— Калі трэба знак, дык ён жа і быў нам сёння пададзены! Хто перамог у Божым судзе злачыннага суддзю, і мусіць заняць ягонае месца!
Як ні дзіўна, ідэя спадабалася — па прынцыпе «ні нашым, ні вашым». Лёднік не належаў ні да якай партыі, нічые інтарэсы не прадстаўляў, сам — фігура не важкая, таму кожны спадзяваўся, што падчас вырашэння справы перацягне яго на свой бок. Можа, такія складаныя матэрыі і не ўтвараліся ў кожнай шляхецкай галаве, галоўнае — усе разумелі, што можна зараз жа пасадзіць кагось нейтральнага на месца Ватмана, аб якім, здаецца, ніхто не шкадаваў.
— Вельмі слушная кандыдатура! — заявіў, падумаўшы, падстароста. — Пазбавіў нас ад такога злыдня, які наша слаўнае места ганьбіў, займаючы пасаду суддзі!
Та-ак, моцна чымсьці прыпёк ягамосць Ваньковіча граф Пянткоўскі.
Да Лёдніка нарэшце дайшло, што за бліскучыя перспектывы яго чакаюць — ажно перасмыкнула небараку. Ён, не выпускаючы з абдоймаў жонку, павярнуўся з ганка ратушы да паспалітай публікі.
— Вельмішаноўнае панства, шчыра дзякую за той гонар, які вы мне выказваеце! Але я ж яго няварты. Я ніколі не забываюся, што па паходжанні звычайны полацкі зямянін, хоць і атрымаў ад яснавяльможнага князя Міхала Казіміра Радзівіла, колішняга нашага вялікага гетмана, набілітацыю. Я — доктар, лекар, шаноўнае панства, я не магу быць урадаўцам. Маё пакліканне і доўг — лячыць паспаліты люд, па волі Божай і з дапамогай святога Панцеляймона. Але я магу прапанаваць вам добрую кандыдатуру, якой перадаю сваё... сваё бласлаўленне Божым судом!
Лёднік абвёў вачыма натоўп і працягнуў руку ў бок Пранціша.
— Пан Прантасій Вырвіч, шляхціц самага старажытнага роду, спрактыкаваны ў бойках. І законы добра ведае, як вы самі ўпэўніліся. Сумленны, пачцівы, узрост адпаведны, жанаты, мае ўладанні ў павеце, у сваяцтве з высакароднымі асобамі...
Людцы заазіраліся, пачалі абмяраць вачыма драгуна, штось загулі, здаецца, ухвальнае... Пранціш ажно на крок назад адступіў, нібыта яго не на суддзю рэкамендуюць, а ў ахвяры паганскаму бажаству. Не выклікалі даверу гэткія раптоўныя выбары. Дый як быць з тым, што Пранціш Вырвіч — дысідэнт, праваслаўны, а дысідэнтам да нядаўняга часу забаранялася займаць дзяржаўныя пасады. Цяпер, праўда, Панятоўскі пайшоў на саступкі пад уплывам маскоўцаў, дый замкавы суд у горадзе з магістратам быў дастаткова незалежны...
— Вельмішаноўнае панства, дзякую за гонар, але ж...
Вырвіч спрабаваў агучыць свае сумнівы, але за ягоны плячук ухапілася тонкая, але моцная ручка, і над вухам пачуўся шэпт пані Дамінікі Вырвічавай:
— Згаджайся! Адмовішся — невядома каго выберуць, яшчэ вынікі Божага суда перагледзяць...
З другога боку зашаптаў Давыд Ляйбовіч, які пільнаваў усю бойку з доктарскай валізкай пад пахай:
— Не бойцеся, пан Пранціш, яны зараз і слуп верставы выбралі б!
Падбадзёрыў аптэкар, няма чаго сказаць... Пан Гараўскі зводдаль энергіч-
на заківаў галавою, таксама падтрымліваючы ідэю...
Пачуўшы адчувальны штуршок у бок ад разумнай жоначкі, Пранціш выпрастаў спіну і важна пакланіўся.
— Калі на тое будзе воля ягамосці пана падстаросты і паноў-братоў...
Воля на тое была.
І хутка Вырвіч, прызначаны панам падстаростай, што было падтрымана una voce, ужо сядзеў у крэсле Ватмана, а ўзрадаваныя шляхцюкі, зямяне, купцы, карчмары ды хто там меў судовую патрэбу, чакалі ў чарзе, каб вырашыць свае справы.
А бедны касцельны служка ў гэты час скрушна хадзіў па пляцы перад ратушай, трымаючы пад пахай увернуты ў рагожку абломак мяча князя Глеба.
— Ірады! Сапсулі рэліквію! Дзве святыя рэчы былі, а цяпер што, паўтары? Як так можна было абысціся з маёмасцю святога касцёла?
Небарака азірнуўся — усе занятыя сваімі справамі. Падышоў да самотнага цела, накрытага не вельмі чыстай прасціной, напружыўся, ажно жылы на худой шыі ўспухлі, і выцягнуў з раны абломак мяча. Абцёр аб траву. Абодва кавалкі рэліквіі акуратна ўкруціў у анучу, крактануў ды ўзваліў сабе на плячо разам з другім, ацалелым, мячом. Служка звык цягаць дровы, мяхі ды п’яных мніхаў, так што дзве паласы іржавага жалеззя не былі самай цяжкой ношкай у ягоным жыцці. Рушыў далей ад граху ў касцёл, лаючыся сабе пад нос на кашчуннікаў.
Нябожчык так і застаўся ляжаць на чужой брукаванцы, у лужыне ўласнай крыві, пакорліва чакаючы, калі пра яго ўспомняць.
Пранціш акідваў вачыма залу: як жа неспадзявана паварочваецца кола Фартуны! Здаецца, яшчэ нядаўна бегаў ён тут, недавучаны шкаляр, і хаваўся ад суддзі Юдыцкага... Адчайна біўся з аднакурснікамі, што дражнілі яго за беднасць... А цяпер Прантасій Вырвіч — менскі гродскі суддзя. Няхай прызначаны па неабходнасці, спехам і, магчыма, ненадоўга...
Читать дальше