— Што ж я зраблю?
— I гаспадыня не хоча ўзяць з дзіцём?
— Нe.
— Анька змучвае мяне, Міша, — паскардзілася Яніна на дачку.— Неслух, любіць гуляць на дварэ. Выпускаючы, накажу ж дзесяць, можа, разоў: гуляй ля дому, нікуды не адыходзься. Дык не слухае. То з вясковымі дзецьмі куды збяжыць, то на сані да каго ўсчэпіцца i з'едзе куды — усе ж бяруць: «дакторчына дачка, без бацькі во...» Злуюся калі, а то i пацягну якім матузом, прыстрашу: прыедзе бацька, раскажу ўсё, дык дасць! Не баіцца, пацвельваецца, што «тата біць не будзе, а будзе гуляць». Так што не толькі гуляй, a i прыстраш гэты раз крыху: табе радасць, тыдзень не бачыўшы, пагуляць, а мне потым небалазе...
Ён усміхнуўся: як ты будзеш крычаць, калі дачка такая прыгожая, слаўная, пазірае i смяецца, а то i папросіцца на рукі, абаўе шыю i шчабеча: «Мой татка!»
— Але не магу я без яе... Як падумаю, што трэба аддаць яе бацькам, каб пераехаць да цябе i быць у горадзе, дык плачу... Лепш буду я з ёю тут чакаць цябе...
— I я чакаю суботы, каб паехаць да вас, пабыць з вамі...
— Ну, ладна, Міша, — супакоілася жонка.— Давай паставім сала ў печ, пагрэем. Ды i цішэй гавары, а то Аньку разбудзім, — прамовіла, абняла яго за шыю.— Не магу я так, паасобку, болей, дарагі... Не магу...
— Ну, мацуйся, — папрасіў ён, — не ўсё ж лёгка даецца. Ніхто нам не паможа, што самі зробім, тое i будзем мець.
— Табе добра так гаварыць...
— I мне нялёгка, — прамовіў ён, — але думаю, што даб'ёмся свайго i стане лягчэй. Абы мы з табой разумелі ўсё гэта i трымаліся.
— Можа, i твая праўда...- Яніна прылашчылася, пацалавала.- Мне з табою лёгка, з табою я спакойная i нічагусенькі не баюся. Калі адна тут, дык ўсяго надумаюся... A з табою я веру, што ўсё добра будзе...
Русовіч пацалаваў жонку, Яніна тулілася да яго i, мусіць, ужо радавалася, што ён прыехаў, i зноў, як раней, ціхенька заплакала ад пяшчоты.
— Паглядзі, што я табе прывёз, — сказаў ён, раскрыў сумку i падаў пакункі, якія купіў на днях.
Жонка, пакуль ён распранаўся, выцерла слёзы, разгарнула паперу з пакункаў, убачыла хустку, завязала яе i падышла да люстэрка, паглядзелася, азірнулася, каб i ён паглядзеў на яе. Цяпер яна здавалася прыгожаю як ніколі. Русовіч глядзеў i радаваўся.
— Дзякую, — Яніна цмокнула яго ў шчаку, разгледзела другія пакункі.— Ну, во i добра, што шаравары Аньцы ўзяў. Зусім падрала тыя, сёння латала ix. Смяецца гаспадыня: у горад прагнеце, а латанае носіце. Не разумее, што я кожную капеечку берагу... I ты, мусіць, заплаціў за кватэру, сталаваўся, патраціўся на падарункі, то будзеш на дарогу прасіць у мяне...
— Буду, — усміхнуўся, прытуліўся да яе.— Добра ведаеш, якi я багацей...
...— Ну, скажы ты мне ласкавае слова якое, — прашаптала яна, калі яны павячэралі, прыбралі стол, памылі посуд, ляглі спаць.
— Што табе сказаць?— спытаў ён.— Ты мне «нешта» сваё скажы...
— Пасля... Спачатку ты скажы, ці любіш мяне.
— Я ж табе гэта ўжо даўно гаварыў, — усміхнуўся ён, пагладзіў яе па валасах, па шыі, — Яшчэ тады, калі думаў замуж узяць.
— А ты яшчэ раз скажы, — Яніна заплюшчыла вочы, пацалавала яго ў шчаку.
— Ну, так, — усміхнуўся ён, адчуваючы, што дома ўсё добра, што жонка паклікала яго толькі таму, што засумавала. Але ён не мог крыўдзіцца. Прыгарнуў жонку да сябе, пацалаваў.
— Родненькі, забяры ты мяне адгэтуль... Не магу я адна, хачу быць толькі з табою. Як падумаю, што магла б у любую мінуту падысці да цябе, прыхінуцца, сказаць ласкавае слова, дык так стане на душы... Мы ж маладыя, толькі цяпер нам жыць i радавацца...
— Ну, ты ж павінна разумець, — сказаў ён, адчуваючы нейкую перамену ў ёй, гадаючы, ад чаго яна магла быць.
— Розумам то я ўсё разбіраю, — згадзілася Яніна.— Але сэрцам...
— Ну, усё будзе добра, — супакойваў ён, гаворачы тыя словы, якія гаварыў ёй ужо часта, крышку крыўдзячыся, што яна сёння да яго нейкая абыякавая.
— Міленькі! Як добра, што ты ёсць. Што я рабіла б, каб не было цябе?— яна ўзнялася, прылегла на яго плячо i палажыла яму галаву на грудзі.
— Нехта другі быў бы, — пажартаваў ён.
— Што ты гаворыш! Я не хачу i думаць пра гэта, — гаварыла Яніна.— Каб не ты, я была б нешчаслівая. Ну, скажы, Міша, ці ёсць на свеце такія людзі, якія так любяць адно аднаго?
— Відаць, ёсць, — усміхнуўся ён, чакаючы, калі яна нагаворыцца i супакоіцца, дасць волю сваім пачуццям.
— Ох, ты, мае шчасце, гора i бяда. Усё ты маё... Адкуль ты ўзяўся такі? Аж страшна, калі падумаю, што мы ж маглі i не сустрэцца...
— Маглі... Гэта i ёсць тое, дзеля чаго ты выклікала мяне?
— Не, — прамовіла Яніна i адразу неяк пасумнела.
Читать дальше