— Хай бы гэта я не адчыніла фортачкі...— прашаптала Валя, — то мяне б... Цэлы тыдзень яна бедавала б, што сцены сырэюць. Так i ведай, што ты ў гэтым вінаваты.
— Нічога, перажывём, — шапнуў Віктар, пагладзіў жонку па галаве, пацалаваў.
Яна адказала доўгім пацалункам. У гэтую хвіліну гаспадыня чагосьці залямантавала, выскачыла з кухні i з крыкам прабегла ля ix пакоя. Следам за ёю штосьці гупнула, а затым глухавата зазвінела. Здаецца, лыжка. Маладыя гаспадары сварыліся досыць часта, рабілі на ўвесь дом крыку, хоць не раз гэты шум быў з-за дробязей.
— О божа! — прашаптала Валя i адхінулася ад Віктара, закрыла твар рукамі.— Калі мы ўжо будзем адны?
— Будзем.
— Мілы мой! Добра, што так ты верыш, памагаеш мне. Што я рабіла б без цябе? Нe ведаю.
3
— Ну, бывай, — гаварыў праз тыдні два Віктару Вацлаў Іосіфавіч, калі яны засталіся толькі ўдвух.
— Дарэмна вы пакідаеце інстытут, — сказаў Віктар.
— Я ведаю, што раблю, каму перадаю аддзел, — неяк сумна, вельмі пастарэла за гэтыя дні ўсміхнуўся Вацлаў Іосіфавіч, памуляў шыяй, расціскаючы цесны, зношаны i пабялелы ад поту каўнер. Стаяў паблізу, пазіраў долу — на свой паўнаваты жывот, не прасаваныя даўно штаны, на зношаныя i крыху скрыўленыя на бакі свае туфлі з белаватымі наскамі, — а я...— ён стомлена ўздыхнуў, — папрацую ў іншым, больш спакойным месцы... Так будзе лепш. У воз ты запрогся, то цягні. Я таго не павалаку... Не спяшайся толькі на выкладчыцкую работу пераходзіць ці кабінетным зрабіцца.
— Ды пастараюся.
— A ў аддзел сам падбірай сабе работнікаў. Я наўмысна нікога не браў, хацеў даць табе гэта права. Бяры найбольш практыкаў. A Лідачку можаш узяць толькі дзеля аднаго — каб весялей было працаваць...
Віктар пачырванеў i нічога не сказаў: за гэтыя два тыдні Лідачка амаль не вылазіла з ix аддзела, увесь час кампліментнічала з ім, старалася ўсяк дагадзіць яму. Каб захацеў ён птушынага малака, то, здаецца, дастала б.
— Ну, усяго добрага, хлопец!— моцна паціснуў руку Вацлаў Іосіфавіч.— Працуй! — усміхнуўся i выйшаў з пакоя.
Віктар застаўся адзін. Яму стала неяк сумнавата, не верылася, што ён цяпер начальнік, будзе скора мець падначаленых, працаваць з імі. Неяк не хацелася быць без Вацлава Іосіфавіча, без яго мудрых парад, не хацелася ісці да дырэктара i дамаўляцца з ім, каго браць у аддзел. Не хацелася сустракацца з намеснікам дырэктара, які прасіў Віктара узяць яго пляменніка, сёлетняга выпускніка інстытута. Прасіў узяць хоць у лабаранты, каб той «абцёрся крыху», а тады ўжо ён сам, намеснік, пастараецца перавесці яго ў навуковыя супрацоўнікі.
У дзверы далікатна пастукалі.
— Прашу, — сказаў Віктар.
У пакой зайшла Лідачка. I сёння яна была ў новым крымпленавым касцюме — бурачковай блюзцы i сініх штанах, у новым светлавалосым парыку, была прыгожая i прывабная. У руках трымала букецік шэрай травы-мятлічкі.
— Яшчэ раз віншую вас, — схілілася i тактоўна падала букецік.
— Дзякуй, — сказаў Віктар.— Дзе вы ўзялі?
— З вёскі, — усміхнулася Лідачка.— Слёзкі палявыя.
— Дзякуй, — ён пацалаваў Лідачцы руку.— Вельмі ўсцешаны.
Ён напраўду быў усхваляваны — i ад свайго ўчарашняга павышэння, ад сённяшняга развітання з Вацлавам Іосіфавічам, ад сухога віна, якое яны выпілі на развітанне. Толькі што тут быў увесь аддзел, праводзіў Вацлава Іосіфавіча.
— I вы адзін. Начальнік...
— Думаю.
— Пра што, калі не сакрэт?
Ён запрасіў яе садзіцца i сказаў, што думае, каго ўзяць сабе ў лабаранты i навуковыя супрацоўнікі: аддзел пашыраецца i многа патрэбна людзей.
— Аднаго супрацоўніка магу я падказаць, — усміхнулася Лідачка.
— Прашу, — сказаў ён, усё разумеючы.
— Я, — сказала Лідачка i зачырванелася — хоць крыху i жартавала, але добра ведала, што цяпер яна можа «выбіцца» з лабарантаў, стаць «на ранг» вышэй.
Яна ўважліва сачыла за яго тварам, як ён глядзіць на ўсё гэта.
— Будзем помніць i пра вас, — сказаў Віктар, — а таксама не забываць, што даваць загад будзе дырэктар, я толькі падшукаю патрэбных людзей.
— Вы многа значыце...— захвалявалася Лідачка, аж уздрыгнуў яе голас i на твары з'явіліся чырвоныя пляміны.— I для мяне гэта многа значыць.
— Разумею, — сказаў ён; ледзь стрымаўся, каб не запытаць: «А для навукі ці значыць гэта што?» — Мне ж трэ будзе працаваць з людзьмі, з мяне спытаюць...
— Я пастараюся...— Лідачка, якая заўсёды была смелая, шчабятлівая, бянтэжыла сваімі пільнымі i какетлівымі позіркамі, цяпер зусім разгубілася, апусціла ўніз галаву.— Ды я камсамольскую i прафсаюзную работу ведаю, умею танцаваць i спяваць, у тэніс гуляю.
Читать дальше