Вікця міргнула, каб я не зважаў, але пасля такіх Васілёвых слоў я не магу не толькі прылегчы ля яе, але не магу ўвогуле тут быць: мне хочацца праваліцца скрозь зямлю. Але адчуваю, што Вікця мілая, добрая; так смяялася з усіх, бо ўсе залішне смелыя, недалікатныя, а я вось далікатны, i яна адчула гэта. I, можа, не толькі адчула, але i пакахала. Як i я яе. З першага позірку.
Усё ж які добры i мілы гэты наш свет! Як добра жыць у ім!
...На танцах у вялікім «смусаўскім клубе» Вікця — у чорнай кароткай спадніцы, у белай блузцы з маленькімі рукавамі, з пышнай прычоскай — была самая харошая з усіх дзяўчат.
Амаль цэлы вечар яна напраўду танцавала толькі ca мною. Сама запрашала на дамскія вальсы, не адпускала, калі канчалі танцаваць, адводзіла мяне ў куток i абы пра што пыталася — я адказваў i добра не ведаў, што гаварыў ці добра гаварыў. Калі зноў пачынаўся танец i хто-небудзь з хлопцаў праставаў да нас, яна ціснула мяне за локаць — i мы зноў ішлі танцаваць. Ад кружні, хвалявання я ўзмакрэў, ды яшчэ без толку, каб выглядаць больш стала i вабней, надзеў касцюм, кашулю i гальштук. Другім хлопцам, адзетым у штаны i лёгкія тэніскі, было нашмат вальней i лягчэй.
Я i радаваўся, што ўвесь час з Вікцяю, нікому яе, прыгожую, мілую, не аддаю, i трывожыўся, што вось-вось яна кіне мяне на насмешкі: бачыць жа маю таўкачаватасць. Збяжыць да некага другога, больш гаваркога, смелага: вунь колькі хлопцаў пазірае на мяне з зайздрасцю!
Як зайгралі развітальны марш, Вікця ўчапілася за маю руку i прытрымала, каб усе выйшлі. Толькі мы пасля ступілі ў сені-веранду, дзе звычайна перад пачаткам кіно стаіць кантралёр i прадае білеты, як патушылі святло. Я адчуў, што хлопцы, што стаялі тут, пачалі адпіхаць мяне плячамі, наўмысна наступаць мне на ногі — я ўжо, можа, i збянтэжыўся б, а то i збаяўся б тутэйшых задзірлівых кавалераў, аддаў бы ім Вікцю, але яна з рашучасцю расштурхнула ўсіх, вырвала мяне з гурту, выцягнула на цёмны двор i прымусіла пабегчы, мінаючы маладыя пары, што ўжо расцягнуліся ад клуба да дзераўнянскай дарогі.
Вікця жыла гэтую пару, што працавала тут, на дарозе, ля БМУ у прычапным вагончыку на колах: у адной палавіне спалі хлопцы, у другой — дзяўчаты.
— Не пойдзем туды, — прашаптала Вікця, прытулілася да пляча, — чуеш, колькі там стаіць скалазубаў? Будуць ацірацца да раніцы i лезці ў дзверы ды вокны. Я хачу з табой пагуляць... — I яна ўзяла за пальцы маю апушчаную руку, захінула яе сабе за спіну, а пасля прыціснула мае пальцы пад сваёю пахаю, i я, вось так неспадзявана абняўшы яе, адчуў тугую яе спіну, цвёрдую зашчапку ад станіка, адчуў такое хваляванне, што мне стала i радасна, i трывожна, што здалося, што цяпер, ноччу, іду не па янкоўска-дзераўнянскай дарозе, a іду па нейкім невядомым казачным каралеўстве, іду з казачнай каралеўнай...
— Вельмі чакаеш выкліку ў інстытут? — мусіць, бачачы, што я разгубіўся, запытала Вікця, як мы павярнулі i пайшлі па блішчастай i ўночы янкоўскай брукаванцы.
— Чакаю, — прызнаўся я, неяк нялёгка вяртаючыся са сваіх мар на гэтую зямлю.
— А я два разы, Чэська, паступала i два разы праваліла... — уздыхнула Вікця. — Летась — у медыцынскі, а сёлета — на завочнае ў педагагічны. Сачыненні спляжылі... Так што не шанцуе ў навуцы. Няздара я, мусіць, нейкая...
Я дасюль не ведаў пра гэта, дык цяпер здзівіўся, што Вікця, меўшы столькі непрыемнасцей, усё ж заўсёды вясёлая, гарэзная.
— Але не трэба больш пра гэта... — як папрасіла яна i мацней прыціснулася да мяне, прыпынілася, зірнула мне ў твар.
Ці мне здалося ў цемені, што твар яе блізіцца, ці, заміраючы, я сам нагнуўся, але хутка нашы насы сустрэліся, размінуліся, i я адчуў яе халаднаватыя вусны. Ад першага ў сваім жыцці пацалунка я аслабеў, асмялеў i абняў яе за плечы, прытуліў, адчуў, як яна блізка i аддана прыціснулася грудзьмі. Адчуў, як пахнуць яе валасы, як мяне ўсяго захлынае нейкае дзіўнае мяккае жаночае цяпло.
— Задушыш... — ціхенька засмяялася яна. — Малады, але гэтакі дужы... Чаго маўчыш? Прызнайся: любіш? Ці не?
Я змаўчаў — не паварочваўся язык вось так ні з таго ні з сяго сказаць: я цябе люблю i вельмі моцна люблю.
— Не бойся, з другіх смяялася, каб яны з мяне не пасміхаліся ды што ўсе такія з доўгімі рукамі... — як угадаўшы мае думкі, сказала Вікця. — З цябе не буду смяяцца. Ты гжэчны, не такі, як усе. Можа, нават i залішне ўжо нейкі далікатны, сарамлівы...
Я прамаўчаў. Але калi праз хвіліну мы зноў пачалі цалавацца, я пачаў шаптаць, што вельмі-вельмі кахаю яе...
У панядзелак, калі толькі прыйшоў на працу (прыйшоў заспаны, бо i ў нядзелю позна гуляў з Вікцяю), з трывогаю ўбачыў, што Гэлька, Ядзя, Люся пазіраюць на мяне i хіхікаюць, таўкуцца ля Вікці, а яна ім нешта шэпча. У мяне прыпынілася, здаецца, ад страху i крыўды сэрца, не мог дачакацца, калі дзядзька Стась, які даўно ўжо прыехаў ca Стоўбцаў, ад сям'і, ранішнім аўтобусам, скажа: «Ну, пара! Пайшлі на дарогу». Але брыгадзір сядзеў на камені, трымаў на каленях перагнуты вучнёўскі сшытак i нешта пісаў.
Читать дальше