Антон прамаўчаў, толькі, здаецца, яшчэ больш сярдзіта, раздзімаючы шырокія ноздры ды прыкусваючы сасмяглыя вусны, заляскаў калодкай, i я зразумеў, чаму ён сярдзіты: i ён, як i ўсе астатнія хлопцы, нядаўна гэтаксама заляцаўся да красуні Вікці, i яна спачатку яму, як i кожнаму, усміхалася, жартавала, заманьвала, а пасля высмеяла за гэтае кавалерства, асароміла. Хлопцы-няўдачнікі хутка перажылі гэта, па-ранейшаму ліпнуць да яе, а Антон зацяўся — не дакарае, не ліпне, але болей яе як не бачыць.
— Дзе дзядзька Стась? — спытала Вікця. — Трэба нацкаваць яго на вас — лепей будзеце таўчы... З такім спрытам мы i да зімы нейкую там вярсту не забрукуем i нічога не заробім... Таўкачы!
Антон зноў прамаўчаў. А я не ведаў, як трэба аджартаваць. A апраўдвацца, што мы добра працуем, стараемся, не варта: Вікця ўсё роўна яшчэ да нечага прычэпіцца, скажа дасціпней, а то i асароміць, не дасць, каб яе перагаварылі.
Фэлік — невысокі, але плячысты, у вайсковых зялёных штанах i ботах, у чырвонай майцы — вылез з кабіны, адшчапіў бліжэйшы ад сябе борт — каменне абсунула, выгнула яго, як адшчапіў i з другога боку, адскочыўся, кінуўшы борт уніз: у кузаве было поўна камянёў, i палавіна ix адразу, абіваючы край борта i грукочучы, пасыпалася ў роў. Узбіла там перагрэты пясок, стукалася адзін аб адзін ды пырскалася дробненькімі адбітымі кавалачкамі. Некаторае, руда-чырвонае ўсярэдзіне, крохкае, каменне расколвалася папалавіне, а то i зусім на маленькія драбкі. Калі каменне далей само не падала, Вікця i Гэлька пачалі піхаць каменне нагамі — i яно адно за адным кацілася долу, на верх крушні.
— Не згружвайце ў адну кучу! — нарэшце, прыпыніўшыся, зірнуў на грузчыкаў i сярдзіта сказаў Антон. — Трэба думаць i пра тых, хто будзе ix тут разносіць.
Грузчыцы паслухаліся яго, намесніка брыгадзіра i вельмі сур'ёзнага хлопца, перасталі скідаць, прыхінуліся да таго борта, што — цяпер добра не змацаваны — перагінаўся i гайдаўся; Фэлік, пасміхаючыся сам сабе, як змаўляючыся, падміргнуў Вікці, падаўся ў кабіну i ад'ехаўся — як ехаў i машыну падтрасала, з кузава па адным падала долу каменне. Прыпыніўся за крокаў дваццаць, i грузчыцы рукамі пачалі ўжо браць i скідаць на дарогу астатняе каменне.
Калі зірнуў на янкоўскі прылесак, я ўбачыў, што сюды пешшу ідуць грэйдэрыст, скрэперыст i брыгадзір. Значыць, пойдзем ужо на полудзень.
Вадзіцелі прыпыніліся ля машыны i пачалі жартаваць з грузчыцамі, брыгадзір, дзядзька Стась — гадоў трыццаці васьмі, высокі лысы мужчына, адзеты ў новыя шэрыя штаны, жоўтую з кароценькімі рукавамі тэніску, у саламяным капелюшы, — падышоў да нас з Антонам, зірнуў, колькі i як мы тут зрабілі без яго, пасля зайшоў на ўтрамбаваны намі брук, стаў на край уплясканага ў цвёрды дол каменя i пагойдаўся на адной назе, — але ні камень, ні пясок вакол яго нават не зварушыліся. Раней, як толькі я пачынаў брукаваць, было, што камень кратаўся i мне прыходзілася вяртацца i перабрукоўваць, Дзядзька Стась патаптаўся яшчэ па некалькіх маіх i адным-двум Антонавых каменнях i ix не зрушыў, але нам нічога не сказаў. Падышоў затым да правага боку дарогі, дзе стаяў я, прысеў i паглядзеў, ці ладна — роўненька па нацягнутым шнуры — клаў я ля ўзбочыны каменне. Доўга пазіраў i зноў маўчаў.
— Хоць трыма вокамі глядзець, але не крывяць... — вылезшы зноў з кабіны, захіхікаў Фэлік, скінуў майку i пагладзіў сваю дужую, загарэлую да колеру бронзы грудзіну.
Яму ніхто ке адказаў; не ведаю, як у каго, a ў мяне паднялася лютая злосць на Фэліка, а пасля, калi ўбачыў, як успыхнуў сарамлівай чырванню Антонаў твар, — i нянавісць.
Дзядзька Стась раптоўна выпрастаўся, з гневам глянуў на Фэліка — i той, як i мы усе, вельмі паважаючы строгага, але справядлівага нашага брыгадзіра, зніякавеў, закруціўся, як вінаваты шчанюк. Пастаяў крыху навідавоку i схаваўся за машыну.
— Абед, хлопцы, — чамусьці толькі нам сказаў дзядзька Стась. — Кідай калодку, Антоне. Адпачывайце, падсілкуйцеся. Пасля абеду, Антоне, будзь за старшага, мне трэба падскочыць у Стоўбцы...
Я адразу паваліў долу калодку; Антон гэтаксама прыпыніўся, але не паваліў калодку, a ўзяў з зямлі невялікі камень, забіў на ручцы выпаўзлыя цвікі, абадраў з калоды адлушчаную кару i кінуў яе ў роў. Пасля ён падаўся па ўтрамбаваным намі бруку, туды, дзе мы сёння раніцай пачыналі працаваць, узяў свой i мой пінжакі, нашы сумкі з ежаю, вярнуўся сюды, бліскаючы адным вокам. Быў маўклівы і, здаецца, злосны. Ён першы, а я за ім услед залез у кузаў машыны. Тут у полі, пад сонцам, мы ніколі не палуднуем, пад'язджаем да лесу, садзімся ў бярозавым гайку на густой мяккай мураве.
Читать дальше