Вырвіч памацаў вуха: а-ёй, сапраўды баліць, распухла...
— Ды вы не хвалюйцеся, доктар дзесьці праз год вернецца. Ну, можа, праз два.
Туман перад вачыма разамгліўся, усё бачылася выразна, як дуля перад носам. Вось толькі нічогенька з таго, што расказваў Бяскоўскі, не вымалёўвалася ў памяці.
— Вы маніце, вашамосць!
Рука сама пацягнулася да шаблі... Гіпацэнтаўр аказаўся на месцы, пры левым баку. Бяскоўскі не змяніўся ў твары.
— Дарую вашу гарачнасць, пан Вырвіч. Вам зараз вельмі нядобра... Але пан Лёднік ясна сказаў, што больш бачыць вас не хоча.
Хвелька павярнуў засмучоны твар.
— Праўда, вашамосць! Пан доктар з дзвярэй толькі высунуўся, злосны-злосны і абдрапаны, сказаў, каб я вас адвёз да пані Саламеі... І ліст мне для пані перадаў. А вы такі былі... Увесь віном абліты. Дзякуй ягамосці пану Бяскоўскаму, што паехаў вас праводзіць. А божачкі мае, што ж я пані Саламеі скажу... — гэта Хвэлька ўжо мармытаў сабе пад нос. — Бедная мая пані! Бедныя дзеткі! Толькі прыехалі пані з дачкой, напакутаваліся дарогай... Гэта ж успомніць — карэты праклятыя ламаюцца, паненачка захварэла, давялося на караблі плысці. А пана шчэ далей панесла, да дзікуноў! Папёр як ад пугі... І што ягамосць Вырвіч яму нагаварыў?
Пранціш бяссільна адкінуўся на сядзенне. Пачуццё віны, злосць на ўпартага Лёдніка... Давёў алхімік усім, што вольны! Зараз, відаць, ужо шкадуе — кінуў жонку, дзяцей... А куды з карабля сярод мора падзенешся? Наступны раз зойдуць у порт, добра калі ў Танжэры. Хіба што Лёднік дадумаецца на першым жа прыпынку сысці ды вернецца да сям’і?
Гэта Пранціш ужо меркаваў перад пані Саламеяй. Хадзіў туды-сюды, прамаўляў, як Станіслаў Аўгуст на сойме, пераконваючы шляхцюкоў адмовіцца ад права ліберум вета... Доктарава сядзела, сціскала тонкія пальцы так, што збялелі. У лісце, перададзеным ад Бутрыма Хвэлькай, было ўсяго некалькі спехам напісаных радкоў. Даруце, маўляў, не хвалюйцеся, вярнуся, але не магу ўпусціць такі шанец — пабачыць надзвычайныя медыцынскія здольнасці тубыльцаў Інданезіі.
Каб тым тубыльцам шашаль пяты патачыў з іхнімі медычнымі цудамі...
— Як жа ён... Праз два акіяны... У яго ж марская хвароба... Напакутуецца. І лекаў з сабой не ўзяў... — нейкім змярцвелым голасам прагаварыла пані. І Пранцішу — як нажом па сэрцы. Трэба ж, не пра сваю крыўду — а пра здароўе збеглага мужа думае.
Вось Алесік крыўды не хаваў. Здавалася, ён цяжэй за ўсіх перанёс раптоўны ад’езд бацькі. Прагаварыў толькі адно:
— Ён слова даў скончыць са мной дослед. Шляхціц не мусіць слова парушаць! Гэта ганьба!
І больш пра татку не гаварыў, зацяўся ды слёзы крадма выціраў. Аднойчы толькі слоікі свае з нечым жывым і незразумелым паразбіваў.
Лета штурхала перад сабой па пыльнай дарозе сонечны вазок. А Саламея і Пранціш вынайшлі тужлівую гульню: усё разважалі, чым зараз мог бы займацца Баўтрамей Лёднік... Вось ён на караблі, разглядае ў падзорную трубу паўднёвыя зоры. Лечыць прыхварэлага матроса. А можа, зашыўся ў кут каюты, і яго самога ванітуе — не пераносіў полацкі алхімік марской гайданкі. А цяпер ён, напэўна, ужо бачыць бераг Афрыкі. Карабель прычаліў, набегла мурынаў, прынеслі мяняць нешта цікавае — слановыя біўні, каралы, какосавыя арэхі на шкляныя пацеркі, самыя надзейныя грошы ў экзатычных падарожжах. А цяпер павінен быў і да Явы даплысці...
Ці шчаслівы там доктар, ці знайшоў, што хацеў? Пранціш уяўляў апантаных пілігрымаў, што не данеслі да свае мэты галоўнага — чыстага сэрца, і таму не ўбачылі Грааля.
...Між камянёў змяя слізгае,
Вільготны след — нібыта смерць.
А мы шукалі браму рая,
Адкуль не поўзаць — а ляцець.
А мы так доўга твань мясілі,
Ламалі голле ўздоўж дарог.
Прыйшлі — а нам не далі крылляў,
Глядзім — а нас не бачыць Бог...
Ліст прынеслі толькі аднойчы. Скамечаны, пажаўцелы... Пані Саламея, калі думала, што ніхто не бачыць, прыціскала паперу да твару, быццам хацела надыхацца аднымі пахамі з мужам, адчуць дотык рукі, што выводзіла літары...
Бо з самога ліста нічога нельга было толкам даведацца: тыя ж «не хвалюйцеся» ды «прабачце».
А справы ішлі ўсё горш... Пан Жылібер, падобна, расцаніў ад’езд Лёдніка як здраду, і з Пранцішам вітаўся вельмі холадна. Можа, не паверыў і ў тое, што Вырвічу нічога разведаць не ўдалося. Тым больш Агюст знік, як сабака на кірмашы: слугі распавялі, сабраў клунак ды падаўся да нейкай далёкай радзіны ў Праванс. Што было цалкам зразумела.
Пацыенты, кінутыя ліцвінскім доктарам, абураліся і, вядома, іх кашалькі і здароўе патраплялі ва ўладанне іншых эскулапаў.
Читать дальше