— Вось, выкупіў быў у расейскага афіцэра, калі твае сляды шукаў.
Пранціш недаверліва пацягнуўся да яе: Гіпацэнтаўр!
Знаёмае дзяржальна само лягло ў руку.
— Бутрым!
Вырвіч кінуўся да свайго былога слугі і настаўніка.
— Асцярожна, задушыш... А мне яшчэ сёння да цяжкахворага ісці.
Пранціш не ўтрымаўся — выхапіў з похваў лязо, выпісаў у паветры
некалькі маланак... Пакуль у шляхціца ёсць у руках шабля, ворагі не перамаглі!Лёднік назіраў за панам суддзёю з паблажлівай усмешкай, як за дзіцем. Вырвіч схаваў шаблю і павярнуўся да старэйшага сябра.
— Дарэчы, пра хваробы... Як там прайдзісвет Замойскі, скарыстаў твае даследаванні?
Бутрым адкінуў тонкімі доўгімі пальцамі чорна-сівыя валасы — аж не верылася, што такія далікатныя рукі, рукі лекара і вучонага, маглі арудаваць цяжэнным мячом.
— Скарыстаў... Але, як кажуць, не ў каня аказаўся корм. Не цярпелася пану Замойскаму з’есці свой кавалак славы. Не расчытаў усё, як трэба, паблытаў кавалкі рукапісу. Не ўлічыў, што ўсё настолькі новае ўспрымаецца шаноўнымі нашымі медыцынскімі калегамі звычайна ў рожкі. Пакуль штось ім давядзеш... Памятаеш мой даклад у Віленскай акадэміі? Вось і Замойскага пасля ягонага артыкула абвесцілі вар’ятам, шалберам, невукам і гэтак далей. Мне ж да падобнага не прывыкаць — я ў медыцыне ваяр. Тут трэба быць гатовым да ахвяраў ды мець важкія аргументы для абароны. А менскаму лекару пасля таго, як столькі гадоў клёцкай у алеі плаваў, свет абрынуўся. Павініўся перад навуковай грамадою, што паспяшаўся з вынікамі, шлем, як паганскае вынаходніцтва, здаецца, са злосці ўвогуле знішчыў. Ды яшчэ здуру на мяне саслаўся: маўляў, авантурыст доктар Лёднік з тропу збіў. Так што і тут я нічога не страціў: парадкую ўсё, што зразумеў дзякуючы шлему Альбукасіса, у трактат. Пасля маёй смерці, магчыма, сын апублікуе. А пакуль людзей з дапамогай новых ведаў ратую.
— Пан Вырвіч! — у пакой забегла прыгожая кабета ў каптуры, расцалавала госця. — З гэтымі прафесарамі ніякага зладу няма! Як закруцяць сваю катрынку, дык трэба лекцыю цалкам адгаварыць! Пойдземце, Пранціш, там балею вады нагрэлі. Цяпер ваша справа простая — памыцца, пагаліцца, пераапрануцца, пад’есці, выспацца... Каб пані Дамініка не спалохалася!
— Дзядзька не страшны! — раптам упэўнена заявіла Сафійка, скептычна вывучаючы цёмнымі вачанятамі госця. — Яго толькі пакарміць трэба!
Навучылася паненка «р» выгаворваць...
І хутка Пранціш паглынаў смачнюткія шалтаносы, нарыхтаваныя самой гаспадыняй, а сам у думках быў ужо ў Капанічах.
— Дзень добры, пан бацька! Дзень добры, пан Вырвіч!
Аляксандр Лёднік, шляхціц юны, але выхаваны дасканала, адвесіў паклон па ўсіх правілах.
— А адкуль у шаноўнага пана Аляксандра гэтая сіняя пляма пад вокам? — сурова папытаўся доктар Лёднік. Алесь насупіўся, памацаў сіняк, які пераліваўся чырвона-сінім.
— Гэта быў сумленны двубой, пан бацька!
— З-за чаго, за прыўкраснай дамы? — весела папытаўся Пранціш Вырвіч.
Алесь Лёднік вельмі знаёма задраў чарнавалосую галаву.
— Алёхна Параеў, пісарчук, смяяўся, што я гавару на той мове, як мы дома гаворым. А я яму — на ёй Статуты нашыя напісаныя! А ён... Шкада, я шаблі з сабой не меў!
— Ясна, сын. Сядай за стол. Наступны раз паспрабуй абысціся словамі. Лязо ды кулак — апошні довад і не самы лепшы.
Але зразумела было, што і без гэтых довадаў на сваёй зямлі ліцвінам не абысціся, калі нават у абароненай морам ды скаламі Ітацы цару Адысею нельга было схавацца ад вайны. А што ўжо казаць пра скрыжаванне еўрапейскіх дарог... Як сачынялася там, у палоне, Вырвічу: «Гадзюкамі сплятаюцца вятры, і неба, як апошні сцяг, ірвецца. На скрыжаванні жыць — не да пары, ды Бог адвёў нам толькі гэта месца. Як мітуслівы блазан, час прабег, бразготкай аглушыўшы нат спачылых. На скрыжаванні — патаптаны снег, і бель твае не захаваюць крылы. Радкі паэтаў не ўтаймуюць вір, не сшыюць разарваную эпоху. Як музыка нябёсная ў клавір не змесціцца... Але па волі Бога жывем на гэтым скрыжаванні мы, трыпутнік не баіцца каляіны. Стаптаны снег апошняе зімы вясновыя стварае ручаіны».
— Ну што ж, заўтра адправім цябе да сям’і... — задумна прагаварыў Лёднік Пранцішу Вырвічу пасля вячэры. Дзень паціху спускаўся па цёмных сходах са свае званіцы. Тахкаў гадзіннік на сцяне, ягоны бледны масянжовы твар быў абыякавы да ўсіх мітрэнгаў.
— А ведаеш, добра ўсё-ткі, што тады, па дарозе на Валожын, у цябе, пан Вырвіч, знайшоўся шэлег, каб купіць мяне ў пана Агалінскага. Каб не той шэлег — па іншаму лёсы б нашыя склаліся.
Читать дальше