I праз брэх чуваць было, што гучныя крокі ўсё прыбліжаліся, цяжэлі, ад ix аж пачало, здаецца, бухаць у вушах; нарэшце заціхлі, у гэтую хвіліну змоўк i брэх — i спачатку халодны цень, а пасля i нешта вялікае, пахкае i лесам, дымам, смалою, i гэтым чорна-белым зверам, i зусім яшчэ нечым не звярыным, не дзікім, прысела над ім, мякка лэпнула па здаровым сцягне — ад чаго ласяня ўздрыгнула, моцна заплюшчваючы вочы i душою адчуваючы: ну, вось i няма сіл уратавацца, вось i прыйшла смерць!.. I яно абыякава падумала: што будзе, хай тое i будзе. Ад слабасці i адчаю апала галава, тыцнулася зубамі ў зямлю, аж забалелі вусны i набілася ў рот сырога пяску.
Яно плюшчыла вочы, аж уздрыгвалі бровы, сціскалася ў камячок, чакаючы ў любое месца цела балючага ўдару, але ўдару не было. I тады яно з цяжкасцю адплюшчылася i як скрозь вільготны туман, відаць, праз слёзы, убачыла, што сядзіць каля яго на каленях невядомы яму звер, трымаючы пярэднія ногі з доўгімі пальцамі высока над зямлёю. I гэтыя ногі, i твар звера былі белыя, зусім без шэрсці, добра кранутыя загарам. Доўгая шэрсць была толькі па круглай галаве з высокім белым ілбом.
— Дальбуг, плача па-чалавечаму...— як са здзіўленнем пачулася ад таго, i ласяня ўспомніла, што i ў лесе, i за лесам, за рэчкаю, ужо не раз чула такія далёкія галасы, здзіўлялася, які ж звер ix вымаўляе, хацелася пачуць лепш, убачыць таго, але маці зводзіла падалей, балюча таўхалася, каб яно ніколі не імкнулася ісці на гэтыя галасы, i вось яно цяпер пачула, убачыла, хто так гукае (пачула, але нічога не разумела, як не ведала, што гэта ніякі не звер, а чалавек, i не абы-які чалавек, а тутэйшы ляснік).— Ну, што з табою, маё цялятка? Ножку зламала, гойсаючы, ці матка цябе кінула?..— i яшчэ рукою палэпаў яго па спіне, ад чаго яно зноў заплюшчылася, задрыжала, сціснулася.
Той раптам, як толькі даткнуўся да раны, адхапіў — як ад агню — руку, якая стала чамусьці чырвона-яркай, зацёр яе аб зямлю.
— Ды вось яно што!..— усклікнуў ён.— Ваўке цябе парвалі... Беднае ты мае, бязвіннае...
I ён хуценька ўстаў, нарваў паблізу травы i ёю, прыціскаючы, выцер ніжэй раны, кінуў убок, зноў вырваў i працягнуў жмут да калена — услед за яго рухам нага запякла, зайшлася ад болю. Адляцеліся i зазвінелі мухі.
— Трэба ратаваць цябе, цяля маё, — сказаў ляснік, падсунуў пад жывот ласяняці спачатку адну, а пасля i другую руку, падцягнуў, выносячы з-пад куста, пасля падкінуў; высока падняў, што ў ласяняці не толькі абвіслі доўгія белаватыя ногі i не маглі дастаць зямлі, але i закружылася ад непрывычкі галава, i панёс, блытаючыся ў роснай папараці, што па грудзі рабіла вільготнай вопратку носчыка.
Паперадзе ix пабег сабака — падаўся не скачкамі, аж выцягваючыся, як беглі сёння ваўкі, a задрабязіў, часта прыпыняючыся i нюхаючы зямлю: там, прыходзячы з поля, жылі мышы, рыўся, выварочваючы чорна-жоўтыя купіны, стары крот.
За драбналессем, якое ўжо высыхала ад ранішняга, але вельмі цёплага сонца, пачалося знаёмае канюшыннае поле, дзе ласяня з маці не раз ласаваліся смачнаю травою, калі не было надта горача, то i ляжалі, адпачывалі, напіўшыся вады ў блізкай рэчцы i вяртаючыся ад яе ў лес.
Хутка яны цяпер падышлі да зарослай кустамі, аерам старой рэчкі, дзе закіданая гніллём вада была нясмачная, абагнулі яе i апынуліся ля амаль безбярэжнай, стромкай новай рэчкі-канавы, дзе яны пілі золкам ці зусім познім вечарам плыткую смачную ваду, за якой — у цемнаватай зелені i сярод мноства дамоў — чуліся тыя знаёмыя галасы. Яны з маці часта стаялі тут, на беразе, i з вялікай цікавасцю глядзелі туды, гадаючы, што там за жыццё...
Носчык прайшоў берагам i апынуўся ля кладкі, неакораных, але гладкіх зверху жэрдак, перакінутых з аднаго берага на другі. Ступіўшы, ён пагойдаўся i паволі, калышучыся, бокам падаўся на другі бераг, дзе яно ні разу не было: страх i боязь за сваё жыццё праходзілі, але незнаёмыя мясціны з дзіўнымі галасамі, з дзіўным, не лясным, пахам, таемная будучыня так расхвалявалі, што ад усяго гэтага ўзрушэння заслязіліся вочы i пачалі падаць з ix на зямлю буйныя кроплі...
2
Ляснік, прыйшоўшы дамоў не вуліцай, а сценкай, праз загадзя адчыненыя жонкай дзверы ўнёс ласяня ў хату, за парогам якой стаяла вялікая печ, дзе шугала полымя i кіпела вада ў гаршках. Тут стаяў зусім незнаёмы для ласяняці дух, якім яшчэ там, у прылеску, пахнуў гэты чалавек.
Ласяня апусцілі i палажылі ў кут на цвёрдую падлогу, а сам носчык разагнуўся i памахаў, мусіць, здранцвелымі рукамі.
— Дзе ты яго ўзяў?— спытала невысокая поўненькая гаспадыня.— Такое ж яшчэ малюсенечкае...
Читать дальше