— I я буду кальміць...— паўтарыла за ім дзяўчынка, гэтаксама з папрокам пазіраючы на маўклівага, як вінаватага бацьку сваімі вялікімі вачамі, поўнымі слёз.— Ты нядоблі, татусь...
— Добра вы робіце, дзеці, i нядобра...— зморшчыўся, нарэшце азваўся ён.— Хораша i люба, што гледзіцё так Губатага, але блага, што трымаеце. Ён звер i павінен жыць у лесе. Там яго дом... Пасцель, яда, воля... Цяжка бывае дзікаму зверу, калі яго залішне прыручаць людзі... Гора бывае, бяда... Я ж ведаю...
Губаты, нічога не баючыся, падхапіўся, гарцануў i пабег да яшчэ аднаго сябрука — да цяляці. За ім, не слухаючы, а можа, зусім не разумеючы сталых, сур'ёзных бацькавых слоў, памчаліся i шчаслівыя дзеці.
4
Губаты — так ужо выйшла — застаўся ў лесніковай гаспадарцы. Летам i ранняй восенню ненавязаны пасвіўся з цялём на выгане, бегаў у лес паласавацца лісцем i карою, прывык да вёскі, да машын, людзей, аббегаў усе ваколіцы, i да яго прывыклі, надта дзеці. Начаваў у падпаветцы.
На зіму яго паставілі ў невялікую загарадку ў хляве, да якога ён доўга не мог прывыкнуць: неяк муляла суседства з каровай i свіннямі. Тыя не хацелі падружыцца з ім — надта ж палахліва свінні рохкалі і пудзіліся яго, — цяжка было пераносіць пах гною i цеснату ў маленькай загарадцы, усё ж у душы яму хацелася волі, прастору, бегатні, чаго яму даводзілася мець вельмі рэдка i не памногу, толькі тады, калі выганялі паіць яго з каровай i цялём да абмёрзлай лёдам студні.
За зіму ён зусім змяніўся — выцягнуўся, пастрайнеў i памацнеў у нагах, ударам капытоў мог ужо адбіваць жэрдкі, падаўжэў у спіне ды пацяжэў, аброс густой, доўгай, амаль чорнай поўсцю, адчуў неспакойны сверб у галаве вышэй ілба — там, няйначай, раслі, касцянелі рогі.
Вясною, калі спала талая вада, патужэла вільготная халодная зямля i пачала ядрана пахнуць яшчэ нябачная маладая лістота, Губаты засумаваў, не мог больш стаяць у паменшанай ад гною загарадцы, многа есці, спаць ці паціху хадзіць па двары, як хадзілі цяжкая, сытая, палінялая карова i падрослы, пазласнелы i не такі ўжо сябрук бычок-выхваляка, а яго зноў, але мацней, як восенню, завабілі воля, прастор, лес i яшчэ нейкія незразумелыя жаданні, завабілі больш, калі адчуў, што i ён, падрослы, не так ужо цягнуўся дурэць з дзецьмі i тыя за зіму неяк да яго пахаладнелі, пачалі баяцца яго штуршкоў, ад якіх яны адляталі, як снапы.
I ён, калі апынаўся на двары, нервова хадзіў на ім, цёрся ля высокага плота, пакідаючы на стрэмках пабурэлую ўжо поўсць, а аднойчы пад'юшчыла гэтая самота, жаданне волі — i ён разагнаўся, стукнуўшыся галёнкай, перагойснуў загарод i радасна пабег па знаёмым выгане ў лес.
...Ляснік, як сонца паднялося над хатай, разліло маладое цяпло на сінім небе, уехаў у двор з калясьмі, увайшоў сюды, у хлеў, пагладзіў Губатага, якому надакучыла стаяць аднаму ў загарадцы, па шыі, а пасля амаль нячутна завязаў на яе пастронак i за яго, адчыніўшы перакошаныя варотцы, вывеў з пустога хлява на двор, прывязаў да калёс. Ён тыцнуўся да воза, панюхаў сена, галінкі з альховым i лазовым лісцем, шчыпнуў, але з неспакоем адчуў, што гаспадар сёння задумаў зрабіць з ім нешта дасюль яшчэ не вядомае.
Да воза падышлі гаспадыня, дзеці, моўчкі пазіралі на ix.
Гаспадар гэтаксама моўчкі сеў на воз, пацягнуў за лейцы — i маленькі рудаваты конік з белаватымі нагамі крануўся. Пастронак нацягнуўся — i павалок за сабою. Губаты, непакоячыся, але не адчуваючы яшчэ ніякага страху, нехаця падаўся, здзіўляючыся, куды яго вядуць: спяшаўся за возам i не мог азірнуцца, убачыць, што гаспадыня з дзецьмі выйшлі на вуліцу i развітальна махаюць рукамі...
У лесе ляснік прыпыніўся, неяк крадучыся, падышоў, прылашчыў, даючы ўзяты з кішэні выкачаны ў махорку акраец хлеба, i нечакана накінуў яму на галаву мех. Ён спачатку спалохаўся неспадзяванай цемнаты, чакаючы раптоўнага ўдару па галаве, затрапятаўся, ірвануўся, але пастронак пераціснуў горла, i ён ледзь не задыхнуўся.
— Не бойся, Губаты, — заспакоіў яго ляснік.— Ніц благога я табе не зраблю...— зноў паехаў, прымусіўшы яго бегчы ўслед.
Ехалі яны так доўга. I па мяккай, i па тупкай, з карэннямі дарозе, у адным месцы перамінулі мост — Губаты там вельмі насцярожыўся, ішоў баязліва — пасля яшчэ многа, можа, гадзіны са тры, падаваліся то ўлева, то ўправа, затым паехалі лесам, па сухім імху i верасе, што Губаты некалькі разоў спатыкаўся аб пні i ў вырытых, мусіць, дзікамі ямінках.
Нарэшце ляснік прыпыніўся, падышоў да яго, зняў мех, ад якога ўвапрэлі галава i карак, адвязаў пастронак. Губаты паварочаў мызай, зафыркаў і адышоўся. Ляснік у гэты час махнуў вяроўчынай: уцякай, маўляў, вось твой дом, у якім ты цяпер павінен жыць!
Читать дальше