— Няўжо я такая... ну, такая ўжо злючка-калючка?
— A хіба я гавару так? — усміхнуўся ён.— Я хачу сказаць, што ты вельмі... ну, надта ж шчырая, строгая...
— Ніякая я не строгая, — ужо не жартам, а сур'ёзна адказала яна.— Я гэтулькі выпакутавала са сваім п'яніцам, гэтулькі пасля баранілася ад бабнікаў, што маю права на нейкае... А табе я ўсё аддаю: маладосць сваю, душу... Таму ніколі не дарую падману. Выйдзе так, што надакучу, дык не хітруй, а прызнайся — i я сама сыду з тваіх вачэй...— яна прамовіла так са шчырасцю i падумала: не дай бог, каб так выйшла. Сам ён, можа, добра не ведае, што значыць цяпер для яе, яшчэ нядаўна расчараванай ва ўсім жанчыны...
— Тады i я шчыра, — ён усміхнуўся, але гэтая ўсмешка выйшла нейкая самотная.— Гаворыш вось так, мне ўсё гэта вельмі добра чуць, але... Але не хочаш, каб мы былі разам, былі муж i жонка...
— A хіба, мілы, нам цяпер блага? — як здзівілася яна, зірнула яму ў вочы, пацалавала ix у куточкі.— Ці мы абманваем каго, прыносім некаму пакуты? Не, не абманваем. Мы вольныя людзі... Але не гулякі-адзіночкі, не эгаісты ды пустазелле нейкае... У нас жа ёсць дзеці: у цябе сын, у мяне дачка. Мы любім ix i зробім усё, каб яны былі шчаслівыя.
— Але тваёй дачцэ я не бацька, а ты майму сыну не маці... Жывём паасобку, сваімі клопатамі. Толькі вось сустракаемся...
— Я разумею цябе, мілы...— сказала цяпер Рэгіна, пагладзіла яго па дужым плячы.— I я дзеля нашага будучага, дзеля цябе магу радзіць сына ці дачку...
— Але ўсё роўна не станеш маёй жонкай, не будзем жыць пад адной страхой? — самотна ўсміхнуўся ён.
— Так лепш, мілы, — адказала яна.— Станем мы жыць пад адной страхой, як ты кажаш, дык хутка надакучым адно аднаму, пачнём бачыць адно ў адным кепскае, спачатку моўчкі пакутаваць ад гэтага, а пасля i папікаць... А так мы кожны раз будзем сустракацца, як у першы раз, развітвацца — як назаўсёды... Ці як надоўга... А нашы дзеці, наша работа, нашы мары пра сустрэчу, пра нешта светлае ў нашым жыцці дадуць нам паўнату, радасць... Нашай платы нам хапае, мне гатуе, мые мама, ты схадзі ў кафэ, бялізну здавай мыць...
— Усё гэта так, — уздыхнуў ён.— Але нечага няма ў гэтым... Пакутліва, што жывеш, як дзік-бадзяга...
— Мяне чакай, жыві гэтай сустрэчай...
— A хіба я цябе не чакаю? Яшчэ як...
Яны з хвіліну памаўчалі.
— Ты пакрыўдзіўся, мілы? — спытала пасля Рэгіна.
— Не, — адказаў ён.— Але ўсё ж хто прыходзіў?
— Прынеслі сынаву тэлеграму з віншаваннем. Ляжыць ля тэлефона.
Сяргей з хвіліну зноў памаўчаў, ляжаў, гладзіў яе па шыі.
— Ідзі зірні, — ціха сказала яна, разумеючы, што ў яго цяпер на душы.
Сяргей як з падзякаю пацалаваў яе ў шчаку, устаў, накінуў на сябе кашулю i пайшоў у калідор. А яна, застаўшыся тут, чула, як ён крочыў, узяў тэлеграму i заціх. Пашкадавала, што, можа, недзе чытае i ў яго падрыгваюць рукі, а пасля падумала, што не лягчэй i ёй: i яна вось мусіла дзеля любімага чалавека ўцячы ад любімай дачкі. Яна засумавала па сваёй светлавалосай дачушцы-красуні, падумала, што вось гэтак, знябыўшыся, сумуе дома без Сяргея, імкнецца да яго...
1977
1
....Яно, ласяня, нечакана, прачнуўшыся, пачула, што нехта сюды ідзе. Хоць яшчэ мала пражыло на свеце, але ўжо адчула, што гэта тупае не той малы рыжаваты, але шпаркі i спрытны, дужы ў нагах, з учэпістымі зубамі звер, які нядаўна, зваліўшы з ног, цяў яго за кумпяк, што цяпер абліваўся нечым цеплым i соладка пахкім ды балюча ныў. Той звер падпоўз зусім нячутна, насупраць ветру, а пасля, як яно крыху адстала ад маці, неспадзявана выскачыў з-за кустоў, збіў з ног; тым болей гэта ішла не лёгкая даўгахвостая знаёмая ліса, якая часта блізка падыходзіла i доўга пазірала на ix, дужую маці i яго — свавольніка, i не баязлівы заяц-сусед, не буравата-шэры, з белаю мызаю барсук-валацуга, якіх маці ніколі не баялася i не адганяла, якія любілі пастаяць ля ix i самі пасля адыходзіліся. Валокся нехта цяжка, ломячы галінкі i парыпваючы, тупаючы; а пасля, калі гэтыя шаргавітыя крокі пачуліся зусім блізка, хтосьці, рассякаючы паветра, лёгка шуснуў сюды, да ягонай схованкі — пад густы лазовы куст, — i ласяня, адплюшчыўшы вочы, са страхам убачыла праз папаратныя камлі амаль такога ж невысокага, толькі другога колеру — не рыжаватага, а чорна-белага — звера, які нядаўна разарваў яго сцягно.
Але стомленае, аслабелае ласяня не магло ўжо болей уцякаць, яно толькі торгнулася, крышку праехаўшы ўперад на складзеных пярэдніх нагах i жываце, i зноў заплюшчыла вочы, чакаючы ўдару, за якім ягонае цела зноў ірвануць вострыя клыкі, ды адчуваючы, як зайшлося ад страху сэрца, шурхне, збягаецца i халаднее скура; звер, які чамусьці амаль не пахнуў лесам, дзікім сіверам, ператраўленым пахам дзічыны, a меў нейкія чужыя, як палявыя, пахі, не накідаўся, a таптаўся паблізу, нават не датыкаўся, a залівіста, аж закладала ў вушах, брахаў. Неяк дзіўна сёння абзываўся i той страшны звер — закінуўшы ўверх невялікую галаву, працяжна зацягваючы, выў, — пасля гэтага хутка прыбеглі аднекуль яшчэ такія ж невысокія злосныя звяры i разам абкружвалі, нападалі; нарэшце, правалтузіўшыся так з ночы да раніцы, адсталі ад яго i пагналі некуды маці. Відаць, вось так падклікае сабе памагатараў i гэты чорна-белы звер...
Читать дальше