каторы раз пра адно i тое ж гаварыў ён, зноў пацёр рукі, падняўся i дастаў з кішэні штаноў «удалы» складанчык — ім сёння нарэзаў больш двух вёдзер ураджайных сёлета зялёнак, крапягоў, сыраежак ды апенек.
Як убачыў, што ўсе па-ранейшаму маўчаць, як без'языкія, толькі пасміхаюцца з яго гэтай гутаркі ды радасці, пазіраюць на агонь, адышоўся ўлева, у цемень, i — слепаваты, у акулярах, што, можа, прыпацелі, — пачаў абмацваць рукамі тонкія бярэзінкі ды алешынкі. Як было ледзь відаць, знайшоўшы тонкае, як на дубец, дрэўка, нагнуў яго, чыркнуў ножыкам на перагібе, падабраў i падаўся далей, знікаючы ў цемнаце.
Мішук зірнуў на надзьмутую Валю i ў душы ўсміхнуўся: так яму, Здзіславу-шчасліўцу, i трэба! Ён даўно ўжо ўпотай, нават баючыся сам пра гэта думаць, не зусім шчыра ды добра зайздросціў Здзіславу.
Сем гадоў таму яны ў адзін год закончылі мастацкі факультэт тэатральна-мастацкага інстытута, сталі жывапісцамі. Яшчэ студэнтамі малявалі, i іхнія карціны траплялі на выстаўкі. Больш траплялі яго, Мішуковы, карціны. Сам гараджанін, ён ахвотна маляваў горад — заводы, працу рабочых на заводзе, новабудоўлі, — i старыя жывапісцы, крытыкі яго хвалілі, што ён сучасны, прысуджалі на конкурсах прэміі. Студэнтам i нават крышку пазней Здзіслаў быў не надта прыкметны: ён, жыўшы да сямі гадоў у вёсцы i навек, мусіць, не забыўшы ды палюбіўшы яе, маляваў рэчкі, лясы, вясковых людзей, i ўсе — студэнты, выкладчыкі, знатныя майстры — гаварылі, што ён несучасны, старамодны, шмат каго пераймае. Але Здзіслаў цярпліва рабіў сваё, прападаў у роднай вёсцы, накідваў тысячы эцюдаў прыроды, партрэтаў, маляваў карціны — i вось цяпер былыя выкладчыкі, крытыкі хваляць яго, гавораць, што ён i сучасны, i глыбокі. I яго вёска «пайшла» па краіне, за мяжою, праславілася — Здзіслава пачалі называць першым сярод маладых жывапісцаў. А да яго, Мішука, як прырасло гэтае другое месца, хоць ён i шмат маляваў, маляваў самыя новыя будоўлі, маладых — стомленых, але вясёлых — рабочых, i ўсё роўна ён быў другі. А сёлета шмат пакутаваў, бо бачыў, што ў жывапіс ідзе шмат таленавітых жывапісцаў i яны хутка, можа, адапхнуць яго. Гэта можна было яшчэ перажыць, выцерпець, узяцца за нешта новае для сябе, але цяжэй, а то i нельга было перамагчы іншае: ён, добра вывучыўшы ўсе Здзіславы карціны, нечакана ўбачыў — у ix ёсць шчырасць, душа, а вось у яго карцінах гэтага няма.
Читать дальше