Пранціш сам узяўся за двуручнік... І хутка з раздражненнем кінуў на падлогу двухметровую жалезную паласу: рукі нылі, у галаве быццам узрываліся нясвіжскія феерверкі.
— Ды што за нязграбная калаціна! Думаю, ім і не ваявалі толкам — а выкарыстоўвалі для якіх-небудзь цырыманіялаў, альбо людзей адным выглядам адпалохвалі. Баланс пасярэдзіне ляза сустракаў — але тут у ім сэнсу няма!
Лёднік, сціснуўшы зубы, зноў падняў цяжэнны меч, крутануў ім у паветры — выглядала сапраўды застрашліва. У пакоі, хоць пустым, малавата месца было для такіх замахаў.
— Што ж, за чатыры дні дужэйшым за Ватмана я стаць не змагу, але хаця б нейкія прыёмы прыдумаю, зразумею, як найлепей з гэтай штуковінай упраўляцца... — мармытаў доктар, кусаючы тонкія вусны.
Уздыхнуў, уклаў спадчыну князя Глеба на лаўку, як п’янога сябрука — не кінуў на падлогу, сапраўдны ваяр заўсёды паважае сваю зброю.
— Ведаеш, мне гэты меч нагадвае адну кнігу... Калі я вучыўся ў Празе, у Карлавым універсітэце, амаль не выходзіў з тамтэйшай бібліятэкі — Клеменціюма. Дык вось, там захоўваецца «Кодэкс гігас», альбо «Біблія д’ябла». Цяжэнная таміна, надрукаваная на аслінай скуры, у вокладцы з дрэва. Пяць пудоў вагі! Я так марыў яе вывучыць... А нас, студыёзусаў, не дапускалі. Бо там шмат малюнкаў чарцей ды іншай нячыстай сілы. І, ведаеш, я тую Біблію аднойчы скраў. Ненадоўга. Завалок ноччу на гарышча канвенту — сам не разумею, як. Ледзь не падарваўся... Праз тыдзень на месца падкінуў. Вядома, погаласка пайшла, што сам Люцыпар падазроны том чытаў, дык кнігу ланцугамі прыкавалі.
Та-ак, Лёднік і ў юнацтве дзеля навукі кніжнай мог пяць пудоў панесці і таго не заўважыць.
— Для трэнінгу напарнік трэба, — задумліва прагаварыў Пранціш. — Паспрабую знайсці двуручнік...
— Табе яшчэ нельга моцна напружвацца! — устрывожыўся Бутрым. — Сам жа казаў, галава часам баліць.
— Ну, а ў мяне галава баліць толькі хіба ад гарэлкі! — у пакой уваходзіў пан Валенты Гараўскі, як заўсёды, вясёлы ды дабрадушны. — І двуручнік у мяне ёсць, цвайхандэр... Яшчэ з тых часоў, калі я служыў у войску ягамосці вялікага гетмана літоўскага Міхала Сервацы Вішнявецкага. Заўтра раніцай прывязуць з Капанічаў, так што ўспомню маладосць...
Вырвіч здзіўлена глядзеў на цесця. Пан Гараўскі ў яго аніяк не вязаўся з вайсковай славай ды фехтавальным майстэрствам. Пан Валенты ўсміхнуўся ў абвіслыя вусы.
— А што ж вы думалі, князёўна Багінская звязалася б з недарэкам, які не ўмее зброю трымаць ды на двубоях за сваю даму біцца? Я ў ягамосці Вішнявецкага гвардыяй камандаваў...
Пан Гараўскі ўздыхнуў, відаць, успомніўшы каханне ўсяго свайго жыцця, пані Антаніну, маці Дамінікі, і вельмі сур’ёзна зірнуў на Лёдніка.
— Хачу папрасіць прабачэння ў васпана. Там, на судзе, можна было лёгка прыціснуць паскудніка Ватмана. Я мог заявіць пра выкраданне ім сваёй дачкі. І... дзякую, пан Лёднік, што вы самі пра тое не згадалі, хаця магло б дапамагчы вам выратаваць жонку.
Лёднік паціснуў плячыма з неразуменнем.
— Мне і ў галаву такое не прыйшло, вашамосць. Паведамляць публічна, што перажыла панна Дамініка... Каб ёй давялося яшчэ ў суд ісці, сведчыць, на сваё добрае імя цень кідаць? Я б ніколі так не зрабіў, і Саламея таксама.
Гараўскі з палёгкай выдыхнуў, прыгладзіў вусы.
— Але ў любым разе двубой пана — і мая асабістая справа. Вашамосць не толькі за волю жонкі, але й за гонар маёй дачушкі адпомсціць. Таму вось што... Зараз ужо позна... Памаліцеся ды кладзіцеся спаць, пан Лёднік. Добра адпачніце, каб вярнуліся сілы. А заўтра з раніцы перабірайцеся да мяне разам з гэтым мячом. У нашым доме зручны дворык.
Дворык у доме, які зняў Гараўскі непадалёк ад Ніжняга рынку і дзе пасяліліся і Пранціш з Дамінікай, сапраўды быў вельмі зручны, абсаджаны з усіх бакоў яблынямі, з высокім плотам. Роўны лужок пасярэдзіне якраз для фехтавання.
Пан Гараўскі, вядома, быў не такі спрытны, як Лёднік ды Пранціш, але цяжкі меч трымаў цвёрда, круціў яго, як саломінку, хоць і крахтаў пра свае гады і страчаную моц. Прынамсі, ён мог прыняць на сваю зброю ўдар пудовага мяча, не прысеўшы ды не паваліўшыся, што Вырвічу, да яго сораму, не заўсёды ўдавалася.
А Лёднік сябе не шкадаваў. Прачынаўся засветла, шчыра маліўся, і давай за трэнінг... Адразу ганяў сябе без зброі, усялякую гімнастыку выконваючы — тое-сёе пераняў яшчэ ў Вільні, у знаёмага дзядка-кітайца Чунь Лі. Скакаў на сцены, круціўся ды выкручваўся, аж пакуль пот па спіне не пацячэ. Кашулю скіне, валасы ў хвост звяжа — і далей, як апантаны, аж прыслуга праз шчыліны ў дзвярах падглядае за шалёным панам. А пан той, хоць і доктар, кажуць, а схвастаны, як апошні разбойнік... Увесь у шнарах. Лепей з такім не звязвацца.
Читать дальше