Бізантыйскія пярсцёнкі абвіваюць яе пальцы,
I з карункаў чорных вэлюм яе вочы захінае.
У вушах — жамчужын гронкі, а спадніцы — як палацы.
А вачэй яе — не помню, голас не прыпамінаю.
Помню толькі — бранзалеты са смарагдавай аздобай,
Дыямент на дыядэме, дыяменты на абцасах,
Дыяменты на манжэтах — быццам дажджавыя кроплі.
I высокую прычоску, і апошнюю абразу...
Што ж кахаў я? Што я бачыў за завесаю бліскучай?
Толькі рэчы, толькі тое, што за грошы прадаецца...
А спадніцы шаргаталі — і было душы балюча.
А звінелі бранзалеты — і чамусь палала сэрца...
РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ
Як Пранціш Лёдніка з-за двух акіянаў вярнуў
Этрускі рабілі пахавальныя урны ў выглядзе домікаў. З вострым дахам, акенцамі, дзвярыма... А што ж — нябожчык, лічы, вярнуўся дахаты разам з дымам апошняга свайго вогнішча.
А ці мала на свеце дамоў, багатых, вялікіх і тлумных, але насамрэч мёртвых, дзе адно попел ды цвіль граху? На мармуровы ганак ніколі не прыпаўзе да сподачка з малаком вужака, да місы з непасоленай яешняй у падпеччы не прыкульгае дамавік... А калі такі дом апусцее — у ім абавязкова паселяцца прывіды. Напрыклад, закатаваных у сутарэннях ахвяр бязбожных эксперыментаў.
Нізавошта не хацеў бы Пранціш Вырвіч атрымаць ва ўладанне шыкоўны дом дэ Варда, каб прачынацца па начах ад прывідных скаргаў ды стогнаў... I ўвогуле блізка б да таго дому смерці не падышоў бы.
Але давялося. А менавіта ў той дзень, калі ў Таварыстве прагрэсіўнай медыцыны мусіў прагучаць скрадзены ў Баўтрамея Лёдніка публічны даклад пра новыя спосабы ўжывання аканіту.
Папраўдзе, большасці шаноўнай публікі было начхаць і на нейкі там аканіт, і на спосабы яго ўжывання, ну, акрамя купкі апантаных кнігагрызаў.
Але нават ускрыцці трупаў у анатамічных тэатрах у слаўную эпоху Асветніцтва ператварыліся ў прыемныя свецкія асамблеі. Так і тут — чакалася шампанскае, безэ і лепшая садавіна з лангедокскіх аранжарэй. Дамам можна было памерацца вышынёй прычосак, у напудраных хвалях якіх луналі цацачныя караблікі і ружавелі птушкі з пер’ямі сапраўдных калібры... Можна было з прыемнасцю абгаварыць апошнія куртуазныя прыгоды Людовіка Пятнаццатага, і што ў мадам Дзюбары з’явіліся зморшчыны ад злоўжывання шпанскімі мушкамі і эмаліроўкі твару, і пра яе змаганне з герцагам Шуазёлем, які хоча падкласці каралю ў ложак уласную пляменніцу... Ну і, вядома, паказаць сваю прагрэсіўнасць і дасведчанасць тым, што пакруціўся ў салоне праслаўленага ў Парыжы барона дэ Варда, сярод наймудрых, найвучоных мужоў. А можа, удасца якое слоўца новае вывучыць — напрыклад, «трэ-па-на-цыя». Што такое, няважна, а пакрасавацца можна: «Як, вашамосць не ведае, што такое трэпанацыя? Ды ў Парыжы кожны дзіцёнак без яе нават спаць не кладзецца!»
Гэта быў першы раз, калі барон запрасіў на сход Таварыства старонніх — відаць, у цвёрдым спадзеве залучыць новых прыхільнікаў. Таму што ўваход на сённяшні вечар быў па білетах, а білет каштаваў столькі, што можна на гэтыя грошы самому банкет учыніць. Так што стрыгчы залатое руно тут было з каго. Нават некалькі арыстакратаў-эмігрантаў з Рэчы Паспалітай білеты выкупілі, прыехаўшы адмыслова з Ліёна і Парыжа. Тым больш надвор’е спрыяла: ужо тыдзень сонца бязлітасна падсмажвала вераснёвы Лангедок, як на Купалле.
Мадам Серафіна Мішэль у суправаджэнні двух сарацынаў не магла не з’явіцца паслухаць доктара, які яе так паспяхова лечыць. Вось з’яўленне маладога прафесара Жана Эмануэля Жылібера, вальтар’янца і масона, выклікала незадаволенае перашэптванне. Праўда, асабліва не здзівіліся: ну не вытрымаў вядомы батанік, ляснуў сто ліўраў, абы паслухаць канкурэнта на навуковай глебе. Але і Жылібер не застаўся на самоце, і зараз, пагардліва крывячы вусны, пра нешта перагаворваўся з двума вучонымі панамі. Гэткімі ж скептычнымі, з дэманстратыўна не напудранымі галовамі — французскія патрыёты лічылі ганьбай пераводзіць муку, калі народ галадае, і вакол тройцы імкліва ўтваралася Сінайская пустка.
А вось і дакладчык. Альфонс Бяскоўскі нікому не даверыў каштоўны тэкст. Прамаўляе, як салавей з зязюляй. Самы час сарацынам з асабістай аховы каралеўскай фаварыткі ціхенька адысці ў куток залы з бліскучай, як вада ў сонечны дзень, падлогай і калонамі з ружовага мармуру, у цёмны калідор, далей, далей...
У канцы калідора двое венгерцаў перагарадзілі шлях да лесвіцы, сярдзіта замахалі рукамі: няма чаго тут швэндаць... Вырвіч перазірнуўся з напарнікам — сённяшні сарацын нумар два быў шляхціцам, харунжым у войску Радзівіла Пане Каханку і старым знаёмцам. Таму праз колькі імгненняў венгерцы ўселіся на прыступкі лесвіцы, міла прыхіліўшыся адзін да аднаго, без лішняга шуму і без прытомнасці.
Читать дальше