— Не пашанцавала ёй у жыцці, — быццам адчуваючы мае думкі, прамовіла Аграфена, — але яна добрая. Выбачайце мне, старой i дурной, але... Ці не гаварыць, Іванавіч?
— Гаварыце, калі ласка, — адгукнуўся я.
— Здаецца мне, каб вы яе ўзялі, дык яна пайшла б за вас. Каб вы бачылі, як яна хораша на вас пазірае, калі вы апусціце вочы на кніжку...
— Стары я для яе, цётка, — усміхаюся.
— От скажаце! Які вы яшчэ стары!
«Дык што? Гэтая вучоба толькі дзеля прыліку? Яна пачала ўжо злавацца, што я сляпы i глухі? Няўжо здольная ў свае маладыя гады пры такой жаночай красе злучыць са мной лёс i падзяліць, узяць на сябе мае нягоды? »
Я гляджу, узіраюся на бела-жоўтую кветку на шпалерах i адчуваю: як ні ныраў у свае пакуты, адгароджваўся ад жыцця, ад жанчын, уцех i радасці i як ні збіраўся дажываць толькі памяццю, але вось вынырваю на паверхню, узбуджаюся i хвалююся тым, што ёсць у жыцці. Адчуваю: прызнавайся сабе альбо не прызнавайся, але гэтая Аглая табе не абыякавая, табе хораша, калі ты яе бачыш i гаворыш з ёю, яна цябе вабіць як жанчына, i ты ўжо не раз жадаў яе прытуліць i пацалаваць. У цябе большае ўжо да яе пачуццё, чым схільнасць, сяброўства ды сімпатыя. Дык што — гэта каханне? Але ж я кахаў ужо Істу, Клаву. I не абы-як, а шчыра, глыбока, здавалася, на ўсё жыццё. Ці яно, гэтае каханне, неабдымнае i невычарпальнае?
Назаўтра ў школе Аглая (у яе вачах зноў ажыў смутак) намагалася не сустрэцца са мной, мітусліва забягала i тут жа зноў выбягала з настаўніцкай, увечар не прыйшла на вучобу. Гэтак доўжылася, мабыць, з тыдзень. Я засмуціўся, але не асмеліўся першы загаварыць, зацяўся. Хоць быў двойчы жанаты, але слаба разбіраўся ў жаночых норавах: i з Істай, i з Клавай жыў разам менш года, калі мы яшчэ былі не столькі муж i жонка, а маладыя Ён i Яна (праўда, з Клавай я, сталы ўжо чалавек, неяк адразу адчуў сябе мужам i гаспадаром, але зусім ненадоўга), дык многага не змог пазнаць у жыцці i ў жанчыне, што звычайна пазнаецца тады, калі з'ясі разам пуд солі. Дык i з-за гэтага не зусім разумеў учынак Аглаі, а таксама не ўяўляў яе новых паводзін, калі я паспрабую тое-сёе запытаць i пры гэтым, можа, загаварыць няўдала.
Першы крок насустрач зрабіла Аглая.
— Іванавіч, — аднаго дня, калі мы засталіся ў настаўніцкай толькі ўдваіх, яна, апранутая ўжо ў паліто, прыхілілася да вушака, — выбачайце.
— За што? — запытаў я, хоць, здаецца, зразумеў усё, што цяпер у яе маладой душы.
— За тое, што я дурная...
Я збянтэжыўся, як хлапчаня. Ад яе перажыванняў, ад таго, што не я, мужчына, першы ступіў, паспрабаваў пераступіць цераз непаразуменне.
— Ніякай вашай віны перада мной няма, Аглая» — апусціў галаву я. — Дык i не дакарайце сябе ні за нішто. Прыходзьце, будзем дзяўбці граніт навукі далей.
— Прыйду, — усміхнулася, пажвавела, залілася здаровым чырванцом.
Сапраўды, зноў начала заяўляцца вечарамі, i мы нібы зусім спакойна пачалі карпець над кнігамі ды сшыткамі далей. Чаму — «нібы снакойна»? Мы пазіралі адно на аднаго, гаварылі, быццам сябры, але пад гэтым сяброўствам было ўжо i іншае — штосьці змоўніцкае, тайнае наша, адно, пра што ведалі толькі яна i я. I хоць я яе праводзіў, ціснуў на развітанне руку, але гэты поціск, ціхае i пяшчотнае «Да пабачэння» поўнілі сэрца ўсведамленнем хуткага большага i еднаснага. Мы не гаварылі, але адчувалі: сам лёс зводзіць i збліжае нас.
Так вось цягнулася да Восьмага сакавіка. Вечарам гэтага святочнага дня — пасля прамовы дырэктара i канцэрта для вучняў i насельнікаў пасёлка — мы настаўніцкім гуртам засталіся ў школе i наладзілі банкецік з гулянкаю. Нам іграў на баяне вайсковы старшына — каханак нашай Наталлі i наш «карміцель».
Калі пачаставаліся i пачалі танцаваць, дык наш дырэктар (а ён зноў джыгнуў болей за ўсіх) пачаў прыставаць да Аглаі. То ўсаджваўся побач з ёю i вёрз-вёрз пра сябе i яе былога мужа, пра іхнія франтавыя перыпетыі, а то, як усе бачылі, пажадна нашэптваў ёй на вуха i заманьваў у настаўніцкую.
— Іванавіч, — не раз i не два штурхала мяне локцем Наталля, — ратуй Аглаю. Хіба не бачыш яго юру?
Я ўсё бачыў. Як i тое, што Аглая не гарэзнічае i не сваволіць. Наталля ж, думаючы, што я не ўсё разумею, калі такі спакойны, улучыўшы момант, зашаптала мне:
— Глядзі, не страць сваё шчасце! Аглая цябе любіць!
Мала гэтага, дык Наталля намагалася яшчэ зусім спаіць Трыфанавіча, затрымаць каля сябе, каб з Аглаяй мог патанцаваць я; той куляў чарку за чаркай, касеў, але з мяне вока не спускаў. Нават больш — пачаў задзірацца, a ўрэшце схапіў мяне за кашулю на грудзіне.
Читать дальше