У гаршку, што стаяў на пліце, булькала вада, лілася з яго на гарачы кружок, сіпела i мігам высыхала, узнімалася ўверх гаркаватай парай.
— Не сядзі ты ля акна...— з незадавальненнем, мусіць, баючыся, каб ён не прастудзіўся, адказала маці, парнула відэльцам бульбіну — паглядзела, ці зварылася, ці яшчэ ёй трэба крыху пастаяць на агні, а пасля як папікнула: — Дзіва ўбачыў...
Маці памацала колькі бульбін i ўсё ж падышла да замёрзлага акна, прыхінулася i пачала пазіраць праз маленькую, прадзьмуханую i вылізаную Казікам дзірачку на снежнае ранішняе, не зусім цёмнае, але яшчэ i не надта светлае поле, на дваіх мужчын, якія выйшлі з пустых, без ніводнай хаты, без ніводнага чалавека, замеценых снегам Янковіч на пагонку i плятуцца сюды, на хутар.
На дварэ стаяў моцны мароз. Яшчэ ўчора ўвечары, як толькі спусцілася над прудскім лесам сонца, зачырванелася i стала што памідор, паціснуў холад. Ад яго хутка пашарэлі шыбы i пачалі абрастаць белай намараззю, выбеліліся снежным пухам сцены, заскарынілася адталая за сонечны дзень вада ля цёплых прызбаў, пашэрхлі, пазвоньвалі абледзянелыя вішнёвыя галінкі, гэтаксама адталыя ўдзень пры цяпле. Звечара ўжо ляскала ў вуглах ды ў плоце, а пад раніцу дык i моцна трэскала, як нехта ўсё роўна біў там пранікам.
Чуў гэта Казік, бо кепска ўночы спаў, часта прахопліваўся i енчыў ад болю: яшчэ ўчора — шараю гадзінаю — нарабіў сабе бяды. На двор ён удзень не выходзіў (не меў цёплай вопраткі i абутку), a сядзеў на цёплай печы ці на ложку, гуляў з сястрою Вэрцяю. Калі пад вечар маці выйшла на двор, напаіла карову, укінула ёй сена i вярнулася ў хату з поўным вядром чыстай-чыстай вады, што, здаецца, надта ж чуйна пахла холадам, марозам, зімою, дык Кaзік адразу саскочыў з печы, падбег да вядра i чамусьці не рукамі, а губамі захацеў злавіць драбок празрыстага лёду, што плаваў на вадзе. Лавіў яго i не заўважыў, як даткнуўся языком да вочапкі. Язык прыліп да халоднага жалеза, як прыліпае цукерка да сукна. Казік пачуў бяду, адскочыўся — i зайшоўся ад болю: здаецца, па языку працягнулі гарачаю лыжкаю. Ён заенчыў, мусіць, дзікім голасам.
Маці, калі ўбачыла гэта, i смяялася, i папікала, што лез да вядра: «Ужо, лічы, кавалер, а розуму ніякага няма...» — а пасля прытуліла, шкадавала, прасіла адкрыць рот. Глядзела на абадраны, з крывёю язык i бедавала, што ён, гэты язык, не дасць цяпер у рот ні халоднага чаго, ні гарачага ўзяць...
...Новую хату, дзе цяпер былі Казік i маці, тут, на хутары, бацька пачаў ставіць, як толькі вярнуўся з бежанцаў — калі адступілі немцы i прыйшлі сюды савецкія салдаты.
Бацьку ў войска не ўзялі: ён хварэў перад гэтым на жаўтуху. Спачатку бацька, яшчэ добра не паправіўшыся, тут, ля былога селішча, зладзіў зямлянку. У ёй яны жылі аж да першых маразоў, пакуль не перабраліся ў падладжаную новую хату.
Янковічы, хутары пуставалі. Нядаўнія суседзі ўсё яшчэ былі ў Нямеччыне, i ніхто пра ix нічога не ведаў — жывыя яны ці даўно ўжо на тым свеце. Тутэйшыя ix селішчы застылі, утапталіся, абмыліся дажджамі i снегам, зараслі палыном i сухадзяроўкаю — i ўсё навокал увогуле здзічэла, як тут i не жылі людзі.
Бацька i маці, як толькі зрабілі зямлянку, наслалі ў ёй замест пасцелі моху, пачалі цягаць з лесу бярвенне. Рэзалі там пілою стройныя сосны, валілі ix, разразалі, клалі на калёсы, без драбінак ды ляжанкі i цягнулі да свайго селішча. Каня не было: яго забралі ў абоз.
Да першых восеньскіх зацяжных дажджоў бацька зляпіў невялікі, на адну палавіну i з адным акном, зруб, накрыў яго трысцём, нашчапаў сасны, паслаў з гэтых плашак столь, на яе наслаў моху i нацягаў пяску, а пасля ўзяўся сам складваць печ. На яе выбраў цэглы з папялішча i зрабіў новай, накапаўшы гліны на Каменнай гары.
Аднойчы, калі майстраваў ложак-тапчан, да ix зайшоў барадаты партызан. Ён цяпер стаў старшынёй тутэйшага сельсавета. Павітаўся з бацькам i з ім, Казікам, за рукі.
— Ну, вось ужо ў Янковічах i ёсць людзі, — усміхнуўся ён.— Віншую! Значыць, будзе жыць вёска... Можа, хутка вернуцца i астатнія янкоўцы, людзі з другіх вёсак — i будзем пачынаць пакрысе ладзіць новае, сацыялістычнае, жыццё... Пачнём з таго, — ён падміргнуў Казіку, — што зладзім школу... А пасля пачнём калгасы ладзіць, заворваць межы...
— Можа, ці вернецца ўжо хто адтуль?! — пабедавала маці.
— Вернуцца, — адказаў старшыня сельсавета.— Нашы ўжо вось-вось возьмуць Берлін... Але i ты, таварыш Хлябовіч, папрацаваў! — здзівіўся госць, пазіраючы на новую хату.— Так можна змоладу падарваць здароўе... Столькі працы... I што ж вы тут ясце, людзі?
Читать дальше