Русовіч працёр далонню запацелае акно i зірнуў у яго. На дварэ ўжо сшарэла — ссінеў снег, пачарнелі цені на ім, гусцеў змрок, што, здавалася, напаўзаў з прыціхлага цёмнага лесу. Неба не відаць было — зусім нізка, адразу за верхавінамі прыдарожных прысад, звісала густая шэрань. Няйначай павінен быў восв-вось пасыпацца снег.
Неўзабаве ў вагоне, як толькі цягнік зноў крануўся, бліснула, рассеялася i з'ярчэла святло, высветліла кожны куток, але праз акно зараз нічога не было відаць. Русовіч пазіраў i бачыў толькі свой круглаваты, з невялікім, загнутым носам твар — за апошнія месяцы, здаецца, стомлены, з сумнаватым водсветам у вачах. Неяк нечакана зморшчыўся яго лоб, паглыбіліся залысіны i пацямнелі ўпадзіны пад вачыма.
«Можа, дарэмна я ўздумаў перабірацца ў горад? — падумаў Русовіч.— Можа, трэба было застацца ў вёсцы, загадваць тутэйшым клубам. З раніцы, калі вяскоўцы былі б на рабоце, а дзеці вучыліся ў школе, сядзеў бы ў вялікай i ціхай, прапахлай старымі кнігамі бібліятэцы, чытаў бы ці што-небудзь маляваў для клуба, а то гуляў бы ў шахматы ды гаварыў пра вясковыя навіны з маладым старшынёй сельсавета. Пад вечар, зноў вярнуўшыся пасля полудня ў клуб, пускаў бы радыёлу i ставіў на яе пласцінкі, «шумеў» бы на ўсю вёску, вечарам выдаваў бы дзецям кнігі i гуляў з імі ў шашкі. Пa суботах i нядзелях іграў бы на баяне — былі б танцы.
Яніна працавала б зусім паблізу, на медпункце, што праз вуліцу ад клуба. Калі яна не ездзіла б па вёсках, сядзела ў сваім пакойчыку i чакала хворых, замкнуў бы клуб i схадзіў бы да яе. Увесь час былі б разам. А то во: я тут, у горадзе, а яна вунь дзе...
Хоць не, можа, i добра, што пакінуў вёску: i ён, i Яніна ў Вішнёўцы былі прыезджымі. Дык мусілі апытаць прасторную хату i заняць у ёй адну палавіну. Жылі там, пакуль не ўзяла сабе прымака пажылаватая гаспадарова дачка. Тады прыйшлося шукаць новую кватэру. Вось i прыйшлі да адзінокай старой кабеты, у яе невялікі, з адным акном, пакой».
Русовіч уздыхнуў, успомніўшы гаспадыню i яе хату.
«Колькі я там чаго зрабіў! Паправіў грубку, памяняў у адпушчаным пакойчыку падлогу, паклеілі новыя шпалеры — i ўсё роўна не дагадзіў гаспадыні. Паглядзела яна на новую жоўценькую падлогу, патупала па ёй, на свежыя сцены — i аж заблішчалі ў яе вочы. А тады пачала загаворваць, каб перакрылі за свае грошы i хату.
«Аджывяце за гэта, — казала яна.— Бо ў дождж цячэ ў хаце, рудзеюць сцены, мокне i гніе столь. Ды i добра было б у сваім двары i студню мець...»
«Не ўжывёмся мы з ёю...— пабедавала тады Яніна.— Не будзем слухацца яе — будзе гудзець кожны дзень, як чмель. Падмалодзім яе хату — прагоніць... I вёска добрая, i людзі талковыя, але, мусіць, не прыжывёмся мы тут. Сваёй жа хаты няма за што яшчэ купіць, саўгас толькі праз пяць гадоў думае вялікі дом ставіць, дык прыйдзецца некуды пераязджаць. Ці ў другую вёску, ці ў горад нават... Едзь, можа, пакуль што ты адзін куды, уладкуйся на работу, апытай кватэру, а я з Анькаю пакуль што тут застануся, параблю яшчэ на медпункце ды буду чакаць, калі нас забярэш да сябе».
...Прыехалі ў райцэнтр позна. Калі выйшаў з вагона, Русовіч зноў убачыў знаёмы гарадок — вузенькі пры пероне скверык, збоку яго — жалезныя вароты, праз якія трэба ісці ў горад, пустыя скрынкі з-пад піва, што былі складзены ля сцяны буфета. За варотамі разлягалася шырокая белая плошча. Збоку на ёй стаяла паблізу таксі. Шафёр сядзеў у машыне i курыў.
— Падвязі, сябра, у Вішнёўку, — папрасіў вадзіцеля Русовіч.
— Не, не, — замахаў той рукою.— Езджу толькі па горадзе. Туды дарога благая.
Расхваляваны Русовіч хацеў ужо зайсці ў кулінарную лаўку i купіць шклянку соку, як убачыў: прыпынілася паблізу плошчы бурачковая лёгкавушка, i з яе вылез высокі, плячысты, у шапцы-вязанцы, у штанах-джынсах чарнабровы мужчына, ляпнуў дзверцамі, каб яны добра зачыніліся, i падаўся ў кулінарыю.
— Здароў, сябра! — дагнаўшы, наўмысна весела прывітаўся з ім Русовіч.
— Салют!— той спачатку азірнуўся, прыплюшчыў вялікія выпуклыя вочы, пакручваючы на пальцы ключы ад машыны.— Не ведаю...
— Падкінь у Вішнёўку, — папрасіў Русовіч.— Дваццаць вёрст. Але во як трэба, — i ён правёў пальцам сабе па шыі.
Уласнік плюснуў вачыма, згарнуў ключы, укінуў ix у кішэню, але нічога не сказаў.
— Чырвонец даю... Нy, прашу.
— Трэба жонку з работы забраць, — нарэшце прамовіў ён.— Byнь тая, тоўсценькая.
— Накідаю траяк...— сказаў Русовіч, адчуваючы, што таго можна ўгаварыць.
— Стой тут, — буркнуў шафёр, — пайду параюся з ёю. Сам ведаеш, баба...
Читать дальше