Ён устаў, пагладзіў жонку па плячы. Яна моўчкі схілілася да яго.
— Не пашанцавала табе са мною...— сказаў ён.
— Чаму, Віця?
— Другія мужы як мужы, а я... Сяджу во, яе гляджу, — ён кіўнуў на новыя кнігі i лісты паперы.
— Не гавары так. Можа, я не самая шчаслівая, але мне не так ужо i блага... Я ўсё разумею. Будзь ты цяпер іншы — я не ўяўляю...
Віктар нічога не сказаў, толькі пацалаваў жонку.
— Любіш? — шапнула яна.
— Вельмі люблю.
— I яе, гэтую навуку?
— I яе.
— I мне трэба змірыцца, што ты дзеліш сваё каханне?
— Трэба.
— I ганарыцца, што я жонка вучонага?
— Канечне.
— I не перажываць, што ты спіш на раскладушцы, а я дасюль усё яшчэ не маю крымпленавага касцюма?
— Перажываць, але верыць у лепшае.
— Прафесар ты мой! — Валя абхапіла яго за шыю, неяк загадзя паўраскрыла вусны i моцна пацалавала яго, як ніколі дасюль, — Але ж, праўда, i я памагла табе стаць кандыдатам? Не толькі лыжкі мыю...
— Без цябе я...
— Ну, не трэба, — папрасіла яна.— Хадзем есці. Я гэтаксама яшчэ расінкі ў роце не трымала.
— Ну, ты! — нахмурыўся Віктар.
— Маўчы...— усміхнулася яна, — не крычы. Сам жа ведаеш, што мы з табой так мала бываем разам. Пасядзім ды пагаворым.
— Падумаў я вось, жонка: кіну я ўсё гэта, не буду так старацца чытаць усе навінкі, многа ездзіць у вёскі i практыкаваць, — усміхнуўся Віктар, — задаволюся тым, што ёсць. I спецыяліст я ўжо неблагі, яшчэ доўга будуць патрэбныя мае рэкамендацыі, i кавалак хлеба будзе. Лепш знайду болей часу схадзіць з табою ў кіно ці возьмем адпачынак i паедзем да мора, будзем толькі ўдваіх...
— Не ўцерпіш ты, каб не прачытаць што новае, не з'ездзіць у вёску ці на эксперыментальную базу, — усміхнулася Валя.— Гавары гэта некаму, толькі не мне. Я цябе ўжо добра ведаю... Не ўцерпіш, мілы, i рады новаму бесклапотнаму жыццю не будзеш... Ды i я не хачу гэтага, хоць мне часамі i нялёгка — пазлуюся на цябе, папракну, — сказала Валя i пацягнула яго за руку за сабою.— А пакуль што хадзем сіл набірацца. Ix яшчэ многа трэба табе.
1974
1
Рэгіна ішла-ішла, а пасля міжволі зірнула ўверх: на белыя, што гурбы снегу, толькі па краях падсіненыя воблакі заплыло невялікае няяркае сонца i раптоўна ўзвіўся налётны дзьмухавей. Здаецца, прамчаўся, гонячы замець, па доле, ударыўся аб сцяну, падскочыў угору, засвістаў пад страхою, а пасля выскачыў на дах i змёў з яго сухі снег. Ён, сыплючыся з даху, лёгка падаў долу, церусіўся i выснежваў абкладзеную рудою пліткаю сцяну, высокую елку, рослага мужчыну ў чорнай пыжыкавай шапцы i ў чорным паліто. Ён стаяў паблізу дома i пазіраў на сваю руку — на гадзіннік.
Як убачыла, што мужчына ад неўспадзеўкі ўгнуўся, ледзь не ўцягнуў у плечы шыю, Рэгіна развесялілася i ўсміхнулася, хутчэй пакрочыла да яго па рыпкім снезе. Яшчэ нядаўна яна адчувала стомленасць ад доўгай працы, ад непрыемнай спрэчкі са сваім мармытлівым намеснікам, але цяпер адразу ўсё — i стома, i спрэчка — забылася, з'явілася лёгкасць, тая сіла, вера, з якімі не толькі хацелася жыць, працаваць, але i ахватней верылася ў такое блізкае i такое няўлоўнае жаночае шчасце...
Як толькі аціхнуў узвей, Сярожа зняў вушанку, строс з яе белы пух, рукаўкамі змёў снежны пыл з бабровага рыжаватага каўняра, азірнуўся — i, як згледзеў яе, вочы ды вусны яго кранула ўсмешка. Усміхнуўся i, здаецца, вельмі пахарашэў, хоць i так быў прыгожы мужчына.
— Нарэшце я бачу вас... ён наблізіўся, хуценька цмокнуў у шчаку, ахаладзіў яе скронь настылай поўсцю абснежанай вушанкі.— Ну, добры дзень, радасць мая!
— Здароў, Сярожка!— ціха сказала яна, падала руку, з радасцю адчула, як ён моцна сціснуў яе ў сваёй гарачай далоні.— Прабач, калі ласка, што запазнілася. У другі раз бяруся хоць на хвіліну, але прыходзіць раней...
— Што ж, i гэта добра, — усцешыўся ён, не выпусціў яе рукі, i яны пайшлі поплеч.— Хоць калі трэба i ўзбунтавацца...— ён нацягнуў яе за руку i прытуліў да сябе.
Рэгіна, прыхіляючыся, наўмысна дзюбнула яму ў шчаку раз-другі носам: я ж жанчына, маўляў, i мяне трэба разумець, a ўзбунтавацца не дазволю...
— На нас жа глядзяць людзі, Сярожа, — потым прашаптала яна.— Ды не ў нашы гады так ужо гарэзнічаць...
— Ну i няхай!— махнуў ён рукою.— Ніякі я яшчэ не стары, я закаханы... А закаханым усё можна... Хто скажа, што гэта не так? Хіба той, хто ніколі не кахаў...
— Ладна табе, — яна ўзяла яго пад руку, i яны — моўчкі, толькі ўсміхаючыся — паволі пайшлі па расчышчанай сцяжыне.
У прасторным, выкладзеным бела-рудою пліткаю, светлым ад белых сцен i дзённага святла фае Сяргей памог ёй скінуць футра, падаў яго — доўгае, цяжкое — старому гардэробшчыку, распрануўся сам i ўзяў пададзеныя ленаватым гордым старым два нумаркі; Рэгіна за гэтую пару падышла да вузкага, але высокага люстэрка, аблямаванага чырвона-карычневым дрэвам з рознымі ўзорамі, паглядзелася. Спачатку, крышку адышоўшыся, зірнула на ладныя, як прыліплыя да ног, замшавыя высокія боты, а тады падышла ўжо бліжэй, узняла рукі i пачала папраўляць на галаве чорны парык, заадно i любавацца сваім прыгожанькім, як яна лічыла, тварыкам. I ў гэтую хвіліну ў люстэрка ўбачыла Сяргея. Убачыла не ўсяго, a толькі яго вочы, гарэзны позірк, ім ён, ловячы хвіліну, што яна падымала рукі i ўзнімала міжволі сукенку, акідаў яе з ног да галавы і, здаецца, лашчыў яе гэтым позіркам лепш рук ды ўсякіх слоў.
Читать дальше