Для яе, мусіць, было вельмі важна, што ён скажа, як павернецца да яе лёсу. Яна, можа, вельмі каялася цяпер, што тыдні з два таму прызналася, што зусім не ведае практыкі. Каб яна ведала практыку, то яе Віктар, канечне, без роздуму ўзяў бы...
Ён паглядзеў на яе вузенькія плечы, белую, без ніводнай плямінкі шыю, высокія грудзі, чырвоны схілены твар i ўсміхнуўся, падумаўшы, што яна вельмі прыгожая, прыцягвае да сябе, зачароўвае. Лідачка зірнула на яго i квола ўсміхнулася, смела вытрымала яго позірк.
— Вы возьмеце мяне, Віктар Альфонсавіч?
— Чаму так гучна? Віктар, Віця...
— Ну...— Лідачка зноў усміхнулася i, здаецца, пачала смялець, быць ранейшаю.
— Падумаем, усё ўзважым.
— Дзякуй, — пашчаслівела тая.
— Не спяшайцеся, — ён астудзіў яе.— Я нічога яшчэ вам не абяцаў. Я толькі буду думаць i гаварыць з дырэктарам.
— Але я буду спадзявацца на вас, — сказала Лідачка i ўжо зусім смела паглядзела на яго: відаць, рашыла, што будзе лепш, калі яна пасмялее, «возьме яго ў рукі».
Віктар паціснуў плячыма i здзівіўся сваёй слабасці — цяжка запярэчыць прыгожай жанчыне, няма сіл сказаць ёй усю праўду. Не баяўся, што яна пасля гэтага ўзлуецца на яго, перастане ўсміхацца яму ды кампліментнічаць, а адчуваў, што не можа сказаць, што думае, што трэба гаварыць.
— Хадзем нагуляем, — прыблізілася i ціха сказала Лідачка.— Такі сёння сонечны дзень.
— Што ж я нагуляю? — хацеў далікатна адмовіцца ён.— Трэба ісці ў сад i забіраць сына, жонцы памагчы. Я ж сямейны чалавек, не такі вольны, як вы.
— Але вы сёння маеце яшчэ ў запасе цэлую гадзіну, — усміхнулася яна i, здаецца, добра зразумела, што ён не вельмі ахвотна згаджаецца на гэтую гулянку, ды тут жа, відаць, разбіраючыся, што рабіць i гаварыць пры такіх інтымнасцях, пастаралася згладзіць усякую няёмкасць. Яна неяк хітра ўсміхнулася, падалася яшчэ бліжэй да яго.
Стаяла зусім блізка — танклявая, стройная. З усмешкаю ўздрыгвалі яе тонкія вусны, ледзь прыкметна білася жылачка на прыгожай шыі. Высокія грудзі яе ад хвалявання ўздымаліся пры дыханні, рукі, здаецца, аслаблі, апусціліся, а зеленаватыя вочы пачалі туманець. Яна, мусіць, чакала, што ён ступіць усяго адзін крок i пацалуе яе, бо пазірала пяшчотна i прызыўна.
Яму i хацелася падысці, пацалаваць яе — ён нават уявіў, як сустрэнуцца ix халаднаватыя насы, сухаватыя вусны, якія зашчымяць ад пацалунка, як яна прыхінецца да яго сваімі грудзьмі i яму ад гэтага дотыку закружыцца галава...
— Ну, хадзем, — перасіліўшы сябе, сказаў Віктар, паспешна адышоў ад яе, апускаючы долу вочы, адчыніў дзверцы століка, дастаў адтуль пакунак загорнутых у шэрую паперу кніг, прысланых яму ўчора з Масквы.
— Пакіньце вы сёння гэтыя кнігі тут, — сказала Лідачка i дакранулася рукою да сваіх палымяных шчок, — заўтра возьмеце i пагледзіцё.
— Не, — паківаў галавою Віктар.— Кнігі новыя, я ix вельмі чакаў, то не магу сёння не паглядзець ix.
— Тады пачакайце мяне, я плашч вазьму, — прамовіла яна i прайшла ля яго.
Ён замкнуў пакойчык, укінуў ключ у кішэню i паволі пайшоў па калідоры да лесвіцы. Падаваўся з адной толькі думкаю — каб ніхто яму не спаткаўся.
Па калідоры зацокалі абцасікі, i ён зразумеў: ідзе Лідачка. Азірнуўшыся, ён убачыў, як яна спяшаецца да яго, зашпільвае гузікі плашча, зацягвае пояс.
Моўчкі яны спусціліся па лесвіцы ў вестыбюль, выйшлі на вуліцу.
На дварэ не па-кастрычніцку разліваліся цяпло i відната — сінела неба, ярка сляпіла ў вочы гарачаватае сонца. Самотна i лёгка плылі між дамоў бліскучыя павуцінкі, чапляліся за карнізы i гайдаліся, не маючы сіл адарвацца.
— Каб вы лепш ведалі мяне, магу расказаць пра сябе, — сказала Лідачка, — Усё роўна прыйдзецца запаўняць анкету, то я цяпер хачу жывей гэта зрабіць.
— Раскажыце, калі падахвочваецеся, — згадзіўся Віктар.— Разам працуем, а ведаем адно пра аднаго мала.
— Як гаварыла, я яшчэ незамужняя, — жартуючы, пачала Лідачка.— Сватанні былі, але я адхіляла ix. Мне яшчэ толькі дваццаць тры гады, куды мне спяшацца? Так?
— Не ведаю, — паціснуў плячыма Віктар.— У кожнага сваё.
— Тата — інжынер-будаўнік, мама — галоўны ўрач. Брат гэтаксама будаўнік, пайшоў па татавых слядах. Цяпер у Сібіры, на новабудоўлі. Я... Я яшчэ ніхто... У нас чатырохпакаёвая кватэра, дача i «Жыгулі».
— Няблага, — сказаў Віктар, — Вы вельмі важная нявеста. Каб быў халасцяк, то пасватаўся б.
— Я не хачу замуж!— запярэчыла Лідачка.— Чаго? Быць гаспадыняй? Не.
— А мама ваша?..
— Я не хачу так, як мама... Кухня, ванна...
Читать дальше