Губаты не спалохаўся гэтага ўзмаху, ведаючы, што гаспадар ніколі яго не біў, але яшчэ далей адышоўся, аддуваючы нядобрую перамену да сябе, стаў i пачаў глядзець, што ж будзе далей, убачыў, што чалавек зноў садзіцца на воз i ад'язджае. Ён памкнуўся следам, не хочучы заставацца тут, у незнаёмым лесе, адзін, але мужчына спыніўся, нагнуўся, падняў тоўстую, з аблезлай карой галіну i запусціў у яго.
— Пайшоў! — закрычаў ён, а пасля — ужо ціха — сказаў сабе: — Пайшоў, родны... Цяпер не прападзеш. Гэта летась, як быў малы i я шкадаваў разам з дзецьмі, баяўся, што не ўцалееш... Каб ты не прыбег, я наўмысля выпусціў не за нашымі Янковічамі, а прывёз сюды, у Налібацкую пушчу... Жыві тут сабе на здароўе... У нас табе не жыце... I нам клапатэ з табою...
Губаты, пакрыўдзіўшыся, больш не памкнуўся наўздагон, адстаў, адвярнуўся i паціху пакрочыў па чужым, ціхім, зусім далёкім ад вёсак лесе, чуючы, як аддаляецца ляскат колаў. Але ён наўмысна, не ўслухоўваючыся, ішоў, куды вялі ногі.
...Ужо к вечару ён, не раз пад'еўшы i напіўшыся ў невялікай лужынцы зеленаватай нясмачнай вады, спалохаўшы зайца, сямейку цецерукоў, набіўся на лася.
Той, высокі, буры, рагаты, стаяў уперадзе і, падняўшы галаву, чакаў яго, а пасля злосна зафыркаў, грабянуў стройнаю дужаю нагою зямлю. Губаты i спалохаўся, i радасна памкнуўся да свайго ляснога аднакрэвіча, але той, моцна раздзімаючы ноздры, грозна насупіўся, апусціў рагатую галаву, а пасля, бачачы, што аднаго яго пагрознага выгляду мала, подбегам падаўся насустрач. Губаты ледзь паспеў адскочыцца, ухіліцца ад вострых цвёрдых рогаў, зразумеўшы, што ён тут чужы, лішні, замінае, бо — хоць у лесе ўсяго шмат i ўсім любога хопіць — гэтаксама хоча мець тут нязводны харч, быць гаспадаром удалай мясціны... Таму вось так не хочуць, каб яшчэ быў i ён, ці, можа, i не супраць, каб быў, але каб блукаў недзе падалёку, у горшых мясцінах...
Губаты мусіў уцячы з багатага на лісце i траву глухога кутка, вярнуцца ў стары, а ля яго i малады сасновы лес, куды яго прывёў ляснік, думаючы, што трэба ўсё яшчэ шукаць i сабе лепшага прытулку. Нервова патаптаўся, здзіўляючыся i абураючыся, што яго тут так непрыхільна сустрэлі, а пасля зашыўся ў густую папараць i лёг, спрабуючы заснуць. Але не мог. Спачатку здавалася, што вельмі мулка ляжаць, ён шмат круціўся, поўзаў, выбіраючы мякчэйшае месца, пасля стала холадна, стыла ад зямлі, што ў яго збеглася, пакрылася буйнымі зярняткамі скура. А з густою, як ад накрытага на лес вялізнага гаршка, цемнатою прыйшоў страх — сполах ад адзіноты, ад савінага прарэзлівага крыку, — i ён засумаваў па цёплым хляве, па маленькай загарадцы, якіх яшчэ ўчора патаемна недалюбліваў, а цяпер так помніў, шкадаваў, хацеў зноў трапіць туды.
Яму не цярпелася ўскочыць i пабегчы туды, да людзей, i калі гэтая думка, ад якой аж зашумела ў галаве i нечым гарачым аблілося сэрца, ледзь не падняла на ногі, нечакана прыйшла другая, цвярозая, халодная, ад якой адліла кроў ад галавы i сэрца: падумалася, што можна не знайсці туды дарогі i — самае важнае — там ён зусім непатрэбны...
5
Прывыкаючы да лесу, кожнага мігу шукаючы ў ім сабе сябра, але ўсё яшчэ пастаянна ратуючыся бегам ад таго бурага i другіх вялікіх аднакрэвічаў, толькі маладой смеласцю ўрываючы ў іхніх кутках крыху лісця i травы, Губаты пачаў жыць у пушчы.
Ён пачаў пакрысе дзічэць. Можа, i зусім здзічэў бы, вырас у дужага вялікага лася, заваяваў бы пакрысе сабе добрае для харчу, сну, гулянак, сям'і месца, меў бы сярод ласёў славу, калі б не людзі.
Губаты не мог яшчэ зусім ад ix адвыкнуць. Аднойчы, як пачуў неспадзявана далёкія людскія галасы, ён, усхваляваны, радасны, нават адурнелы ад шчасця, пабег да ix на злом галавы праз стары лес. Знайшоў, убачыўшы некалькі жанчын у гумовых ботах, з клункамі i граблямі. Чакаючы смачнага хлеба i аж пускаючы слінкі, кінуўся да ix, падбрыкваючы ад радасці нагамі, але яны, пачуўшы яго тупат, азірнуліся, нарабілі дзікага піску i сыпанулі хто куды. I як ён ні стараўся дагнаць якую кабету, прылашчыцца, усе ад яго ўцякалі, нема крычалі, азіраючыся (твары ix аж пасінелі ад страху), а пасля, асмеліўшыся, сабраліся разам, схаваліся за тоўстую хвою, злосна махалі на яго граблямі, кідалі галлё, зямлю...
...Гэтых двух маладжавых мужчын — высокага, чарнявага, гарбаносага на шырокім загарэлым твары i маларослага, рыжаватага, дробненькага па твары, у гумовых высокіх ботах i фуфайках, — якія ішлі не па блізкай, тупкай пасля дажджу дарозе, a ціха, зладзеявата азіраючыся, падаліся лесам, Губаты ўбачыў першы.
Читать дальше