— Дык раскажыце мне пра сябе.
Я не адчуў у яе голасе нездаровай альбо наўмыснай цікаўнасці, адчуў шчырасць, дык, як i некалі Клаве, я паволі распавёў Аглаі пра сваю вёску, бацькоў, пра сваё маленства, пра вучобу ва універсітэце, пра Істу (праўда, цяпер ужо амаль без абурэння гаварыў пра цешчу за тое, што спачатку не хацела мець мяне за зяця, а пасля не аддала мне майго сына), пра свой першы арышт i лагеры, пра вяртанне на волю адразу пасля вайны i пра ўспышку кахання да Клавы, якая, будучы, як кажуць, простай жанчынай, адчула маю душу i аддала мне сваю.
— Божа!— пачуўшы маю адысею, захітала галавой Аглая. — I вы лічыце сябе звычайным i простым! I вы падымаеце пакуты Дастаеўскага i яго герояў! Вы ж — большы гаротнік: вінаваты без віны!
— Я не адзін такі, Аглая. Нас, такіх, шмат.
— Цяпер, калі вы шчыра расказалі пра сябе, я разумею: сапраўды, у нас такіх, як вы, шмат, — скрушліва прамовіла яна. — Дагэтуль многіх з вас я, дурніца, шчыра лічыла «ворагамі народа». Як i гаварылі ды пісалі ў газетах.
— Аглая, мілая, — я падняў галаву i зірнуў у яе павільгатнелыя ад спагады i перажытага болю вочы. — Вы папрасілі — я даверліва расказаў пра сябе. Але не для таго, каб тут, тым болей па-за гэтым домам гаварыць пра гэта i рабіць высновы.
— Вы не верыце мне? — запытала яна з болем.
— Баюся. За сябе i за вас. Думаць, разважаць пра ўсё гэта вельмі небяспечна.
— Дык што — трэба замест галавы мець гарбуз?
— Я ж не маню: за неасцярожнае слова я адседзеў, змарнаваў больш дзесяці сваіх лепшых гадоў. А вось цяпер мяне кінулі сюды з-за перасцярогі. Мабыць, каб адфільтраваць нас ад франтавікоў i партызан. Яны не скажуць усёй праўды, але нашай не павінна быць ні кроплі... Мы, мусіць, ужо спісаныя...
— Што вы кажаце, Іванавіч? — не згадзілася Аглая. — Як можна спісваць такія светлыя розумы, як у вас?
— Я — звычайны, Аглая. Але для некага небяспечны...
— Няпраўда. Звычайная — я. Вы — асоба, — яна абхапіла рукой маё запясце i сціснула яго. — Вы не хочаце заўважаць: у вас закаханыя калегі-жанчыны... I ведаеце, хто першы захапіўся вамі?
— Скажу шчыра: я не думаў пра гэта, — адказаў я i адчуў, што не так i не тое гавару: Аглая заводзіць гэтую гутарку не зусім выпадкова.
— Вы заглыбіліся ў сваё гора i не хочаце заўважаць, што жыццё не спыняецца, a ідзе... Ды хіба мне вам пра гэта казаць? Вы самі добра гаварылі пра гэта на прыкладзе Андрэя Валконскага з «Вайны i міру», калі той бачыў адзін i той жа спачатку сухі, непрывабны, а пазней зялёны ды велічны дуб... Дык вось вы, Іванавіч, адразу ж спадабаліся нашай Наталлі. Але яна пашкадавала вас: «На жаль, я не магу быць добрай жонкай, рана-позна захаплюся іншым. Дык не хачу прыбліжаць, а пасля кідаць, глыбока раніць такога высакароднага чалавека». Чуеце?
Я адразу адчуў пэўную гульню, i па ёй мне трэба было трошкі гулліва запытаць: «А хто яшчэ, апроч Наталлі, захапляўся альбо захапляецца мною?» Але мае сталыя ўжо гады, пакуты i боль не падштурхнулі да гэтага.
— Адхіліліся мы з вамі ўбок,— сказаў я.— Давайце займацца далей.
Аглая адразу ж адпусціла мае запясце, густа пачырванела, нібы яе залавілі на якойсьці правіннасці, i зусім нечакана пачала складваць у свой рыдыкюль сшыткі. Колькі я ні затрымліваў, гаворачы, што сёння мы працавалі менш, чым калі, але яна не паслухала, пайшла, на хаду развітаўшыся з гаспадыняй, i на тэты раз не дазволіла, каб я правёў яе нават за вароты.
Застаўшыся без Аглаі, я адразу ж адчуў, што нібы раздвойваюся: не мог фрывольнічаць, дазваляць сабе абы-што з нашмат маладзейшаю жанчынай, але быў i не зусім тактоўны ды гібкі, а то i пакрыўдзіў яе. Але як павінен быў я паводзіцца іначай? Завесці гаману пра яе i сябе? Але дзеля чаго? Пазаляцацца?
— Я не слухала, пра што вы бубнілі, — падала голас з печы Аграфена, бачачы, што я хаджу туды-сюды па пакоі. — Але ці не пасварыліся вы?
— Чаму вы так думаеце, цётка? — запытаў я.
— Вельмі ж рана i шпарка яна сёння выскачыла адгэтуль, а вы не выйшлі яе праводзіць.
— Яна заспяшалася па сваіх клопатах, — схлусіў я.
— Хіба так.
Я сеў, паспрабаваў далей чытаць дзённікі Талстога, але, выбіўшыся з раўнавагі, не запамінаў таго, што бачыў вачыма. Мабыць, Аглая мела рацыю: жыццё мацней класікі i асабістага, няўхільна кліча i вабіць. Але куды i да чаго? Па-другое, чым так незадаволілася Аглая? Ажно здзівіўся: бач, гэтая маладзічка з іменем гераінь Дастаеўскага i ў школе, i тут нібы глядзіць мне ў рот, захапляецца, але ўсё ж з характарам! Няўжо яна закахалася ў мяне? У абяздоленага i старэйшага? Ці толькі захапілася?
Читать дальше