Броня час ад часу вырывалася i прыязджала да яго; у пакоі, дзе ён кватараваў, плакала, што «цяпер ёй нямілы ўвесь свет i не хочацца жыць»; ён глыбока разумеў, што вінаваты перад ёю, без яго яна жыла б усё ж лягчэй, супакойваў, прасіў дараваць яму, але не зрабіў таго, пра што шаптаў ёй у хвіліны ашаламляльнага любоўнага шалу. Бедная Броня супакойвала яго: «Такая ўжо наша доля...»
Паволі, месяц за месяцам, яны сустракаліся ўсё менш i менш, а пасля перасталі бачыцца ўвогуле. Ён ажаніўся; Броня, як яму расказвалі, нейкі час пахадзіла наўмысна вясёлая, на мяжы нейкага дзіўнага ці, лепш сказаць, нездаровага смеху, а пасля пачала піць, а п'янай мянялася, была грубая, лаялася альбо плакала... Летась яна памерла ад рака...
Кастусь жыве, жонка i два сыны здаровыя, дагледжаныя, задаволеныя ім, але ён не можа не ўспомніць i не падакараць сябе за тое, як павёўся тады, калі высакаватае неба легка i прыемна імгліла блакітным, крыху падбеленым ад сонца мроівам, калі лес быў ціхі, зялёна-паджоўчаны, калі пасвіўся статак, а каля яго думаў свае думы стары бусел, калі было ясна i цёпла, а ён, хлапчук-мужчына, са здзіўленнем, з радасцю, з хваляваннем i пажаднасцю пазіраў на маладую i вабную маладзіцу, якая не проста побач спала, а хораша i велічна ляжала на зямлі, выпраменьваючы здароўе, сілу i красу...
1993 — 1994
Дарога
1.
Палуднёвая пара.
Ліпеньскае сонца — не круглае ды маленечкае, як у звычайны цёплы дзень, a нібы расплаўленае, разлітае шырокім кругам — вісіць сама высока на пабялелым, амаль без блакіту небе. Гарачынёю дыхаюць зямля, каменні, нібы пераліваецца-мітусіцца блакітнае паветра; ад спякоты, здаецца, агнём гараць голыя плечы, на лобе буйнымі кроплямі выступіў пот. Ён цячэ струменьчыкамі па шчоках, трапляе на вусны — i ў перасохлым роце робіцца солана.
Я, абуты ў цяжкія ялавыя, з белымі жалезнымі заклёпкамі чаравікі, у выцягнутых на каленях картовых штанах, пад поясам якіх вільготна ад поту, у газетным капелюшы, ужо каторую пару — з раніцы, калі было яшчэ свежа i халаднавата ад расы, — дубасіў сырой тоўстай метровай калодкай па каменнях, забіваў ix у цвёрды грунт. Тыя каменні, што я ўжо ўбіў, здаецца, лезлі ў зямлю з ахвотаю, але вось тэты — тоўсты, пляскаты — ніяк не лезе, толькі ўціскае, моршчыць пад сабою тугі пясок. Ад працы гараць, пацеюць у рукаўках далоні, ныюць локці i плечы, агортвае стома, i я, спадзеючыся на кароценькі адпачынак, зірнуў на другога трамбоўшчыка, на свайго аднавяскоўца Антона, старэйшага на гады тры, ніжэйшага, але болей плячыстага: ён, як i гадзіну-дзве назад, усё гэтак, здаецца, ціха i без спеху таўчэ i таўчэ ўсё новыя i новыя каменні, аж калоцяцца мускулы рук, i не думае адпачываць. Хоць стаміўся i ён: цячэ вунь ручайком з лоба пот, збіраецца на доўгім носе i падае кропелькамі долу, але Антон не спыняецца, усё трамбуе, калі-нікалі паварочвае галаву то да аднаго, то да другога плечука i выцірае аб ix пот з носа.
Я нарэшце не вытрываў, не збаяўся, што з мяне, такога «рабочага», пасмяюцца маладыя языкатыя дзяўчаты — яны падносілі нам з крушняў каменне. Я прыпыніўся, абапёрся грудзінай на калодку i прыбітую да яе зверху невялікую, на паўметра, кій-ручку, за канцы якой абедзвюма рукамі падымаў i апускаў дасюль калодку, аддыхваўся, чуючы, як сохне, сціскаецца ад сонечнай гарачыні спіна, як торгае кроў у скронях.
Падышлі дзяўчаты — у выцвілых сініх штанах i ў кедах, у выпаленых сонцам станіках i хусцінках, — прынеслі перад сабою на апушчаных руках каменне. Здаецца, нават не зірнулі на мяне, прамаўчалі. Відаць, таксама стаміліся. Моўчкі кінулі ля нас каменне i адышліся.
Я павярнуў грудзінай калодку, сам павярнуўся i ca стомаю паглядзеў на прымлелы наш, янкоўскі, лес, на новую, у вёрст пяць, дарогу. Яе мы брукуем ад Дзераўной замест старой, выбоіністай, мясцінамі вельмі пясчанай, сыпкай улетку, мокрай ды гразістай увосень. Пазіраў, бачыў i чуў непадалёку нашу дарожную тэхніку: з бліскучымі вальцамі цяжкія каткі, што поўзалі па дарозе то ўперад, то назад i ўціскалі пясок, за каткамі гудзеў грэйдэр, што адвалам распіхваў кучы пяску, засыпаў яміны, раўняў дарогу, i далёка ўперадзе, ля самага лесу, там, дзе пералівалася-мітусілася паветра, кратаўся скрэпер — зразаў грунт на пагорках. Ад мройлівага паветра ні вадзіцеля самага далёкага адсюль скрэпера, Васіля, ні брыгадзіра, дзядзькі Стася — самага сталага чалавека нашай маладой брыгады, — не было відаць, як i зусім не бачна за імі i акоранай сасновай жэрдкі праз усю дарогу. На жэрдцы пасярэдзіне вісіць жоўты трохкутнік з чырвоным абадком, а на трохкутніку намаляваны сагнуты чалавек, які ўпіхвае ў грудку пяску рыдлёўку. Такі самы знак i ля дзераўнянскай павароткі, там, адкуль мы пачалі ўкладаць брук. Яшчэ ў нашай брыгадзе дзве грузавыя машыны, адна з ix, самазвал, возіць пясок з кар'ера, дзе стаіць наш экскаватар, другая дастаўляе з блізкіх i далёкіх палёў каменне.
Читать дальше