— Вам тэлеграма, — сказала яна, падала сіненькі лісток.- Распішыцеся...— потым дастала з сумачкі невялічкі блакнот i ручку, паклала ўсё гэта на пральную машыну, што стаяла непадалёку пад люстэркам.
Ён спалохаўся, зірнуў на паштарчын вузкі i доўгі, з кірпатым носікам, з самкнёнымі i крышку патрэсканымі ад холаду вуснамі твар i хацеў па ім здагадацца: што ў гэтай тэлеграме? Але гэты малады, свежы i чырванаваты ад марозу твар быў спакойны, можа, толькі крышку незадаволены, што ён так марудзіць. Тады ён дрыготкаю рукою распісаўся, думаючы, што здарылася нешта нядобрае з сям'ёю. Аднойчы ўжо тэлеграма вось так нечакана апавясціла яго пра вялікае гора, i ён з тае пары вельмі баяўся раптоўных позваў...
Паштарка забрала ручку, блакнот i выйшла. Ён, хвалюючыся, адразу не пачаў чытаць, а прабег позіркам па густым радку наклееных слоў, пасля ўжо прачытаў спакойна. Палажыў тэлеграму на пральную машыну, распрануўся i, узяўшы тэлеграму, падаўся ў залю, сеў на канапе, пачаў зноў перачытваць кожнае слова i ўдумвацца ў яго.
«Прыязджай вельмі чакаю Яніна».
Ён усміхнуўся: жонка, відаць, засумавала без яго i вось кліча дадому. Жыве ў далёкай адсюль вёсцы, стамляецца на рабоце, мае шмат клопатаў дома. А вольным часам не ведае, дзе прыткнуцца, з кім пагаварыць.
«Канечне, ёй там нялёгка...— падумаў Русовіч.— Хто-хто, а я добра ведаю. Можа, толькі не трэба расказваць пра гэта ўсім людзям, бо не ўсе разумеюць, не ўсе паспачуваюць. Вось расказваў на тым тыдні, як жывецца жонцы, як ён маркоціцца без яе, дык усе, здаецца, спачувалі, а намеснік дырэктара музея — нізкі, гладкі таўстун — пасміхаўся: «Эх вы, маладыя! Калі што ледзь цяжкаватае, дык i ў слёзы, у нараканне... Вось мы некалі...— i ён расказаў, як ён галадаў, але «выбіваўся» ў людзі.— Трэба во...— ён сашчаміў кулакі, патрос імі, насупіўся, робячы на твары ваяўнічы выгляд.— Толькі ўперад!..»
Русовіч, успомніўшы гэта, падумаў, што маглі б тады заступіцца за яго супрацоўнікі, што мог бы i сам неяк лепей апраўдацца, бо добра было так гаварыць намесніку: той меў не толькі ўласную чатырохпакаёвую кватэру, але i ладную дачу, збіраў грошы на машыну.
Але пазаўчора i я падсыпаў яму крыху, што а ж здзівіліся мае калегі... Прыйшоў у аддзел намеснік — i ўсё пра машыну, пра бензін, пра гараж... А пасля давай хныкаць, што не хапае крыху грошай, а так узяў бы на днях лёгкавушку.
«Эх вы, ваяка!— не выцерпеў тады я, устаў, сціснуў кулакі, патрос імі, зрабіў ваяўнічы выгляд.— Жывяце на самай справе толькі марамі пра машыну, гараж, запчасткі, пра ўсякую дробязь... А трэба во як, толькі ўперад!..»
Намеснік анямеў, як праглынуў язык, заліўся чырванню, разгубіўся, пасля злосна буркнуў: «Ты малады яшчэ мяне вучыць, зялёны...» Выскачыў з аддзела i больш не «філасофствуе», a калі трэба нешта па рабоце, дык па тэлефоне выклікае да сябе i строга гаворыць толькі пра службовае.
«Але што гэта я думаю пра таго хітруна, — спахапіўся Русовіч.— Вось жa ў руках тэлеграма... Што рабіць?»
Ён пачуў, што прыйшла з працы гаспадыня, распранулася, патапталася, зайшла сюды, у залю.
У каляровым халаце, у мяккіх тапачках, ружовашчокая, яна выглядала намнога маладзей сваіх трыццаці гадоў.
Хуценька зірнула на яго, на тэлеграму.
— З дому?— як з клопатам спытала, відаць, хочучы ўзяць тэлеграму i самой пачытаць.
— Ад жонкі, — адказаў ён.— Просіць прыехаць.
— Сёння?— здзівілася гаспадыня.— Позна ўжо. Вам жа трэба заехаць спярша ў раён, а тады адтуль у вёску. Сёння не заедзеце, будзеце толькі заўтра раніцаю. Але ноч уся будзе бяссонная...
— Паеду...— прамовіў Русовіч.
— Глядзіце самі...— гаспадыня паціснула плячыма, пастаяла з хвіліну i выйшла.
Яна заўсёды спачувае, што ён адзін тут, у горадзе, што жонка з дзіцем жыве ў далёкай вёсцы, але не хоча ўзяць да сябе на кватэру яго з сям'ёю: цесна будзе, бядуе, ды дзіця замажа сцены, будзе шумець, не даваць спакою.
Русовіч тут жа ўстаў, пахадзіў па пакоі, настройваючыся на дарогу — на санлівы вечар у цягніку i на халодную, амаль бяссонную ноч у раённым скразняковым вакзале.
Вагон быў амаль пусты. Сядзелі толькі трое пажылых рабочых-чыгуначнікаў. Яны ехалі з працы дахаты, паблізу прымасціўся i Русовіч.
Ён абапёрся локцем на тугую сумку, у якую раней напакаваў усякіх харчоў, сядзеў ля акна, чытаў вячэрнюю газету. Пасля заплюшчыў вочы i хацеў заснуць. Але сон не ішоў: думаў пра сваю працу, пра сям'ю. Адплюшчваў вочы, калі на прыпынках дзверы адчыняліся i ўрываўся клуб белай халоднай пары, што паўзла долу, ледзяніла ногі, мігам абросвала жалезную абіўку вагона i затуманьвала вокны. Ведаў: жонка накрычыць, што не носіць цёплых шкарпэтак, напалохае, якімі хваробамі ён можа захварэць. Яна — фельчар, ведае пра гэта.
Читать дальше