Ды я забег наперад. Тады, у канцы саракавых, такія, як Трыфанавіч, мелі ўсю ўладу над такімі, як я, хоць самі былі амаль няпраўныя перад тымі, хто сядзеў на вышэйшым, чым іхняе, крэсле.
— Іванавіч, у нас не адбылася адна размова, дзеля якой, уласна, мы сюды i прыйшлі, — таямніча шапнула мне на адыход чырвоненькая, пыхкая ад маладосці, здароўя i жаноцкай шчодрасці Наталля i, як кінулася мне ў вочы, на гэтыя яе прытульванне i шэпт вельмі насцярожана стрэльнула позіркам Аглая. — Але пагаворым пра гэта заўтра. У школе.
Назаўтра я першы запытаў пра тое, пра што хацелі пасакрэтнічаць са мной жанчыны, i Наталля сказала мне зусім простае:
— Вы, Іванавіч, як педагог ачаравалі нашую Аглаю. Яна марыць выкладаць мову i літаратуру гэтак, як i вы. Адпаведна, хоча паступіць у інстытут. Дык ці згодны вы, Іванавіч, быць яе рэпетытарам?
— Я не супраць, — адказаў я Аглаі, якая была побач. Яна чамусьці густа пачырванела.
— Вось i добра, — усцешылася за тую Наталля. — Ідзе вясна, адклад не ідзе на лад, дык варта пачаць ужо вучобу. Лепш за ўсё, як я думаю, Іванавічу даваць урокі на сваёй кватэры, дзе ціха i спакойна. Канечне, могуць быць суды-перасуды, але зважаць на ix не трэба.
— Іванавіч, гэта Наталля настойвае, каб займацца ў вас, — зірнула на мяне са збянтэжаннем i мальбой Аглая. — Вы, калі жадаеце мне памагчы, можаце прыходзіць да нас.
— У вас дзеці не дадуць вам як след займацца, — сказала Наталля, i ў вачах яе заскакалі гарэзныя чорцікі. — Я вось не супраць прыходзіць да Іванавіча, але, на жаль, думаю паступаць не на філалагічны, а на хімічны факультэт. Дый мой старшына раўнаваць будзе.
Карацей, мы началi вучобу; тыдзень-другі Аглая прыходзіла да мяне вечарамі з Верай, але потым тая перастала суправаджаць яе. Мы з Аглаяй пасябравалі. А то i больш. Калі яна прапускала вечар-другі, я адчуваў трывогу i занепакоенасць, не мог за што-небудзь узяцца i не знаходзіў спакою.
«Мабыць, захварэла наша вучаніца», — гаварыла мая гаспадыня, здаецца, таксама ўжо сумуючы па ветлівай i прыязнай госці, а заадно, мабыць, добра адчуваючы мой неспакой.
...Завірухі, адвыўшы i нагнаўшы снегу, зімовай задумнасці, збеглі ў тундру; пачалі ўсталёўвацца ясныя i сонечныя дні, спакойныя, але з моцным марозам i срэбным холадам ночы.
Аграфена, начапіўшы на нос акуляры, сядзіць на печы i вяжа, здаецца, зусім не зважаючы на ціхі гоман у хаце, а мы з Аглаяй прымасціліся за сталом i робім сваё: я дыктую ёй абзацы з кнігі, яна піша, а пасля мы разам разбіраем усё i тлумачым, чаму тут трэба якраз такія знакІ прыпынку, чаму «не» альбо «в» з некаторымі словамі пішуцца разам ці асобна.
У нейкі час я адчуваю: Аглая няўважлівая: яна нібы слухае, але ці адказвае мне не зусім дарэчы, ці ўвогуле маўчыць. Я падымаю вочы ад кнігі, гляджу на Аглаю — на гладка зачасаныя i сабраныя за патыліцай у «куклу» i прышпіленыя паўкруглым грэбенем чарнявыя валасы, на адкрыты высокі лоб, на гладкую, яшчэ з крэмавым загарам шыю, на паўнаватыя свежыя шчокі, на стройныя плечы i заўважаю тое, чаго раней не бачыў: на яе лобе, у куточках вачэй разгладзіліся, зніклі маршчыны, з вачэй сплыў смутак, на паўнаватых вуснах блукае штосьці па-жаночаму няўлоўнае, але добрае, а пад цеснаватай сукенкаю хораша кругляцца грудзі. Адным словам, бачу новую Аглаю — маладую i здаровую, акрыялую пасля вялікай бяды i прагную да жыцця, а можа, i да кахання... Цяпер вось яна не спахопліваецца, не рдзее, як яшчэ нядаўна, не адводзіць вочы, глыбей пазірае, нібы спрабуючы зазірнуць мне ў душу, — я не вытрымліваю, зноў апускаю галаву, адчуваючы, што нешта зрушваецца калі не ў свеце, дык між намі. Нейкі імпульс, што пранізвае душу, пачынае хваляваць, а то нават i трывожыць.
— Іванавіч, — падае ціхі голас Аглая, — адкуль вы столькі ўсяго ведаеце?
— Я ж не толькі скончыў універсітэт, але нашмат старэйшы за вас, — адказаў ёй таксама ціха. — Але вы здольная вучаніца, хутка будзеце ведаць усяго не менш за мяне.
— Іванавіч, раскажыце пра сябе.
Я нейкі час маўчу, не магу падняць вочы, а пасля пытаю:
— Што вы хочаце ведаць? За што мяне судзілі, а цяпер выслалі сюды?
— Не толькі пра гэта.
— А яшчэ пра што?
— Пра вашыя юныя гады, пра жонку, па якой вы столькі верна насілі жалобу.
— Я магу расказаць пра сябе маладога, але прадбачу: расчарую вас.
— Чаму?
— Цяпер вы ўяўляеце мяне з нейкім арэолам таямнічасці i нават пакутнасці. Мой расказ разбурыць яго, гэты арэол. Вы ўбачыце мяне звычайным i простым чалавекам, праўда, з нялёгкім лёсам.
Читать дальше