— Ды не, — адразу сказаў ён.
— Маніш, — жонка надта не хацела верыць яго словам.— Я даўно ўжо адчувала, што некага ты ўпадабаў, бо зусім змяніўся. Зчужэла я табе.
Віктар думаў пажартаваць, штосьці прыдумаць пра тую, што ён «упадабаў», але пасля рашыў, што не трэба злаваць жонку, псаваць ёй настрой.
— Нічога не змяніўся, — сказаў ён.— Працаваў многа... Цяпер буду больш глядзець цябе.
— Ой!— махнула рукою жонка.— Гавары каму, а не мне. Дысертацыя дасюль, а цяпер доследы ды артыкулы ў цябе ў галаве. Ix ты глядзіш.
— Вучоны ж, — усміхнуўся Віктар.
— Ты вучоны там, у сваім інстытуце, яшчэ раз табе скажу, — прамовіла Валя, — а дома трэба перш за ўсё чалавекам быць. Калі хочаш толькі пра навуку думаць, то не варта было жаніцца, сям'ю заводзіць.
— Усе вялікія людзі былі, мусіць, благімі сем'янінамі... Так ужо выходзіць.
— То вялікія. Але ты яшчэ не Ціміразеў i не Мічурын... На раскладушцы спіш, у туфлях са збітымі абцасамі ходзіш...
— Пачынаю расці, — усміхнуўся Віктар.— Я ўжо неблагі спецыяліст па льну-даўгунцу. Ca сваёй дысертацыі буду брашуру рабіць i выдаваць.
— Не хачу цябе пакрыўдзіць, — сказала жонка, — але ты толькі спецыяліст. А вось Ціміразеў ды Мічурын былі вучоныя, вялікія вучоныя. I ўсе гэта бачылі.
— Цяпер другі час. Ды i мы робім усё, што ўмеем...
— Ад — настаўніца — не раблю, не ўмею?
— Робіш.
— Дык чаму гэта толькі мне трэба вам есці варыць, вашу бялізну мыць? Я гэтаксама, можа, села б, падумала б i артыкульчык пра выхаванне напісала б...
Віктар усміхнуўся, асекся i не ведаў, што адказаць. Падумаў толькі, што ён не можа без аграноміі, без поля i навуковых кніг, не можа, каб нешта не шукаць новае, але, праўда, нядобра ж выходзіць, што ён усе сямейныя клопаты пераклаў на жончыны плечы.
— Ты ў мяне самая харошая, — сказаў ён i прытуліў жонку.— Усё разумееш i памагаеш мне. Без цябе я ўсяго гэтага не зрабіў бы.
— Дурная я, — адхілілася яна.— На маім месцы другая б...
— А я другой І не ўзяў...
— Пашанцавала табе, запрог мяне...— міралюбіва прамовіла Валя.
— Не такі я ўжо i благі сем'янін: памагаю ж крыху часамі, — сказаў ён, супакойваючы яе, — цяпер у мяне будзе болей вольнага часу, то i болей памагаць стану.
— Паможаш ты...— усміхнулася ўжо жонка.— Зноў нешта прыдумаеш i час той вольны затраціш...
Віктар падумаў, што яна сказала чыстую праўду. Ён завельмі ўжо запрог яе — паднімаецца яна раней, прыгатуе сняданак, разбудзіць ix i прыбярэ ў пакоі, адзене сына, угаворыць з'есці («з'еш, Сяргейка, за маму, за тату, бабу i дзеда»), як яму, Віктару, не выпадае, то i сама завядзе дзіця ў сад, пасля бяжыць у школу. Адвучыць i зноў спяшаецца дахаты, часцей за ўсё сама выстойвае ў чэргах у магазіне, варыць вячэру, прыбірае, мые, піша планы i правярае сшыткі. Калі выпадзе якая вольная хвіліна, гуляе з сынам, просіць таго, каб не шумеў, бо «тата чытае».
Задумалася i Валя. Мо каялася, што гарачліва гаварыла, папракала яго, ведаючы, што так было i так будзе, што так, можа, i павінна быць. На цяжкаватую сваю долю яна скардзіцца толькі яму, а пры іншых ганарыцца ім, не дасць, каб хто насміхаўся.
Валя выключыла газ, перакінула з патэльні ў талерку гарачую бульбу, паставіла на стол. На сподачак палажыла салёныя гуркі, што дастала відэльцам са слоіка. Віктар пасаліў памідоры, парэзаў хлеб, наліў у кубкі малака, паклікаў сына.
— Жонка вучонага...— сказала Валя.— Цеснімся ў чужым пакойчыку, локці халата свіцяцца.
— Некалі ў нас будзе свая кватэра, будзе многа грошай. Цяпер мы думаем, дзе ix узяць, тады будзем непакоіцца, куды ix дзець.
Жонка ўсміхнулася i нічога не сказала, толькі паківала галавою: ужо не раз чула, як ён так суцяшаў яе.
— Цяпер буду больш палучаць... I з першай жа кандыдацкай палучкі куплю нарэшце табе крымпленавы касцюм i кветак.
— Ну-ну. Але сёння памідоры з алеем з'ядзім. Вітаміны...— усміхнулася яна, жартуючы ca сваіх ашчадных гаспадароў, якія самі ніколі не ядуць стравы са смятанай, даюць яе толькі дзецям (збіраюць грошы на машыну).
Віктар зразумеў, што цяпер i Валя хоча «выкамбінаваць» смятаны на заўтрашнюю раніцу — забяліць капусту. Адтае вунь на акне, пусціў струменьчык чырвонай вады нядаўна дастаны з маразілкі кавалак мяса.
...Сённяшнім вечарам Віктар не пісаў, гуляў з сынам, глядзеў тэлевізар, гаварыў з жонкаю пра яе школу i калег, пра цяперашніх дзяцей. Пасля леглі спаць, чакалі, калі засне сын i ўкладуцца гаспадары, якія позна вячэралі, варылі варэнне.
Гаспадыня баялася прастудзіцца i не адчыняла люфціка на кухні, то ўсе яблычныя i слівовыя, бруснічныя пахі цягнуліся па кватэры, не давалі дыхнуць.
Читать дальше