Вырвіч быў больш-менш спакойны: урэшце, Лёднік ужо тройчы выходзіў на двубой з Ватманам, і тройчы перамагаў, хоць той дужэйшы за любога асілка, спрытны і хітры.
Але Ватман, відаць, таксама выдатна памятаў тыя двубоі, і асаблівыя здольнасці ненавіснага доктара. Той мог нават не датыкаючыся пашкодзіць тканкі — доўга вучыўся такому ўдару ў аднаго кітайца. Вядома, гады прайшлі, Лёднік ужо немалады — але па ранейшаму ўмее рухацца імкліва і скакаць так, што супернік не ўсочыць, не дарэмна мучыў сябе штодзённым трэнінгам, спавядаючы, што sane corpus sanitatis.
Але на любое ўменне ворага дасведчаны дуэлянт знойдзе штось, каб не даць ім скарыстацца. Ватман прыгладзіў белыя вусы, узняўся — гэткі менскі Галіяф — і важка прамовіў:
— Добра, пане-брацці, ушануйма старыя сармацкія звычаі! Божы суд — справа адказная, трэба рэспектуючы да яе падыходзіць, без усялякіх навамодных штукарстваў. Найлепш рассудзіць нас асвечаная часам зброя — мячы князя Глеба!
Ой-ёй... Пранціш чуў пра старажытную рэліквію, якая захоўвалася ў касцёле Дзевы Марыі. А аднойчы яны з аднакурснікам па іезуіцкім калегіуме яе і пабачылі. Патрапілі ў скляпенне, калі пробашч даручыў шкалярам нейкія транты туды сцягнуць. Проста на каменнай пліце — два здаравучыя мячыдвуручнікі, цьмяныя, без усялякіх упрыгожванняў. Напэўна, Пранціш меншы ростам, чым такі меч. Калі ім біцца, асабліва не паскачаш...
Наўрад мячы належалі легендарнаму князю Глебу. Проста знайшлі старую зброю на месцы зруйнаванага храма пасля таго, як Менск у чарговы раз чарговыя ворагі ператварылі ў папялішча. На дзяржальнах выбітыя крыжы, лёзы затупіліся ад сутыкнення з варожым жалезам... Людзям падабаецца захоўваць рэліквіі ды прыдумляць пра іх легенды. Вось і ляжалі двуручнікі ганарова ў скляпенні храма. Хоць, каб прыпісалі іх не праваслаўнаму Глебу, а якому каталіцкаму ўладару, браты-езуіты знайшлі б яшчэ больш ганаровае ды відочнае месца.
Але ж, святы Прантасій, памажы — такім мечам не кожны й перахрысціцца! Ватман ведаў, у чым пераўзыходзіць Лёдніка — у грубай фізічнай сіле, а даўжыня мяча не дасць таму наблізіцца.
Двубой прызначылі, дзякуй Госпаду, праз чатыры дні, калі скончыцца пост. Будзе хоць колькі часу падрыхтавацца. А мячы прытарабанілі праз колькі хвіляў — касцёл жа на адной плошчы з ратушай. Прынеслі ўрачыста на насілках, як нябожчыкаў, у суправаджэнні айца Аблачынскага.
Ватман няспешна сышоў з судзейскага месца, пацягнуўся за мячом, які выглядаў меней вышчарбленым, узняў адной рукою, як трэсачку, махнуў са свістам — захоплены шэпт прайшоў па зале. Лёднік з каменнай фізіяноміяй узяўся за другі меч...
Ясна, што нават самыя вялізныя двуручнікі не маглі важыць некалькі пудоў — імі ж належала фехтаваць, а не цягаць, як мяхі з мукою. Але гэтыя старажытныя мячы, няўклюдныя, без прыкідкі на фехтавальныя тонкасці важылі ўсё ж не менш за пуд... Вырвіч, былы настаўнік фехтавання, механічна адзначыў: падобныя па форме да эспадона — швейцарскай рыцарскай зброі. Гарда без кольцаў, цэнтр цяжару ляза не каля гарды, а пасярэдзіне, але баланс, хутчэй за ўсё, кепскі... І занадта цяжкія. Урэшце, у трактатах па зброі напісана, што для валодання двуручнікамі адбіраліся воі асабліва высокія і дужыя, «joueurs d’epee a deux mains»: яны суправаджалі свайго сіньёра, і калі той падаў з каня, узмахамі вялізных мячоў адганялі ворага.
Не, Вырвіч нізавошта не выбраў бы сабе такую пачварную, няўклюдную зброю — з удвая лягчэйшай можна нарабіць куды большай шкоды. Але Ватман ведаў, што робіць. Пранціш з адчаем глядзеў, як Лёднік трымае дзвюма рукамі меч, сціснуўшы зубы, і спрабуе замахнуцца ім са сваёй звычайнай спрытнасцю... Але відочна, што гэта яму не ўдаецца. А Ватман, дэманстратыўна лёгка памахваючы сваёй зброяй, пазірае на доктара са злавеснай насмешкай, атрутнай, бы адвар балотнай расліны багуну. І Саламея Лёднік глядзіць адчайнымі сінімі вачыма на каханага і шэпча: «Прабач...»
РАЗДЗЕЛ ТРЫНАЦЦАТЫ
Доктар Лёднік, меч князя Глеба і Божы суд
Самым лепшым мячом кітайцы лічаць той, што выплаўлены з сэрца і нырак зайца, які харчуецца металам у гарах Куньлунь.
Не хацеў бы Пранціш Вырвіч спаткацца з тым зайцам, Паядальнікам Металу.
Прынамсі, меч князя Глеба быў выкаваны з самага звычайнага жалеза, здабытага дзесь непадалёк, і тутэйшым кавалём. Яшчэ ў тыя часы, калі каваль лічыўся жрацом бога агню Жыжаля, практычна ведзьмаком, які можа загадваць цмоку і злавіць за язык Бабу-Югу.
Былы прафесар Віленскай акадэміі Баўтрамей Лёднік глядзеў на сваю новую зброю, як пражскі раві Бен Бецалель на Галема, што ніяк не хоча ажываць. Ён паспрабаваў ужо вытварыць з мячом князя Глеба свае звыклыя практыкаванні, вынік адлюстроўваўся на ягоным твары. Князь Глеб ціха змагаўся з ікоткай пад тоўстым слоем менскага замчышча.
Читать дальше