— Як бачыце, i кандыдаты не такія ўжо ўдалыя людзі...
Загадчыца, відаць, любіць пагаварыць, пажартаваць, але Віктар ніколі не стараецца гэтага рабіць. Павітаецца i адыходзіць, неяк саромеецца прыгожай жанчыны, яе самотнага позірку. Ды ён паглядзеў, што яна паддобрываецца да ўсіх мужчын.
Сын падбег да яго, папрасіўся на рукі. Віктар падхапіў яго i каторы ўжо раз падумаў, што Сяргейку тры гады, а ён зусім худзенькі, дробненькі i лёгкі. Гаспадарскай дачцэ на год меней, але яе ледзь узняць на рукі. А ядуць, здаецца, адно i тое ж.
Віктар развітаўся з загадчыцай i накіраваўся дамоў.
— Ты ўмееш так спяваць?— запытаў сын i заспяваў, што навучыўся сёння ў садзе.
— Не.
— А што ты ўмееш?
— Амаль нічога, — усміхнуўся Віктар, — пачаткі ўсіх песень ведаю, а закончыць не магу.
Сын здзіўлена зірнуў на яго, як усё роўна падакараў: які ж ты бацька пасля гэтага! Віктар падумаў, што i напраўду ён благі бацька: не толькі мала бачыцца з сынам, але i не ўмее гуляць з ім. Сядзе, чытае ці піша i адганяе малога, які падыдзе i просіць прачытаць казку ці што паказаць яму... Так, сёлета ён многа працаваў, за поўнач карпеў над дысертацыяй, то не толькі мала глядзеў сына, але мала глядзеў i жонку. Як загаворыць яна ці прысядзе яму на калені, то ён моршчыўся i прасіў: «Ну, пачакай, дай дапішу!»
«Калі ты ўжо дапішаш? — уздыхала Валя i адыходзілася.— Што за муж у мяне! Сама не падыдзі, дык ён век не падыдзе. Урэшце, хто табе важней — я ці гэтая дысертацыя?»
«Абедзве вы», — адказваў ён, не слухаючы яе.
Усё гэта — што ён мала памагае жонцы, мала глядзіць яе — нядобра, канечне, i сам часта думаў ён. Але што ж рабіць, калі хочацца бываць у вёсцы, на полі ці паболей пасядзець у бібліятэцы i вычытаць што-небудзь новае пра лён.
Селі ў трамвай. Сын прымасціўся ў яго на каленях i ўвесь час шчабятаў. Віктар слухаў i не слухаў, успамінаў Вацлава Іосіфавіча, думаў, няўжо той намысліў пайсці з інстытута? Успамінаў, як яны курылі даўкі самасад, як ён ішоў дахаты з Лідачкай, здзіўляўся: чаго яна так раптам падышла да яго, прызналася, што заўсёды паважала яго?
У пад'ездзе на першым паверсе густа пахла гуталінам. Віктар ведаў, што тут нядаўна чысціў туфлі малады хлопец, які вельмі сочыць за сабою, бо ездзіць штовечар у інтэрнат да дзяўчыны. Ён так стараецца, што аж запырсквае гуталінам сцены, якія пачарнелі знізу, доўга пасля пахнуць. На другім паверсе пахла капустаю, свежым смажаным салам, прыгарэлым малаком — жанчыны вярнуліся з працы i пацеюць ля пліт.
Дзверы ім адчыніла Валя. Невысокая, чарнявая, з рэдзенькім пушком над вуснамі, поўненькая. Была яна яшчэ з высокаю прычоскаю, у выхадной сукенцы, на якую толькi накінула паношаны, некалі сіні, а цяпер бела-блакітны халат. На нагах у яе былі разношаныя рудаватыя тапачкі са стаптанымі пятамі.
— Якія вы мокрыя! — пашкадавала яна, пачала раздзяваць сына, пасля папрасіла яго: — Памажы, Віця, на кухні. Сёння сказалі, каб мы першыя елі. Будуць варэнне варыць, то ім надоўга трэба пліта.
Віктар пераапрануўся i пайшоў на кухню. Жонка ўжо разрэзала памідор, пасаліла яго i дала сыну.
— Прадавалі сёння апельсіны, — сказала яна, — прастаяла дзве гадзіны, але ўзяла пяць кіло. Хай есць, можа, лепшы будзе апетыт.
— Добра, — буркнуў ён, крышачы ў міску памытыя памідоры, гледзячы, як Валя зняла са скаварады накрыўку, адхінулася ад гарачай пары, як застраляў тлушч, апырскваючы белую пліту.
— Што добра? — перапытала жонка, мяняючы з рукі ў руку гарачую лыжку з наліплаю тлустаю бульбаю.
— Ды тое, што ты зрабіла.
— Ды ты мяне не слухаеш, — пакрыўдзілася яна.— Зноў думаеш пра сваё. Пра кнігі якія ці артыкулы...
— Што ж зробіш! — усміхнуўся ён.— Хочаш ці не хочаш, a i тут, на кухні, думаецца пра навуку.
— Для мяне ты, ды тут яшчэ, не вучоны, а муж, — сказала Валя, — i не забывай на гэта. А то ў вёсцы ці ў бібліятэцы падоўгу прападаеш, а я ўсё адна ды адна... Калі сёння прыйшоў рана дахаты, дык паглядзі сям'і.
— Ох, гэтыя сямейныя абавязкі, як сказала сёння мне адна красуня! Тармозяць яны навуку!
— Якая красуня? — раўніва спытала жонка.
— Ды лабарантка з суседняга аддзела, — усміхнуўся Віктар.
Жонка разгублена пазірала па яго і, мусіць, хацела па яго ўсмешцы разгадаць — жартуе ён ці праўду гаворыць.
— Так i сказала.
— Вельмі прыгожая яна?— Валя накрыла бульбу — гарачую накрыўку брала голымі пальцамі, таму апякла ix, зморшчылася.
— Прыгожая, — прамовіў ён.
— Лепшая за мяне? — запытала яна жартоўна, але зласнавата прыплюшчыла вочы, здалася цяпер нейкаю стомленаю, пастарэлаю.
Читать дальше