- Тут скончыліся ўсе... Я зараз прынясу. Юрась выскачыў з намёта, набраў у вядры чырвоных, з белым крэйдавым налётам, яшчэ цёплых, ракаў і вярнуўся да Уладзі і Гэлі. Яны прыселі на калені, падсунуліся бліжэй, і затрашчалі панцыры.
Вечарэла. Жыццё ў лесе заціхала. Затое ажывала на возеры. Адтуль раз-пораз даносіўся плёскат буйной рыбіны. Відаць, паляваў у прыбярэжным чароце шчупак.
- Мне пара да сваіх,— сказала Гэля і падцягнула да сябе апратку. Зрэшты, якая там апратка... Яна ж прыплыла з хлопцамі ў тым, у чым была,— продкі хвалявацца будуць...
Выйшлі з намёта, Гэля салодка пацягнулася, як пасля сну, і развіталася:
- Ну, хлапчукі, гуд бай! — адышлася колькі крокаў, павярнулася і спытала: — А можна, я яшчэ да вас прыйду, ага?
- А мо застанешся? — з надзеяй спытаў Уладзя.
- Не, татуля з матуляй зачакаліся.
- А як жа ты дарогу знойдзеш? Мо падвезці?
- Не трэба, я добра плаваю, а там — берагам. Тут жа зусім блізка.
- Я падвязу,— памкнуўся Уладзя, але Юрась перахапіў яго за руку: сядзі.
- Ты што, з глузду з'ехаў: такая феміна...— прашаптаў Уладзя.
- Знойдзем, калі патрэба будзе, а то й сама прыйдзе... Май гонар, мужык...
- Не па-джэнтльменску...— толькі й сказаў Уладзя, аднак паслухаўся, прысеў побач з Юрасём.
Праз адхінуты полаг намёта было відаць, як падышла Гэля да краю мыска і пачала спускацца ўніз, асцярожна пасоўваючы ногі па напечаным за дзень пяску. Вось схавалася яна па плечы, вось знікла: пэўна, паплыла.
Уладзя разлёгся ў намёце, паклаў рукі пад галаву і, заплюшчыўшы вочы, прамармытаў як сыты кот:
- Ну й баба... Вышэйшы клас... Усё свядомае жыццё марыў пра такую. А ты казаў з галадухі памрэм. Ды я гатоў хоць сто дзён гэтак галадаць.
- Ты б апрануўся, палавы гігант, ці хоць трохі мошчы свае прыкрыў, а то рэбры зараз павылазяць,— сказаў Юрась і заціх. Трэба было неяк расказаць пра ўбачанае. Сябар ягоны, бачна, застыў у замілаваным успаміне, купаўся ў ім і вынырваць не жадаў. Не хацелася Юрасю чапаць яго, ды інакш і самому не супакоіцца.
- Уладзя,— пачаў ён зноў,— ты нічога незвычайнага не прыкмеціў, калі быў з Гэляю?
- Прыкмеціў... Баба — вышэйшы клас. На нашым курсе ды што на курсе — ва ўсім інстытуце другой такой не знойдзеш... А лоўка ты яе акуштаў, га? Кось-кось, ды ў аглоблі... Ма-ла-дзе-ец!
- Уладзя...— Юрась не ведаў, як падступіцца да паведамлення. Так бывае, калі стаіш перад зачыненымі дзвярыма і не адважваешся ўвайсці, бо не ведаеш, як пачаць гаворку. Найлепшае выйсце ў такіх выпадках — адчыніць дзверы і ўвайсці. Словы потым знойдуцца. Юрась так і зрабіў:
- Уладзя, а ты не заўважыў, што ў Гэлі на нагах па шэсць пальцаў, а між імі — перапонкі?..
Уладзя ляжаў, задраўшы галаву, заплюшчыўшы вочы, і аніяк не адрэагаваў на словы Юрася. Відаць, палічыў за жарт. А потым хмыкнуў:
- Ты яшчэ скажы, што у яе шэсць грудзей было, як у свінні.
— Я сур'ёзна...— і Юрась расказаў пра бачанае. Уладзя падхапіўся. Ен добра ведаў Юрася і разумеў, што хлусіць ці жартаваць той не будзе. Да таго ж, распавядаючы, Юрась гэтак расхваляваўся, што ніяк нельга было не паверыць яму.
— Во прыгода, дык прыгода...— прагаварыў Уладзя і спытаў: — Ну й што рабіць будзем? Што гэта такое было? Адкуль? Навошта?..
- Што ты раскідаўся пытаннямі. Я й сам не больш за цябе цяперака ведаю... Давай разам думаць.
- М-м-м...— прастагнаў Уладзя.
- Я думаю,— сказаў Юрась няспешна, ледзь не па складах вымаўляючы словы,— што гэта ў яе, у іх не простае ўродства нейкае, якое дачцэ ад маці перадалося, маці — ад бабулі... Так не бывае... Дый вельмі незвычайнае яно нейкае, не людское...— дадаў Юрась і асекся на апошнім слове.
Але Уладзя думаў больш прыземлена, рацыянальна.
- Паслухай, Юрась,— прапанаваў ён,— давай не будзем гадаць, а лепш сплаваем зараз жа да іхняга намёта. Ен жа недалёка. А раптам што-небудзь разведаем...
Прапанова была слушная. I хлопцы, зашморгнуўшы намёт, выправіліся да чоўна.
Ноч выдалася цёмнаю. Хоць над возерам было крыху святлей, усё роўна арыентавацца было цяжка, і хлопцы паплылі ўздоўж берага, абапіраючыся вёсламі аб дно, каб не плёскаць. Здалёк заўважылі яны кволы агеньчык, што дрыжэў ля Гэлінага намёта і жоўтымі плямамі выхопліваў з цемры бліжэйшыя дрэвы і машы-ну. Не даплываючы да яго метраў сто, хлопцы сышлі на бераг. Выцягнулі човен пад лазовы куст, каб не сплыў, і пачалі павольна падкрадацца да намёта. У ім, бачна было, гарэла яркае святло — і нехта гаварыў. Калі да хлопцаў данесліся першыя выразныя словы, яны спыніліся, прыслухаліся:
Читать дальше