Жылібер стукнуў даланёй па дубовай стальніцы, нібыта спадзяваўся высекчы адтуль, як жарынкі крэсівам з крэменю, залатыя манеты.
— Калі што — застанецца мне торбу цераз плячо ды ў якасці вандроўнага цырульніка ісці зубы ірваць па вёсках, па сантыме за паслугу. А тут такая падстава паноў выкрыць... Тое, што зараз скажу, я гаварыць староннім не павінен, — Жылібер востра зірнуў на суразмоўцу, і Пранціш урачыста пакланіўся, пацвярджаючы — шляхціц таямніцу не выдае.
— У Ліёне дзве масонскія ложы. Адна, дзе больш арыстакратаў, з панамі-прагрэсістамі сварыцца не хоча. У другой, нашай, якая называецца «Дасканалая гармонія», ёсць тыя, хто дужа не любіць Бяскоўскага, а дэ Варда ненавідзяць яшчэ за ягоныя парыжскія справы.
— А што ён вытварыў? — зацікавіўся Пранціш, якому дэ Вард нагадваў нейкае агіднае марское стварэнне, халоднае, вялізнае і бязлітаснае — слізгае каля цябе ў цёмнай вадзе, і не ведаеш, ці адразу глыне, ці нагу адхопіць.
— У судзе нічога не давялі, але гаворка ішла пра выкраданне дачкі аднаго збяднелага двараніна, — Жылібер скрывіўся, як ад смуроду. — Гэтыя радавітыя вычварэнцы Калігулу ды Нэрона здзівілі б сваймі гнюснымі забавамі.
Пранціш трохі нахмурыўся ад чарговага рэспубліканскага выпаду французскага знаёмца — у спрэчках пра «выраджэнне арыстакратыі» ім ніколі не прыйсці да згоды. Жылібер уздыхнуў.
— Эх, калі б удалося даведацца, чым насамрэч займаюцца ў Таварыстве, ды шум падняць, прынамсі, шпіталь ім не аддадуць. Хто ж туды пойдзе лячыцца, ведаючы, што стане ахвярай бязбожных доследаў? Ды й, магчыма, удасца з горада шалбераў выжыць — з Парыжа дэ Вард і Бяскоўскі не па сваёй волі з’ехалі. І пан Лёднік, калі даведаецца праўду, адумаецца — чалавек ён прыстойны... Але само неба нам спрыяе!
Батанік горача перахрысціўся — Вырвіч успомніў, што той мусіў стаць па волі бацькі святаром, пакуль не падгледзеў цікавае ўскрыццё трупа.
— Я б нічога не намеліўся сам выведваць, а тут у дом дэ Варда ўзялі прыслугай небараку, які абавязаны мне жыццём. Ён пасля траўмы кепска гаворыць, але паны не ведаюць, што гэты лядашчы бядняк, якога ў горадзе ўважаюць за дурылу, умее чытаць і пісаць. Так што Агюст, падслухаўшы, што мяне хочуць знішчыць, сам прапанаваў дапамогу. Але ў судзе з яго сведка, як вы разумееце, ніякі.
Жылібер пацёр рукой лоб з раннімі зморшчынамі. Анатамічныя малюнкі, развешаныя па сценах кабінета ўперамежку з засушанымі раслінамі ў зашклёных рамачках, нагадвалі пра буцвенне, цвіленне, паміранне ды іншыя вартыя для роздуму добрых хрысціян рэчы.
— Калі б толькі месье Барталам’ю Лёднік не быў такім упартым... Адзін спадзеў — вы, месье Вырвіч, яго ўгаворыце, каб разведаў, чым там у сутарэннях займаюцца. Пакуль жа — не хоча і слухаць, што справа Таварыства — з гніллю, ды спасылаецца, што слова даваў, сам не стане лезці ў сакрэты калег.
— Калі слова даў — памрэ, не парушыць. Мяне вунь ні разочку з сабой на іх доследы не ўзяў — забаронена, маўляў, старонніх прыводзіць, — задумліва прамовіў Пранціш, а ў душы паступова разгаралася знаёмая жарынка, і вось ужо нішто сабе вогнішча так і паліць прагай новых прыгодаў.
— Я сам усё разведаю! — рашуча заявіў Вырвіч. — Мне не ўпершыню. Уга, у якіх жорнах давялося пабываць! Замкі любыя адчыняю звычайнай шпількай — Лёднік сам вучыў, калі мы пані Саламею ў Слуцкім замку вызвалялі. Зброя мая не хібіць!
Пранціш, як маланка бліснула, выхапіў верную шаблю, якую зваў па імені радавога герба Гіпацэнтаўрам, выпісаў у паветры хітры вензель — ажно засвістала.
— Падумаеш, нейкія падазроныя лекары... Ваш слуга ўпусціць мяне, каб я ў сутарэнні зазірнуў?
Жылібер сярдзіта пераклаў з месца на месца выпускі Венскага медычнага штогодніка, быцам шукаў на іх старонках парады.
— Не, не варта так рызыкаваць... Вы, месье Вырвіч, асоба вядомая — асабліва пасля двубою з пляменнікам біскупа, вас могуць пазнаць. А ў доме — цэлы маленькі гарнізон. Лепей усё-ткі пан Лёднік, як сябра Таварыства...
— Не! — заматаў галавой Пранціш. — Дэ Вард — не дурань, ведае, прызнайся Лёдніку ў нечым злачынным — той ганарыста сыдзе. А паколькі сыходзіць не хоча, учора вунь, пані Саламея распавядала, сядзеў усю ноч ды маляваў схему мозга, дык усе будуць гуляцца ў свае гульні. Бутрым — «не ведаю ні пра што кепскае», натура як у таго тура, прагрэсісты — «а ў нас і няма нічога кепскага». Лёднік на тым тыдні збіраецца ў Манпелье, на іхняе зборышча. Повен дом чужога народу наб’ецца. Лёкаі, фурманы, герольды, гардыяны... Калі зловяць — скажу, Бутрыма шукаў па тэрміновай справе.
Читать дальше