Ззаду Казіка ехала яшчэ шмат калёс, збоку ix сунуліся немцы, паліцыянты, але яны не знялі насупраць крыжа шапак, толькі абыякава паглядзелі на яго.
«З богам!» —чамусьці ўспомпілася Казіку, успомнілася тое, што гаварыў «пан маёр» i тлумачыў Шыдлоўскі...
Скончылася мястэчка, паказалася гара, з якой раней людзі бралі гліну, але цяпер там, у яміне з вадою, было нацярушана шмат вуголля, пахла дымам. Дымам пахла i ў лесе, што пачаўся адразу за рэчкаю, ля якой на беразе ляжала гарэлая салома. Дым у лесе стаяў што пара пасля дажджу, калі нечакана прыпячэ сонца.
— Вожачка! — забедавала зноў маці, — І што будзе з намі? Голыя, галодныя ў чужы свет едзем, дзе нас ніхто не чакае i не прытуліць...
— Усё мястэчка едзе, — сказаў бацька.— Можа, як ацалеем усе разам...
Цяпер i ён прымасціўся ўперадзе на драбіне. Як устаў раніцай у зрэбнай кашулі, так i ехаў у ёй. Па лесе густа кацілася рэха ад калёс, плыло збоку, як там, непадалёку, ехаў яшчэ адзін абоз.
Калі былі на паўдарозе да Дзераўной, нечакана ўперадзе пачуліся стрэлы — задудукаў аўтамат. Як яшчэ крыху пад'ехалі бліжэй, дык убачылі на абочыне, на дарозе ў Балявічы, што былі справа, калёсы. Ля ix, скурчыўшыся на зямлі, нерухома ляжаў гаспадар, местачковы жартаўнік, шавец Янка Навіцкі, а на калёсах, паваліўшыся адно на адно, раскінуўшы рукі, ляжалі Янкава жонка i дзеці. Кабета як накрывала сабою дзяцей, белая блузка на яе спіне была чырвоная-чырвоная...
— О божа! — усклікнула маці i закрыла твар — апусціла галаву i прытулілася да Вэрці, — Бедныя Навіцкія, бедныя дзеткі!..
...Калі мінулі ўжо Дзераўную, яшчэ некалькі мястэчак за ёю, уехалі ў стараваты лес. За гарою, перад павароткаю, маленькі чарнаваты конік, які ішоў ззаду i ўсю дарогу намагаўся не адстаць, прыпыніўся. За ім стаў i абоз. З калёс саскочыў пажылы гаспадар, сагнуўся. Следам за ім злез з воза i невысокі немец, трымаючы ў руцэ аўтамат, гэтаксама прысеў i пачаў пазіраць на задняе крывое кола.
Казікаў бацька, які ўвесь час азіраўся i ўбачыў гэта, турзануў, каб конь пабег, i за павароткаю, калі не было відаць задніх калёс, звярнуў налева i пачаў хлістаць лейцамі каня па нагах.
— Бронісь, што ты робіш? — аж жахнулася маці.— Заб'юць жа! Паб'юць, як i Навіцкіх...
Конь спачатку рвануўся, відаць, спалохаўся, а пасля шпарка пабег па лесе. А бацька, не слухаючы маці, паганяў i паганяў яго — калёсы трэсла, падкідала на пнях. Колькі разоў задняя вось ледзь не чаплялася за камлі хвоек, але саслізгвала, толькі да белай смалы здзірала з ix кару. Мільгалі ў вачах хвойкі, ядлоўцавыя кусты, чарнічнік. А бацька сцёбаў i сцёбаў каня лейцамі.
Нарэшце, калі лес памаладзеў i пагусцеў, задняя вось зачапілася ўсё-такі за камель невысокай таўставатай хвойкі — конь раптоўна стаў, аж трэснула дуга, ірвануўся, але не змог скрануць калёсы. Цяжка, раздзімаючы i ўцягваючы жывот, дыхаў, спалохана азіраўся.
— О божа! — уздыхнуўшы, прашаптала збялелая маці, азірнулася i хапілася рукою за левую грудзіну.— Думала, што зачэпімся ля дарогі, станем, убачыць гэта каторы — i бабахне ў спіны... Цяпер жа наш чалавек як муха... I ніхто вінаватага шукаць не будзе... Як во i за Навіцкага...
— Ціха, — сказаў бацька, саскочыў мякка на зямлю i прыслухаўся: па лесе кацілася грукатлівае рэха, чулася, як гудуць матацыклы.
— Але ж ты i адчайны...
— Лепш тут галадаць, спаць пад акрытым небам, чым у чужыну ехаць, — адказаў бацька.— Пастаім ці паедзем?
— Давай ад'едземся яшчэ ад дарогі, — сказала маці.— Не дай бог агледзяцца, пойдуць па следзе...
— Слядоў не будзе: на гары i збоку дарогі трава была...— супакоіў яе бацька.— Паедзем... Можа, ружэвіцкі дзядзька твой прыме нас? Ружэвічы ж, гаварыў Шыдлоўскі, не будуць паліць.
— Надта ж ён скупы ды звяга вялікая, гэты дзядзька...— адказала маці.— Задушыць нас работаю...
— Што ж зробіш. Мы ўжо не гаспадарэ, а пагарэлыя бежанцы... Трэба думаць, як выжыць, дзяцей выратаваць...— з сумам прамовіў бацька, падышоў да хвоі, упёрся i адцягнуў ад яе задок калёс.— Але, дасць бог, можа, як выжывем. Ды i барадаты парцізан гаварыў, што ў бядзе нас не пакіне, аддзякуе...
Бацька, як адвалок ад хвоі калёсы, нагнуўся, выцер аб высокі верас рукі, цмокнуў на каня i пакіраваў яго далей ад дарогі, туды, куды пазіралі вочы i цягнуўся сіні горкі дым...
САЛАДУХА
Стаў новым свет, а губы пахлі дымам,
Бо мы з снарадных конавак пілі...
Сцяпан Гаўрусёў
— Мамуся, ідуць...— сказаў Казік. Ён сядзеў на коленцах на лаве i цяпер азірнуўся на цемнаватую хату, на невысокую цагляную, пабеленую мелам пліту, ля якой з відэльцам у руцэ стаяла ў валёнках, у доўгай цёмнай спадніцы i цёплай хустцы пастарэлая за апошні год маці.
Читать дальше