Але Агюст, які закрумкатаў-замыкаў штось сапраўды няўцямнае, падміргнуў шпегу цалкам разумна, і схітрыўся зрабіць так, каб іхнія манеўры ў бок лесвіцы да сутарэнняў засталіся незаўважанымі. Хаця ў доме сапраўды тоўпілася шмат люду, як на кірмашы, і некаторыя, апранутыя ў венгерскія касцюмы, плячыстыя, са спаласаванымі старымі шнарамі абліччамі, з пісталетамі ды шпагамі за паясамі, дакладна не былі ні лёкаямі, ні кухарамі...
У адным са шматлікіх калідораў пачулася водгулле вучонага дыспуту, нібыта пчолы ў вуллі, куды сунуў нейкі дурань палку... Ці не з’яўляецца гэтым дурнем мнагамудры прафесар Баўтрамей Лёднік — вось ужо хто любіць цвеліць вучоных калегаў! Апошні раз на дыспуце ў Ліёнскай медыцынскай школе пачаў заступацца за венскага доктара Аўэнбругера, што напісаў трактат, як пры дапамозе выстуквання грудной клеткі выяўляць схаваныя хваробы. Небараку Аўэнбругера за ягоную «перкусію» ў Вене высмеялі ды зганьбавалі так, што звар’яцеў і трапіў у лячэбніцу. А тут Лёднік давай даказваць слушнасць ягонай методы! А Чорнага Доктара не збянтэжыш нападкамі, у яго на кожны аргумент — сваіх дзесяць... Ледзь не пабіліся!
Лесвіца, ужо не засланая дыванамі, як у доме, цёмная, з шурпатых каменняў, вяла ўніз, у цемру. Пранціш адчуў сябе фларэнтыйскім паэтам Дантэ, якога валачэ ў чысцец па крутых прыступках касавокі Вяргілій. А той даволі спрытна адчыніў хітры замок на абабітых жалезнымі палосамі дзвярах унізе... Сунуў Пранцішу ў руку ліхтар і, перш чым сысці, так-сяк паказаў на пальцах, удакладняючы мыканнем: вернецца праз чвэрць гадзіны. Шпацыр госця мусіць быць кароценькім, як заляцанні багатай удавы да збяднелага шляхцюка.
Вырвіч, усё-ткі некалькі імгненняў счакаўшы, каб канчаткова прыдушыць ганебную гадзюку страху, націснуў усёй даланёй на створку дзвярэй. Тая падалася наперад са здрадлівым рыпеннем. З цемры прагалу пацягнула смуродам, як сапраўды са звярынца, а яшчэ чамусьці — гнілымі водарасцямі.
А потым...
А потым Вырвіч адплюшчыў вочы і зараз жа зноў заплюшчыў, бо сонца разанула па зрэнках, як татарын па горле баранчыка. Ад даволі адчувальнага пагойдвання цягнула на ваніты...
Пранціш усё-ткі прыўзняў павекі — далібог, хоць манетамі іх падпірай. Над ім абыякава плылі аблокі, сінела неба, спакойнае, як тапелец... Побач пацоквалі капыты, колы падскоквалі на каменьчыках — значыць, ён у экіпажы... А ў горле ўтварылася шостае кола пекла, у якім, згодна Дантэ, ляжаць у распаленых вогненных магілах блюзнеры ды эпікурэйцы. Лёднік, праўда, паблажліва ставіўся да Эпікура, якога лічыў цікавым філосафам: усё на свеце створанае з драбнюткіх часцінак — атамаў, і існуюць толькі іхні рух і пустэча. Бязбожнік, цьху!
Лёднік! Прагрэсіўныя дактары! Сходка ў доме дэ Варда!
Пранціш нарэшце прыўзняўся — свет загайдаўся, як русалка на вярбе. Гэтак смажыла ды вяло ўбакі, калі выпіў тры збаны такайскага віна з адным нясвіжскім войскім, што з’ехаў пасля паразы Пане Каханку за мяжу ды раптам прыжаніўся ў Ліёне. Вось і паўспаміналі землякі Беларусь ад душы...
— Як пачуваецца месье? — пачуўся збоку клапатлівы, але з прыхаванай насмешкай голас. Пранціш вылупіўся, як мог: злева ад яго сядзеў пан Альфонс Бяскоўскі ва ўсёй даўгалыгай красе.
І яшчэ адзін знаёмы голас:
— Горачка якое, набраўся ягамосць, як жаба гразі...
А гэта азваўся Хвэлька. Вунь яго спіна наперадзе, там, дзе месца фурмана. Значыць, брычка Лёднікава, а дзе сам доктар?
— Адплыў на Яву, — ветліва адказаў на пытанне Бяскоўскі. Пранціш ажно трохі ачуняў.
— Як гэта? Калі? Чаму?
— А што, пан нічога не памятае?
Вырвіч з цяжкасцю прысеў. Галава была, як цэбар з пяском, так і цягнула зноў прылегчы.
— Вы мне, вашамосць пан Бяркоўскі, мякіну не церушыце... Не мог Лёднік з’ехаць, не развітаўшыся!
— Ну чаму — не развітаўшыся? — здзекаваўся паскудны Альфонс. — Яшчэ як развітаўся! Няўжо і гэтага не памятаеце? А мне мой бацька распавядаў, што ў Рэчы Паспалітай добра піць умеюць...
— Я не піў! — абурана заявіў Пранціш. Бяскоўскі ўдавана скрушна ўздыхнуў.
— Я заўсёды казаў, што такайскае, закупленае ў дэ Фруа, пасля пэўнай колькасці адбівае памяць. Дык вось, шаноўны пан Вырвіч, учора вы ўварваліся ў дом ягамосці барона, проста ў лабараторыю ў сутарэннях, дзе мы абмяркоўвалі вынікі чарговай аперацыі. Пачалі шумець і патрабаваць, каб месье Лёднік зараз жа адпраўляўся з вамі на радзіму, ваяваць... Прабачце, не памятаю, з кім і за што. Месье Лёднік узлаваўся... Барон, каб спыніць спрэчку, запрасіў усіх за стол, дзе вы і паказалі, як павінен частавацца сапраўдны шляхціц. Вы так абражалі свайго сябра, што ён заявіў — зараз жа адпраўляецца разам з месье Перэсам на карабель, які адплывае раніцай на востраў Ява. А паколькі месье Барталам’ю чалавек гарачы, і такайскага таксама выпіў, дык мы вас ледзь расцягнулі. Вы доктару шабляй твар падрапалі, ён вас кулаком па вуху прыклаў...
Читать дальше