Вось цяпер было не да жартаў, прыпячэ, як блыху на блясе. Трэба паспець скарыстацца з таго, што большасць усё ж не цяміла, якая халера адбываецца. Краем вока Вырвіч бачыў светлую сукенку Раіны...
Раптам нізкі голас былога віленскага прафесара, які звык заклікаць да дысцыпліны наравістых студыёзусаў, перакрыў усе галасы:
— А зараз ягоная мосць барон дэ Вард пакажа нам галоўны сюрпрыз! Усе павінны паглядзець на навуковыя дзівосы, што захоўваюцца ў сутарэнні гэтага дома! Гэта лепей, чым звярынец альбо анатамічны тэатр, панове!
Людзі прыціхлі, заазіраліся. Раіна зараз жа звонка падхапіла:
— Барон, вы неверагодны гаспадар! Неадкладна адпраўляемся ў вашы таемныя сховы! Мне дык проста не церпіцца пабачыць вынікі выдатных эксперыментаў.
Натуральна, у тых, хто бываў у сутарэнні, твары збялелі ды скрывіліся, а іншая публіка ажывілася — бо атракцыён з бойкай паміж дактарамі пачаў ужо надакучваць. Сыплюць сабе вучонымі тэрмінамі, хай бы хоць парыкі адзін з аднаго пасцягвалі... Адзін з чужаземцаў загарлаў, што ў яго ў Літве такі звярынец, якога ніводзін французскі барон не мае, і ён хоча параўнаць яго з баронскім. Другі заявіў, што ўсё роўна тых дзівосаў, якія меў у Нясвіжы князь Радзівіл, ніхто не пераплюне, і таксама горача зажадаў зверыць іх з баронавымі... Дарэмна дэ Вард спрабаваў перакрычаць гармідар, сто разоў шкадуючы, што ўпусціў сюды, паквапіўшыся на вялікія грошы, усіх, хто зажадаў. А людзі ж уплывовыя, не выштурхаеш!
— Калі ласка, панства! Сюды, да канца калідора, і ўніз, па лесвіцы! Уваход вольны!
Нізкі гучны голас рослага сарацына ў трохі прадзіраўленых чорных адзежах гучаў амаль здзекліва. У адной руцэ дзіця пусткі трымала шаблю, другой прыціскала да сябе скрынку...
— У яго шлем!
Бяскоўскі з-за калоны паказваў пальцам на Скарамуша.
Самы час быў пакінуць негасцінны дом.
Дэ Вард, раскінуўшы рукі, спрабаваў затрымаць натоўп, але падпітыя госці, падзуджаныя чужаземнымі шляхцюкамі, павалілі глядзець на абяцаныя дзівы...
Нечакана перад Лёднікам вырасла гіганцкая постаць, абшчаперыла, не зважаючы на ўдары: Гарганцюа! Галем, які не ведае болю і спачування... Вырвіч з жахам зразумеў, што Бутрым нізавошта не стане сячы шабляй скалечанага волата, і гэта самазабойства. Але Лёднік раптам гучна прагаварыў-прасіпеў, гледзячы ў каламутныя вочы гіганта:
— Ёсць два віды законаў: адзін — безумоўнай справядлівасці і ўсеагульнага значэння...
Рукі Гарганцюа расціснуліся і ён, застылы, як слуп, механічна прамовіў, мяркуючы па ўсім, працяг пачутага:
— Другія ж — недарэчныя, абавязаныя сваім прызнаннем адно слепаце людзей або сіле абставінаў.
Зразумела, уцекачы не сталі выслухоўваць мудрыя словы — як пасля патлумачыць Бутрым, яны належалі блюзнеру Дзідро, чыім гарачым прыхільнікам у мінулым сваім жыцці быў Гарганцюа...
Польскія арыстакраты, што з’явіліся на вечарынку, дружненька перашкаджалі пераследнікам. А калі павыхоплівалі шаблі, гарлаючы пра ўрон для гонару, як на якім Рэчыцкім сейміку, а з сутарэння данеслася верашчанне ўражаных відовішчам няпрошаных гасцей, дэ Вард нарэшце зразумеў, што вельмі дарэмна злавіў у сваё сіло аднаго ганарыстага доктара.
Карэта імчала да порта Латэ, наладаваная збеглымі ліцвінамі. Першае, што зрабіў Пранціш, калі ўсеўся побач з Лёднікам — кінуўся здымаць з яго ашыйнік. Не мог бачыць на прафесары сведчанне рабства. Калі з дапамогай той жа шпількі замок быў адчынены, а ашыйнік зняты, пад ім выявіўся крывавы пісяг — відаць, полацкі Фаўст быў не самым паслухмяным рабом.
Лёднік пацёр шыю і стамлёна абсунуўся на сядзенні. Вырвіч паглядзеў на ягоны драпежны профіль і мімаволі ціха папытаўся:
— Моцна білі?
Вусны нядаўняга вязня падціснуліся, ён памаўчаў, адказаў, не падымаючы вачэй:
— Зусім не білі, пан Вырвіч. Барон дэ Вард лічыць гэты спосаб утаймавання брутальным і не вартым разумнага чалавека. У іх ёсць... больш дасканалыя і тонкія спосабы ламаць асобу.
Цвёрда зірнуў на колішняга гаспадара:
— Выканайце маю просьбу, пан Вырвіч: не распытвайце мяне, што было ў доме гэтага тлустага гнюса, ніколі.
Перавёў позірк на акторку, якая ўсміхалася са светлым сумам:
— Я здагадаўся, што аглядаў вас, Раіна... Бяскоўскі... зманіў вам.
Раіна раптам падалася наперад, на імгненне ўзяла далоні доктара ў свае:
— Я ведаю, дарагі пан Лёднік... Усё ведаю. Не трэба...
I адкінулася назад, мройна гледзячы ў акно, за якім, аднак, нічога не адбывалася, толькі ляцелі ў прыцемку дрэвы, як вядзьмаркі з ускудлачанымі, зблытанымі валасамі. Бутрым уздыхнуў і зноў панурыўся — і Вырвіч мог прысягнуць, што чуе ягоныя думкі: перажывае, як там жонка і дзеці, і якога дурня зваляў, звязаўшыся з дэ Вардам, і як замаліць грахі, і куды яму цяпер падзецца... Ні грошай, ні працы... А пан Рысь, ваяўніча тапырачы чорныя вусы, бадзёра ляснуў вызваленага па плячы:
Читать дальше