Людцы жагналіся ды разыходзіліся. А Лёднік браўся за меч і ішоў на двор... На гэты раз у кавалку жалеза для прафесара засяродзіўся цэнтр навуковага досведу.
Калі пан Гараўскі стамляўся скрыжоўваць лязо з прафесарам, яго ненадоўга падмяняў Пранціш. Цвайхандэр пана Валентага быў меншы, чым зброя князя Глеба, паўпуда важыў, мабыць, але таксама ў даўжыню вышэй за Пранціша. Так што доўга ім махаць у Вырвіча не атрымлівалася, тым больш не ачуняў яшчэ ад кулі ў галаве.
Каму сказаць, што ў тваёй галаве пабывала куля — падумаюць, што ты брахун, як той Пане Каханку, які ўсім хваліцца, што пакахаўся з русалкай марскою, і тая нараджала ад яго селядцоў.
Далучылі да трэнінгу яшчэ дваіх шляхцюкоў, што паздаравей, а Бутрыму ўсё мала. Хоць меч ад стомы з рук выпадае, а ўвечары трэба цягліцы адмысловым бальзамам мазаць ад перанапругі. У перапынках яшчэ й лупіў па спецыяльна ўкапаным слупе, нешта выпрабоўваючы, прыслухоўваючыся да сябе і да зброі... Ці змушаў Алеся кідаць у сябе яшчэ зялёныя яблыкі, якія адбіваў мячом так, што ўвесь дворык быў усеяны іх разрэзанымі палавінкамі.
І так пакуль не сцямнее. Каб не настойлівая пані Дамініка, і паесці забываўся б. Так што Вырвіч выгаворваць пачаў: адпачні, а то падарвешся, меч падняць не зможаш.
Але заміж таго, каб улегчыся ў ложак, Бутрым нават пры святле лямпы разглядаў маёмасць князя Глеба. Выстукваў, абмацваў... Здаецца, нават нейкімі расчыннямі сваімі правяраў. Які забабонны чалавек мог падумаць — зачароўвае.
На чацвёрты дзень, напрактыкаваўшыся ля слупа, паклікаў Пранціша:
— Як думаеш, настаўнік фехтавання, у якой пазіцыі можна лягчэй у бойцы гэты меч зламаць?
Вырвіч падумаў, падказаў на свой розум, як не варта падстаўляць лязо пад удар. Разам па-ўсялякаму спрабавалі высветліць, дзе слабейшыя месцы мяча. Ватман жа лупіць будзе, як бык у вароты. Усё-ткі не адно стагоддзе артэфакту, вышчарблены, цьмяны...
Вядома, навастрылі агульнымі намаганнямі лязо, каб аркуш паперы магло разрэзаць...
Колькі казак Пранціш чуў пра тое, як зачараваны меч уторкваюць у зямлю, а з яго вырастае альбо дрэва, альбо кветка, альбо цэлы лес густы, у якім можа схавацца герой са сваёй любай ад пагоні.
Каб жа мячы князя Глеба, ці каму яны там належалі, маглі прарасці каранямі ў менскую плошчу, каб не даць праліцца крыві!
У прызначаны для Божага суда дзень Лёднік, узяўшы сына, адправіўся на ранішнюю службу ў Жоўтую царкву, збудаваную калісь на грошы пані маршалковай Аўдоцці Друцкай-Горскай. Царква была колісь прыпісаная разам з манастыром да Віленскага Свята-Духава сабора, што падпарадкоўваўся Канстанцінопальскаму патрыярху, і была адзіным праваслаўным храмам, які застаўся дзейнічаць у горадзе. Вырвіч з жонкай і цесцем таксама пайшлі.
У заняпалым, з разбітымі шыбамі, але з таўшчэзнымі сценамі храме было нешматлюдна — некалькі манахаў ды з дзясятак старых месцічаў. Гараўскі пудовую свечку паставіў перад абразом арханёла Міхаіла, нябёснага ваяра. Абраз быў стары, пацямнелы, візантыйскага пісьма, і меч арханёльскі блішчэў на ім нечакана зыркім мазком.
Бутрым маліўся на каленях, засяроджана... Паспавядаўся, прычасціўся... Пранціш з усіх сілаў адганяў думку, што доктар як да смерці рыхтуецца. І цвёрда ведаў: здарыцца што з Бутрымам — ягоная чарга выклікаць злыдня на двубой. Таму паспавядаўся, не забыўшы сярод грахоў згадаць гняўлівасць, ды прычасціўся. Шляхціц штохвілі павінен быць гатовы да смерці. А хрысціянін павінен прабачаць ворага... І як гэта сумясціць — адзін Гасподзь ведае, ды не ўсіх уразумляе...
Пакінулі на храм, колькі маглі, бо мніхі дайшлі ўжо да таго, што міласціну на вуліцах прасілі.
Божы суд прызначылі на пляцы ля Ратушы — а што ж, усе паглядзець хочуць, а там лепш за ўсё відаць! Карнавал, балаган, ці смяротнае пакаранне... Абы відовішча.
Збеглася ўсё места. Карабейнікі, што насілі шаўковыя хусткі ды лазурытавыя пацеркі па Верхнім Горадзе. Гандляркі селядцамі з Ніжняга Рынку. Бакалейшчыкі з Францысканскай, юрысты з магістрата, рамізнікі ў насунутых на вочы шапках-магерках... Гарбары, рымары, цырульнікі, злотнікі... Мніхі-дамініканцы, мніхі-бернардзінцы, мніхі-францысканцы, мніхі-бенедыктынцы, базыльяне ды езуіты да кучы... Зямяне, мешчукі, жабракі... Жыхары Татарскага канца ды габрэі з Няміжскай... Шляхцюкі багатыя і не вельмі, з дыяментавымі гузамі на шапках і бутэлькамі ў руцэ... Да абурэння ксяндза Аблачынскага, які неаднойчы казані казаў на гэты конт, высакародныя гледачы як адзін паспелі падагрэць ужо сябе, хто гарэліцай, хто півам. Той-сёй дык проста на пляцы з біклагі пацягваў, каб не сумна чакалася. Сярод натоўпу шнырылі падазроныя ўвішныя персоны, ці кашалькі зразалі, ці прымалі стаўкі на таго, хто пераможа. Вялізны руды сабака, падобны да Піфагора, якога калісьці забілі найміты Ватмана ў віленскім доме Лёднікаў, пазяхаў, зусім як пабуджаны вартаўнік ля брамы на могілкі. Дзень чакаўся спякотны.
Читать дальше