Але не хацелася ні пра што гаварыць, цягнула памаўчаць, паляжаць прытуліўшыся i нават ні пра што не марыць, а хутка заснуць. Каб i цяпер, i прачнуўшыся, адчуць сябе шчаслівай, адчуць, што зноў будзе наперадзе любімая работа, сям'я, зноў будуць такія вось жаданыя сустрэчы з Сяргеем...
Рэгіна паляжала крыху, моўчкі пацешылася сваім шчасцем, а пасля пачала соладка драмаць, паглыбляцца ў нейкае салодкае, лёгкае i жаданае мроіва-цяпло, як неспадзявана, аж уздрыгнула, пачула рэзкі званок у дзверы.
I Сяргей, які гэтаксама сонна ўжо дыхаў, падхапіўся, сеў, пачаў шукаць позіркам, дзе цяпер ляжыць поспехам скінутая кашуля.
— Я пагляджу...— сказала Рэгіна, села, лёгка паваліла яго локцем на падушку, пасля азірнулася, прыкрыла грудзі коўдраю, з сорамам усміхнулася: — Не глядзі, пакуль не адзенуся.— Палэпала вольнаю рукою па коўдры, па нагах, абмацала там сваю беленькую сарочку, нацягнула яе праз галаву i, абхінаючы яе на клубы, перакулілася цераз яго, хуценька босая пайшла з пакоя ў калідор.
Яна зрэдзь, надта ў астатнія месяцы, моўчкі ды з рэўнасцю пакутавала, што ў Сяргея, можа, ёсць яшчэ i другая жанчына. Да свайго былога мужа, за якога, здаецца, выйшла па каханні i з якім пражыла разам чатыры гады, ніколі не мела рэўнасці, хоць ён у апошнюю пару вяртаўся дамоў i за поўнач: яна душою адчувала, што ў яго няма жанчыны-каханкі, што ён i не імкнецца яе завесці, у яго толькі ёсць прагавітасць да гарэлкі, што губіла i яго, i сям'ю. А вось амаль непітушчага Сяргея раўнавала, не раз далікатна распытвала пра знаёмых яму жанчын, але ён, калі чуў яе гэтыя сумненні, у вернасці ёй не кляўся, толькі пасміхаўся i з усмешкаю ківаў галавою.
«Эх, жанчыны вы, жанчыны!» —гаварыў ён.
I гэта яе трывожыла: падумай, калі табе, жанчыне, мужчына гаворыць зашмат пяшчотных слоў, але неяк i насцярожвае, калі ён надта ж ашчадны на ix — ці не мае ён другой жанчыны?
I вось нечаканы званок. Пра тое, што ён будзе. Сяргей дагэтуль нічога не гаварыў. Нешта трывожна ёкнула ў душы: гэта не суседка ці Сяргеева былая жонка, а гэта яна, тая таемная, грозная красуня суперніца!
Рэгіна наўмысна ішла да дзвярэй з распушчанымі валасамі, босая, у сарочцы: няхай тая ведае, што тут лішняя, што тут яна, Рэгіна, свой чалавек, што яна так доўга шукала свайго шчасця, знайшла i так лёгка яго не аддасць. Уключыла ў калідоры святло, хутка i нервова адчыніла дзверы.
У калідор напраўду зайшла дзяўчына. Маладая, прыгожая. Паштарка.
— Вам тэлеграма, — сказала яна мяккім, прыемным голасам, здаецца, са здзіўленнем акінула Рэгіну позіркам.
— Заходзьце, — ужо спакойна, нават з сорамам запрасіла Рэгіна, адступілася.
Адчуваючы, як палаюць шчокі, узяла з паштарчыных рук самапіску, блакнот, прыклала яго да сцяны i хацела хутка распісацца, але самапіска не пісала. Яна, чырванеючы, патрэсла яе і, нарэшце, распісалася. Узяла тэлеграму, зачыніла за паштаркаю дзверы i прыпынілася.
«Татка віншую днём нараджэння твой Косцік».
Рэгіна ведала, што гэты сямігадовы Косцік — Сяргееў сын. Ведала, што Сяргей вельмі любіць яго, сумуе па ім i дзеля гэтага нават мусіць бачыцца з былой жонкай. Ні раней, ні цяпер яна, Рэгіна, не крыўдавала за гэта: сама была маці — мела дачку, вельмі любіла яе, — дык спачувала Сяргею, ніколі не стаяла яму на дарозе, каб адвярнуць яго ад сына. I ведала, што ніколі i не стане.
Праўда, Рэгіна ўсё ж з рэўнасцю падумала пра былую Сяргееву жонку: яна ў апошнюю пару просіць дараваць, хоча сысціся з ім, ужо згодна жыць на яго новую плату i, ведаючы, што ён любіць сына, стараецца гэтым як прывязаць яго да сябе. Вось i наўмысна такую чуллівую тэлеграму падаслала...
Рэгіна паклала тэлеграму ля тэлефона i, не выключаючы святла, вярнулася ў пакой.
— Хто прыходзіў? — папытаў Сяргей.
— Угадай...— сказала яна, падняла з падлогі свой парык, падабрала — колькі абмацала ў паўцемені — заколкі, паклала ўсё гэта на стол, перакулілася цераз Сяргея на канапу да сцяны, зноў зашылася пад цёплую коўдру, прытулілася.
— Суседзі?
— Не. Не ведаеш? Ах ты, хітрун гэтакі, падманшчык! — i з жартам застукала па яго грудзіне кулаком.— Твая яшчэ адна знаёмая прыходзіла. Згледзела мяне — i ходу... Так што зараз я дам прачуханкі, a заўтра яна дасць...
— Ну i як яна табе, мая другая знаёмая? — ён не даў больш стукаць па грудзіне, злавіў яе руку i сціснуў у далоні.
— Ну, нічога... Бадай, лепшая за мяне...
— Не так, радасць мая, ты гаварыла б, каб ведала, што ў мяне ёсць яшчэ i другая...— усміхнуўся ён, — Так мільгнула б адгэтуль ды ляснула б дзвярмі, што яны i з завесаў зляцелі б...
Читать дальше